«Прагаласавала за шчасце ўнука-першакласніка»

У апошні дзень датэрміновага галасавання на выбарчых участках стала яўна мнагалюдна. Яно і зразумела: па суботах у нас значна больш вольнага часу, вось і хочацца правесці яго насычана і з карысцю. На адным з гарадскіх участкаў міжвольна звярнулі ўвагу на гэтую пару. Вось жанчына атрымлівае бюлетэнь, накіроўваецца ў кабіну для тайнага галасавання, а потым, ужо запоўнены бюлетэнь аддае ўнуку, каб той уласнаручна закінуў у урну “бабульчын голас”.

Знаёмімся з героямі нашага міні-сюжэта. Ганна Фаміна сёння пражывае ў г. Беразіно, зараз на заслужаным адпачынку. Нарадзілася ў в. Ляжына і зараз часта прыязджае на сваю малую радзіму на дачны ўчастак. Ганна Васільеўна не без гонару зазначае, што яна – аднагодак дзеючага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У свой час заканчвала Магілёўскі педуніверсітэт, доўга настаўнічала.

— Мяне вельмі радуюць тыя перамены, што адбываюцца ў нашай краіне. Паглядзець толькі, як пераўтварыліся і папрыгажэлі Мінск, Гомель, Магілёў, нашы вёскі. Радуе і тое, што зямелька наша засеяна збажыной, ураджай своечасова ўбіраецца. Нават і надвор’е таму садзейнічае. Радуе, што ў міры і дабры падрастае мой унук Глеб, які сёлета пойдзе ў першы клас. Вось за тое, каб і надалей, для будучых пакаленняў, жыла наша краіна ў міры, згодзе і шчасці і аддала свой голас.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *