Работнікаў культуры Бярэзіншчыны павіншавалі са святам

 

Напярэдадні прафесійнага свята ў раённым цэнтры культуры для ветэранаў працы прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму прайшла святочная вечарына “Легенды жывуць побач!”.

Са святам віншуюць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Сакалоўская і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Наталля Дубовік

З віншавальным словам да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Сакалоўская:

— Рада бачыць вас на нашым свяце. Дзякуй, што вы сёння ў маім дні, а я – у вашым! З кожным годам усё больш і больш разумееш, што ў жыцці ўсё хутка праходзіць, а вось такія сустрэчы, эмоцыі застаюцца надоўга. Паважаныя культработнікі, вы ўнікальныя людзі. У любы час, нягледзячы на розныя абставіны, эмацыянальны стан, вы павінны сабрацца, выйсці да людзей і падарыць ім свята. Я ўпэўнена, вы ганарыцеся, што працуеце ў галіне культуры. Былых работнікаў у нашай сферы не бывае. Дзякуй вам за працу!

Шчырыя словы віншаванняў гучалі і ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Наталлі Дубовік:

— Так прыемна, што мы сёння сабраліся! Я рада бачыць кожнага. Жадаю вам ісці заўсёды па жыцці з усмешкай, у добрым настроі. Жадаю быць аптымістычнымі, актыўнымі і ніколі не падаць духам. Са святам!

У зале панавала святочная, цёплая, сямейная атмасфера. Адчувалася, што тут сабраліся добра знаёмыя людзі, якім ёсць аб чым пагутарыць. А весялілі калег, стваралі святочны настрой маладыя спецыялісты раённага цэнтра культуры Дзмітрый Свірыд, Ганна Пакімка, Юлія Масюк і вядомы музыка Міхаіл Папруга. Думаю, усім запомніўся і спадабаўся “сеанс смехатэрапіі” ад загадчыцы аддзела маркетынгу Тамары Круталевіч. Вяла ж вечарыну кіраўнік дзіцячага ўзорнага лялечнага тэатра Таццяна Верамейчык.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *