Рэальныя гісторыі бярэзінцаў, якія перахварэлі на «карону»

Па ўсёй Беларусі дзейнічае “масачны” рэжым. Але заўважаю, што некаторыя бярэзінцы “забываюцца” насіць сродкі аховы органаў дыхання ў гандлёвых аб’ектах, на пошце, у банках, на прыпынках. Маўляў, “карона” ўжо прайшла. На жаль, гэта далёка не так! Сёння мы раскажам некалькі гісторый бярэзінцаў, якія перахварэлі на “карону”.

“Хварэлі ўсёй сям’ёй: усе па-рознаму”

— Мы жывём у Беразіно. Старэйшы сын вучыцца ва ўніверсітэце, малодшы – школьнік. Вядома ж, як толькі пайшла першая хваля “кароны”, імкнуліся сябе абараніць. Выконвалі рэкамендацыі ўрачоў: насілі маскі, захоўвалі дыстанцыянаванне, дасканала мылі рукі… Не пужалі сябе неправеранай інфармацыяй, давяралі толькі афіцыйным крыніцам. Падчас першай хвалі нас хвароба мінавала. А вось падчас другой… “накрыла”. Прычым, усіх членаў сям’і. Хвароба прайшла ў лёгкай форме (але ці можна назваць “лёгкай”, калі нічога не хочацца рабіць, толькі ляжаць! Нават спаць немагчыма). Мы праходзілі лячэнне дома.

— Спачатку тэмпература пачала “скакаць” у мяне. То павышаная, то зноў нармальная, то, увогуле, па-ніжаная, — расказвае жанчына. – Пачало “ламаць” усё цела. Велізарная патлівасць. А задышка… вам не перадаць, я не магла падняцца без адпачынку нават на трэці паверх. Пайшла ў бальніцу, узялі мазок. Праз пэўны час патэлефанавалі: у вас “плюс”. Затым мазкі ўзялі ў мужа, дзяцей! Таксама “плюсы”.

Ці спужаліся?! Спачатку вельмі. Так, мы шмат ведалі пра хваробу, але былі ўпэўнены(!): нас міне. А затым у мяне ў першай “плюсанула”. Але ж складана сказаць, хто з нас чацвярых першым “падхапіў” інфекцыю. Боязна, жудасна, калі пачынаеш задыхацца. Вось уявіце, сядзіш, не рухаешся… праходзіць хвілін 5: ты не можаш уздыхнуць, не хапае паветра. Хутчэй расчыняеш вокны, дзверы, а паветра не хапае… Здаецца, вось-вось, і задыхнешся! Гэта вельмі страшна… І так на працягу дзён 7. Затым тэмпература адступіла, патлівасць зменшылася і стала лягчэй дыхаць.

— А ў мяне была толькі павышаная тэмпература, прычым трымалася дзён 5. Яшчэ балела горла, але не так, як пры звычайнай прастудзе, а быццам калоў хтосьці! – расказвае гаспадар. – Што здзівіла — насмарку ўвогуле не было.

— А ў нас амаль ніякіх сімптомаў не было, — расказваюць дзеці. – Увогуле, “карона” прайшла ў лёгкай форме.

— Так, нам пашчасціла, праходзілі лячэнне дома. А дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Але зараз, аналізуючы сітуацыю, здаецца, што мы атрымалі нязначную дозу віруса, — дадае гаспадыня. — А ўсё дзякуючы таму, што беражліва адносіліся да свайго здароўя. Мы і зараз не расслабляемся. Бо не хацелася б зноў перажыць “карону”. І ўсім бярэзінцам раім не ігнараваць рэкамендацыі ўрачоў.

“Лёгкія балелі так, што не магла ні сядзець, ні стаяць”

— Мы з мужам перахварэ-лі на “карону” зусім нядаўна. Здаецца, захоўвалі ўсе нормы прафілактыкі. Але… ніхто не застрахаваны. Абодва працуем, праца з людзьмі, таму звесці да мінімуму кантакты не атрымалася. Дзякаваць Богу, абышліся без шпіталізацыі: праходзілі лячэнне дома. Але я б такой “лёгкай” формы не пажадала нікому. Павышаная тэмпература цела на працягу дзесьці дзён 7, патлівасць, задышка. Лёгкія балелі так, што немагчыма было ні стаяць, ні сядзець. Толькі лежачы на жываце, абдымаючы мяккую падушку, было крыху лягчэй. Нічога не хацелася, была толькі адна думка: як вытрываць! Хвароба, сапраўды, вельмі і вельмі страшная. Так, мы шмат чыталі пра “карону”, але калі сутыкаешся з ворагам у твар, усё
па-іншаму. Гавораць не панікаваць, але як не панікаваць, калі немагчыма нармальна ўздыхнуць. Такая стомленасць, патлівасць, быццам вагоны толькі-толькі разгрузіў… У дадатак — павышаная тэмпература цела, але гэта не самае страшнае! Мы хварэлі з мужам доўга. У абодвух хвароба праходзіла вельмі складана. Мы жывём ва ўласным доме. Маглі выходзіць на вуліцу. Але дзён 7 не было сіл і жадання нават падымацца з ложка, не тое што выходзіць на вуліцу. Зараз, пасля ачуньвання, здаецца, мы нават сталі іншымі. Па-іншаму думаем, перагледзелі каштоўнасці.

“На “карону” перахварэлі летам, але і зараз бывае задышка”

— Мы з мужам перахварэлі на “карону” летам. Лячэнне, якое доўжылася каля 20 дзён, праходзілі дома. Прайшоў час. Але і зараз адчуваем наступствы “кароны”. Мы абодва спартыўныя, вядзём здаровы лад жыцця. Да хваробы не было праблем са здароўем: маглі з лёгкасцю падняцца па прыступках на 8 паверх, не стамляліся. Зараз – нават на 4-5 — даволі складана, іншы раз не хапае паветра. Таму, каб распрацаваць лёгкія, займаемся бегам. Усё лета, пасля хваробы, восень бегалі (не хутка!) на стадыёне, на свежым паветры. Пахаладала — перабраліся ў спартыўную залу (займаемся па гадзіне на бегавой дарожцы!), здаецца, задышка праходзіць. Галоўнае — весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца і займацца спортам.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *