Раённы дзень аховы працы — у аўтапарку

 

Жыццё паказвае: колькі і дзе б ні падсцілаў саломы для таго, каб было не так балюча падаць, чалавек заўсёды знойдзе той невялічкі ўчастачак, дзе яе пакладзена менш усяго або зусім няма, каб прызямліцца іменна там, з усяго размаху і абавязкова пакалечыцца. І гэта не проста словы, а наша рэальнасць, якая пацвярджаецца практыкай і канкрэтнай статыстыкай няшчасных здарэнняў на вытворчасці (а колькі іх адбываецца дома!).

Сёлета з пачатку года ў нашым раёне ўжо з-рэгістравана шэсць выпадкаў вытворчага траўматызму з рознымі наступствамі. Так, рабочы будаўнічай арганізацыі “Металатроштрэст”, зарэгістраванай у Беразіно, пры выкананні мантажных работ праваліўся ў перакрыццё. Пералом нагі атрымаў супрацоўнік сацыяльна-педагагічнага цэнтра пры навядзенні парадку ў кабінеце пасля праведзенага ў ім рамонту. Наступны факт адбыўся ў ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”, дзе пры ўстаноўцы і падключэнні станка мужчына атрымаў апёкі рук электрычным токам. Сёлета таксама атрымала траўму вока і лабарант ААТ “Бярэзінскі”.
Мелі месца, на жаль, і два выпадкі смерці на рабочым месцы. Адзін з памерлых – вартаўнік ААТ “Багушэвічы”, другі – вадзіцель аўтапарка №22 (на шчасце, на той момант ён знаходзіўся не за рулём аўтобуса, а на стаянцы).

Менавіта апошні факт і стаў нагодай для таго, каб чарговы дзень аховы працы прайшоў іменна на базе аўтапарка. Падчас яго правядзення галоўны дзяржаўны інспектар працы Барысаўскага МРА С.В. Сыраквашка і агучыў прыведзеныя вышэй і некаторыя іншыя факты няшчасных выпадкаў на рабочых месцах. Як падкрэсліў Сяргей Віктаравіч, у пераважнай большасці прычынамі няшчасцяў з’яўляюцца чалавечы фактар і недагляд саміх пацярпелых, іх самаўпэўненасць, адсутнасць належнага кантролю за ходам выканання той ці іншай работы з боку адказных асоб.
Дырэктар аўтапарка №22 А.М. Новікаў расказаў прысутным аб дзейнасці падначаленага яму калектыву, аб’ёмах выконваемых работ і перспектывах развіцця, а інжынер па ахове працы прадпрыемства Г.П. Міклуш — пра дзейнасць па захаванні жыцця і здароўя працуючых, стварэнні належных умоў працы, правядзенні інструктажаў, перадрэйсавых і паслярэйсавых медыцынскіх аглядаў і праверак вадзіцеляў, аб сістэме правядзення стажыроўкі вадзіцеляў транспартных сродкаў і замацаванні за імі больш вопытных спецыялістаў, правядзенні навучання па павышэнні прафесійнага майстэрства.

Удзельнікі мерапрыемства таксама пазнаёміліся з вытворчай базай прадпрыемства, пабывалі ў кабінеце па ахове працы, дзе ім было прадэманстравана афармленне адпаведнай дакументацыі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *