Прэзідэнт абмеркаваў з Саўмінам вынікі развіцця краіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2019 год і ацэнцы вынікаў пяцігодкі.

«Бягучы год — апошні ў пяцігодцы. Таму, акрамя справаздач, хацелася б атрымаць ацэнку таго, з якімі вынікамі мы завяршаем гэту пяцігодку. Мной былі ўважліва вывучаны прадстаўленыя матэрыялы і даклады. Аўтараў мы сёння паслухаем. Праўда, хваліцца асабліва няма чым», — падвёў папярэднія вынікі кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, з аднаго боку, забяспечаны рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва, у тым ліку заработнай платы, пенсій, на 6 працэнтаў, дасягнуты нізкі ўзровень інфляцыі ў цэлым па краіне — 4,7 працэнта. У няпростых умовах на трэць удалося нарасціць золатавалютныя рэзервы і нават крыху знізіць валавы знешні доўг. З другога — не дасягнуты чатыры з сямі важнейшых паказчыкаў, па якіх ацэньваецца эфектыўнасць дзейнасці ўрада і Нацыянальнага банка. Размова ідзе аб нарошчванні экспарту, прытоку замежных інвестыцый, росце прадукцыйнасці працы і павелічэнні валавога ўнутранага прадукту.

Як далажыў на нарадзе прэм’ер-міністр Сяргей Румас, у 2019 годзе ўраду ўдалося захаваць важнейшыя макраэканамічныя прапорцыі і забяспечыць збалансаванае развіццё. Ён упамянуў, што пры назначэнні новага складу ўрада Прэзідэнтам у якасці асноўнай ставілася задача забяспечыць рост даходаў грамадзян. «Вынікам стаў устойлівы рост дабрабыту насельніцтва. Заработная плата па краіне, пачынаючы з сакавіка мінулага года, устойліва знаходзіцца над адзнакай тысяча рублёў. Яе памер на канец года склаў Br1240, — сказаў ён. — У бюджэтным сектары, як і абяцалі, выйшлі на суадносіны 80 працэнтаў пры сярэдняй зарплаце Br993. Выконваецца задача па павелічэнні зарплат педагагічным работнікам і ўрачам. Пенсіі павялічыліся на 20 працэнтаў, а з улікам інфляцыі — на 13,4 працэнта. Гэта самы высокі тэмп за апошнія 5 гадоў».

Сяргей Румас лічыць, што бюджэт па выніках 2019 выкананы лепш, чым планавалі. «Гэта дало магчымасць не толькі забяспечыць вырашэнне спектра ключавых задач сацыяльнага блока, але і накіраваць пэўны аб’ём сродкаў у рэзерв на фарміраванне так званай «падушкі бяспекі». Палепшана большасць паказчыкаў бяспекі ў эканамічнай і грашова-крэдытнай сферах. Упершыню за многія гады сітуацыя тут ацэньваецца як стабільная», — падкрэсліў прэм’ер-міністр. Разам з тым ён абазначыў і шэраг існуючых праблем, у ліку якіх — адсутнасць запланаванага эканамічнага росту, яго тэмпы ніжэйшыя за сярэднесусветныя.

Па інфармацыі БелТА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *