Разаліна Бусел у ліку лепшых па выніках 2019 года

У яе рабоце прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення ідэалогіі і інфармацыйнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ліпніцкі, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч, ідэалагічны актыў вобласці, прадстаўнікі культуры, сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх арганізацый.
— Мінулы год адзначаны многімі знакавымі падзеямі, — адкрываючы калегію, падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч. — Гэта выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 25-годдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інстытута прэзідэнцтва, правядзенне II Еўрапейскіх гульняў, Года малой радзімы. Таму наша работа была накіравана на прыцягненне насельніцтва да актыўнай сацыяльна-эканамічнай дзейнасці з улікам асноўных дзяржаўных мерапрыемстваў.
Таксама Аляксандр Іосіфавіч акрэсліў прыярытэтныя напрамкі работы ў 2020 годзе. Сярод іх — пашырэнне інтэрнэт-аўдыторыі СМІ, вырашэнне пытанняў кадравай забяспечанасці, аказанне ўсебаковай дапамогі таленавітым дзецям і моладзі, выяўленне і падтрымка маладзёжных ініцыятыў.
Аляксандр Ліпніцкі ў сваю чаргу заклікаў больш актыўна задзейнічаць патэнцыял грамадскіх арганізацый і інфармацыйных груп, каб палепшыць якасць жыцця людзей.


— Праца з людзьмі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы, што патрабуе пастаяннага прыняцця мер, накіраваных на ўдас-каналенне механізмаў работы з насельніцтвам. Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выпрацаваны комплексны падыход па абнаўленні фармату правядзення адзіных дзён інфармавання. Разам з гэтым, на тэрыторыі Мінскай вобласці вядзецца работа па стварэнні лічбавай платформы, дзе грамадзяне змогуць выказваць сваю пазіцыю па хвалюючых пытаннях. Важным складальнікам тут з’яўляецца адкрыты дыялог улады і грамадства, — падкрэсліў А. Ліпніцкі.


Аляксандр Карлюкевіч у сваім выступленні зрабіў акцэнт на тым, што ў сённяшніх рэаліях неабходна старанна падыходзіць да выбару крыніц інфармацыі.
— Як адзначыў Прэзідэнт на апошняй сустрэчы з кіраўнікамі вядучых сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь, парадак дня фарміруюць не ўсе СМІ. І справа не ў колькасці паведамленняў, якія яны публікуюць або перадаюць, а ў якасным, своечасовым і дакладным выкладанні фактаў.

Сумесная работа ідэолагаў і сродкаў масавай інфармацыі павінна быць накіравана на аб’ектыўнае асвятленне жыцця краіны, — адзначыў міністр інфармацыі.
Па словах Івана Маркевіча, СМІ ў сваім развіцці зрабілі крок наперад. Аднак трэба яшчэ больш увагі надаваць праблемам і патрэбам людзей, пісаць матэрыялы на хвалюючыя грамадскасць тэмы. Таксама Іван Станіслававіч акрэсліў галоўную задачу ідэолагаў: быць сярод людзей, адчуваць іх настрой, ведаць праблемы і дапамагаць. У пытанні фарміравання грамадскай думкі важная роля належыць інфармацыйна-прапагандысцкім групам.
Таксама на калегіі абмеркавалі шляхі ўзаемадзеяння мясцовых органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў, формы арганізацыі адпачынку і вольнага часу жыхароў вобласці, перспектыўныя накірункі развіцця рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
Урачыстым момантам мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання. Ганаровыя граматы і падзякі Мінскага аблвыканкама, міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму былі ўручаны прадстаўнікам ідэалагічнай вертыкалі і ўстаноў культуры, супрацоўнікам СМІ, што дасягнулі значных вынікаў у 2019 годзе.
Сярод узнагароджаных — і бярэзінцы. Падзяка міністра культуры за высокі прафесіяналізм аб’яўлена метадысту-майстру раённага цэнтра рамёстваў. Ганаровую ўзнагароду Разаліне Бусел уручыла начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марыя Нецвятаева.
Сапраўдным падарункам для прысутных сталі музычныя і танцавальныя нумары творчых калектываў Міншчыны.

Алена МУРАЧ.

Фота Паўла АРЛОЎСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *