Развітальны школьны баль на Бярэзіншчыне ўсё ж такі будзе! Ён пройдзе анлайн

Каранавірус сапсаваў планы многіх людзей, але асабліва — радасны настрой выпускнікоў сярэдніх школ. Упершыню за больш
чым 20 гадоў у нашым раёне будзе парушана слаўная і добрая традыцыя развітвацца з дзяцінствам і ўступаць у дарослае жыццё на раённым балі. Упершыню бярэзінцы не пабачаць на гарадской плошчы дзяўчат у вячэрніх уборах, а юнакоў — у строгіх касцюмах, упершыню для выпускнікоў не зайграе шчымлівы школьны вальс і не ўздымуцца высока ў неба яркія паветраныя шарыкі. Бярэзінцы ўжо сёння не хаваюць эмоцый ад таго, што засталіся без самага яркага гарадскога відовішча. А як самі выпускнікі ставяцца да таго, што атэстаты атрымаюць у крыху незвычайных абставінах?

Валерый Шукан

— Добра, што касцюм я так і не купіў, — з жарту пачаў выпускнік Бярэзінскай гімназіі Дзмітрый Мілько. – А калі шчыра, крыху крыўдна, бо мы ўжо з аднакласнікамі практычна навучыліся танцаваць вальс і яшчэ вясной уяўлялі сабе, як будзем “запальваць” на гарадской плошчы. Крыўдна яшчэ і таму, што я выдатна вучыўся і марыў з бацькамі прайсці па дывановай дарожцы за сваёй першай узнагародай — залатым медалём. Дарэчы, такіх як я, у нашым выпуску нямала!
— А я святочны касцюм паспеў набыць, — расказвае выпускнік Паплаўскай сярэдняй школы Валерый Шукан, — але яго набывалі не на адзін раз. Яшчэ спатрэбіцца! А вось, што на гарадскі баль у Беразіно не паедзем, сапраўды, крыўдна. Такога ніхто з нас уявіць не мог. Так хацелася гэты важны ў жыцці момант правесці ярка і запамінальна, сярод педагогаў і аднакласнікаў. Ды і шкада: не будзе цяпер у маім альбоме школьных фотаздымкаў і прыкольных сэлфі з гарадской плошчы ў смартфоне!
Сёлетнім выпускнікам, і сапраўды, не пазайздросціш. Але трэба аддаць належнае, яны з разуменнем ставяцца да абмежавання масавых мерапрыемстваў з нагоды выпускнога балю.
— Настаўнікі вышэй за ўсё ставяць наша здароўе, — зазначае Валерый. — І грунтоўна растлумачылі сітуацыю. Ды і мы, дзякуючы ім, навучыліся з павагай ставіцца да свайго здароўя, таму часта мыем рукі, выкарыстоўваем пальчаткі і медыцынскія маскі. Спачатку гэта было нязручна, але хутка ўвайшло ў звычку. За гэта я таксама ўдзячны педагогам і роднай школе!
Трэба аддаць належнае ўнутранаму спакою сёлетніх выпускнікоў. Большасць з іх сочыць за інфармацыяй аб распаўсюджванні каранавірусу, але не давярае фейкам.
— У нас галава занятая куды больш важнымі справамі, — прызнаецца Дзмітрый. — Трэба паспяхова здаць экзамены і належным чынам падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. Сёлета тэрміны яго перанесены на больш позні час, што абяцае высокую канкурэнцыю і барацьбу за кожны бал.

Падтрымаць сёлетніх выпускнікоў павінна акцыя ад рэдакцыі раённай газеты. Яна дапаможа наладзіць для іх школьны выпускны баль, праўда, ён будзе не зусім звычайным, а пройдзе анлайн на сайце нашага выдання. Зрабіць яго яркім і запамінальным можа кожны з вас: дастаткова даслаць да 13 чэрвеня на электронны адрас рэдакцыі, у сацыяльных сетках свае фотаздымкі з раённага балю мінулых гадоў. Няхай яны прагоняць сум выпускнікоў і падораць ім сапраўднае свята.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Развітальны школьны баль на Бярэзіншчыне ўсё ж такі будзе! Ён пройдзе анлайн: 1 комментарий

  • 29 мая 2020 в 22:33
    Permalink

    Хорошая идея, а то даже жалко дете, не встретят рассвет, не получают, не потанцуют

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *