Аглядавая камісія Багушэвіцкага сельвыканкама — у дзеянні

“Мороз и солнце – день чудесный”, — як пісаў класік. Але менавіта ў такія марозныя, сцюдзёныя дні, на жаль, часцей за ўсё і здараюцца пажары. Людзі перапальваюць печы, карыстаюцца электраабагравальнікамі, іншы раз забываючыся пра ўласную бяспеку. Таму, каб папярэдзіць надзвычайныя здарэнні, у Бярэзінскім раёне і праходзіць дэкада супрацьпажарнай бяспекі. Галоўныя мерапрыемствы – рэйды. У адзін з такіх мы адправіліся з інспектарам Бярэзінскай інспекцыі “Дзяржэнергагазнагляд” Віктарам Дземяшкевічам, інспектарам прапаганды РАНС Вольгай Данэйка, кіраўніком спраў Багушэвіцкага сельвыканкама Галінай Собаль.

У марозны, сцюдзёны дзень у рэйд адправіліся кіраўнік спраў Багушэвіцкага сельвыканкама Г. Собаль, інспектар прапаганды РАНС В. Данэйка, інспектар інспекцыі «Дзяржэнергагазнагляд» В. Дземяшкевіч

Больш за палову дня абследавалі домаўладанні жыхароў вёсак Якшыцы, Бычын і аграгарадка Багушэвічы. Зазірнулі да шматдзетных, “складаных” сем’яў, адзінока пражываючых, адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў, людзей, што вядуць асацыяльны лад жыцця…

— Вядома ж, пры Багушэвіцкім сельскім Савеце створана і дзейнічае аглядавая камісія, — заўважае Галіна Мікалаеўна, пакуль едзем. — У нас 14 членаў камісіі: медыцынскія работнікі, педагогі і мы, супрацоўнікі сельвыканкама, супрацоўнікі РАНС… Усе разам імкнёмся зрабіць жыццё вяскоўцаў больш бяспечным. У нас даволі вялікі сельвыканкам: 641 домаўладанне. За 2020 год абследавалі 592. Выяўлена 131 парушэнне, ліквідавана — 129. Пасля абследаванняў, калі ёсць парушэнні, мы накіроўваем пісьмы зацікаўленым службам. Такіх пісем за мінулы год было 56: 9 — у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 4 – у РАУС, 6 – у ЦРБ, дзецям і родным – 30. Пад нашай пільнай увагай — шматдзетныя сем’і (а такіх у нас 17), сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, адзінокія (21), адзінока пражываючыя (108), інваліды І (13) і ІІ (37) груп. Да іх мы заходзім за год па некалькі разоў. Ды і падчас пандэміі арганізоўваем рэйды. Заўважылі: няма кантролю – людзі, як кажуць, расслабляюцца, забываюцца пра меры перасцярогі. Таму рэйдавыя мерапрыемствы, жывыя гутаркі – гэта самы дзейсны сродак. Абследуем домаўладанні і сёння. Бясспрэчна, з захаваннем усіх нормаў прафілактыкі. Як адносяцца грамадзяне? Парознаму. Хтосьці рад бачыць, ёсць, вядома ж, і тыя, хто — супраць. Але мы тлумачым, што гэта ўсё дзеля іх бяспекі, захавання здароўя і жыцця.

Г. Собаль працуе ў сельвыканкаме даволі доўга, таму ведае амаль усіх вяскоўцаў, а яны — яе

— Галоўная мэта рэйдавых мерапрыемстваў — прадухіліць няшчасныя выпадкі, захаваць здароўе і жыццё людзей, — дадае В. Данэйка. — Зараз на вуліцы халодна. Таму людзі іншы раз перапальваюць печы. Мы настойліва раім прапальваць два-тры разы, але пакрыху, чым адзін, а так, што сядзець дома немагчыма. Будзьце пільнымі: ваша бяспека залежыць у першую чаргу ад вас саміх!

Падчас рэйдаў правяраецца ўсё. Але вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню нормаў пажарнай і электрабяспекі.

— Комін даўно бялілі, правяралі яго? – пытаецца В. Данэйка.

— Кожны год бялю, калі неабходна – рамантую, — запэўнівае адзін з гаспадароў. — Гэта ж раблю не для кагосьці, а для сваёй бяспекі. Таму добра разумею, што печ павінна быць спраўная.

— Нясіце лесвіцу, праверым! – гаворыць спецыяліст.

В. Данэйка праверы-ла ў домаўладаннях коміны, стан печы, наяўнасць (спраўнасць) пажарнага апавяшчаль-ніка

Праверылі — з комінам, сапраўды, усё добра. Адразу бачна, жывуць дбайныя гаспадары.

У кожным доме звяртаем увагу на стан печы. Ці няма расколін, ці ёсць прытопкавы ліст.
Некаторыя недахопы, якія выяўлялі члены рэйдавай групы, гаспадары ліквідавалі на месцы. Да прыкладу, прыбралі дровы ад печы!

— Ні ў якім разе нельга класці дровы блізка каля печы, — настойліва рэкамендуе грамадзянам В. Данэйка. – Гэта небяспечна.

У кожным домаўладанні правяралі наяўнасць пажарнага апавяшчальніка. Калі меўся, глядзелі, ці працуе, не – раілі памяняць батарэйкі. Калі апавяшчальніка ўвогуле не было – рэкамендавалі як мага хутчэй набыць і ўсталяваць.

Віктар Дземяшкевіч скрупулёзна, дасканала правяраў захаванне нормаў электрабяспекі. Асноўнае з парушэнняў – праводка “схавана” за шпалерамі. Гаспадары тут жа, каб, як кажуць, не адкладваць надоўга, устаранялі і гэтае парушэнне. Віктар Францавіч папярэджваў, пры выкарыстанні электра-абагравальнікаў быць вельмі пільнымі. Ды і, увогуле, нагадваў, што ў доме не павінна быць ніякіх пытанняў з электрабяспекай. Гаспадарам уручаў памяткі з указаннем кантактаў арганізацый, што маюць права на правядзенне электратэхнічных работ.

В. Дземяшкевіч нагадваў вяскоўцам меры электрабяспекі

Заўважыла, што большасць вяскоўцаў з радасцю сустрэла нас. Да прыкладу, заходзім да шматдзетнай матулі. Дома – цёпла, утульна. Ёсць і пажарныя апавяшчальнікі з вывадам гукавога сігналу на фасад дома.

— Так, мы сочым, каб у нашым доме захоўваліся нормы пажарнай бяспекі. А як жа іначай?! У нас жа чацвёра маленькіх дзетак, — зазначае гаспадыня. – Іх, наша бяспека – перш за ўсё. Таму каля катла і на ім нічога не сушым, клапоцімся і пра належны стан электраабсталявання, своечасова мяняем батарэйкі ў пажарных апавяшчальніках.

Завіталі мы ў гэты дзень і да пажылых людзей. Парадавала, што ў многіх з іх чыста, утульна, ёсць пажарныя апавяшчальнікі. Кожнаму раздавалі прафілактычныя брашуры, кожнаму нагадвалі “жудасную” статыстыку пажараў.

— Дзякуй, што і да мяне зазірнулі! – заўважае адна з бабуль. – Я бачыла па тэлевізары, што ходзяць пажарныя, думала, калі ж да мяне прыйдуць! Вось, паглядзіце, якая ў мяне цудоўная печ, ёсць і пажарны апавяшчальнік. Жыву адна. Але дзеці дапамагаюць, не пакідаюць мяне і клапоцяцца пра маю бяспеку.

Самая складаная катэгорыя, як заўважаюць з вопыту члены рэйдавай групы, — заўзятыя выпівохі.

— Яны нават іншы раз і не думаюць захоўваць нормы пажарнай і электрабяспекі: печ развальваецца, святла часта нават няма (адключылі за тое, што не плацілі), дома “авгиевы конюшни”… Тлумачым ім, што такі лад жыцця да дабра не давядзе. І злоўжыванне спіртнымі напоямі, а яшчэ ў дадатак і курэнне ў ложку, вядуць да трагедыі. Яны быццам і разумеюць, абяцаюць выправіцца, але карціна застаецца той жа. На жаль, многія не разумеюць, што прыходзім мы да іх, правяраем домаўладанні дзеля іх жа бяспекі, а не таму, што хочам кагосьці пакараць, — зазначаюць члены рэйдавай групы.

***

Стомленыя члены рэйдавай групы бліжэй да вечара вярталіся дамоў. Праверылі шмат домаўладанняў. Большасць жыхароў дзякавала за парады, абяцала выканаць рэкамендацыі. Спадзяёмся, што такая прафілактычная работа будзе мець вынікі і людзі больш пільна будуць ставіцца да ўласнай бяспекі.

Застаецца толькі нагадаць, што неасцярожнасць у абыходжанні з агнём – галоўная прычына пажараў. Памятайце гэта і беражыце сябе і сваіх блізкіх, родных, суседзяў.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *