“Рэйды” ў “анлайн” рэжыме, альбо Каб канікулы прайшлі ярка і бяспечна!

— Добры дзень! Вас турбуюць з камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Раскажыце, чым займаюцца вашы дзеці, калі магчыма, давайце наладзім відэасувязь! – у такім “анлайн” рэжыме зараз члены камісіі праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы.

— Паважаныя бацькі, не будзьце абыякавымі да сваіх дзяцей. Памятайце, што іх бяспека ў вашых руках. Калі ёсць пытанні, звяртайцеся ў камісію па справах непаўналетніх райвыканкама – 5-20-59, — зазначае намеснік старшыні камісіі Святлана Бондар

Каб нагадаць бацькам і дзецям правілы бяспечных паводзін, дапамагчы правільна арганізаваць адпачынак, у Бярэзінскім раёне “крочыць” прафілактычная акцыя “Клопат”. Мінулым летам адным з галоўных мерапрыемстваў праграмы былі рэйды ў шматдзетныя, маладыя сем’і і тыя, якія
стаяць на розных відах уліку. Зараз мерапрыемствы праходзяць у новым фармаце – “анлайн” рэжыме.
— Так, мы зараз з сем’ямі, падлеткамі працуем у рэжыме “анлайн”. У нас ёсць нумары тэлефонаў усіх “складаных” хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў, — тлумачыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар. — Тэлефануем. У дзяцей пытаемся, да прыкладу, чым займаюцца, дзе праводзяць летні адпачынак. У татаў і матуль – дзе іх дзеці знаходзяцца ў той альбо іншы момант, як спланавалі іх адпачынак, ды, і, увогуле, ці не забываюцца бацькі клапаціцца пра сваіх “кветак жыцця”. Калі ёсць магчымасць наладзіць відэасувязь, глядзім, ці захоўваюцца дома санітарныя нормы… Іншы раз просім даслаць і фотасправаздачу. У большасці выпадкаў бацькі на новую форму работы рэагуюць з разуменнем. Выконваюць і нашы рэкамендацыі. Але, на жаль, бываюць і такія выпадкі, што бацькі ігнаруюць заўвагі: вядуць асацыяльны лад жыцця, не клапоцяцца пра дабрабыт сваіх “крывіначак”. Згадваюць пра тое, што яны “любячыя” тата і матуля толькі, калі іх дзяцей прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Дасылаюць члены камісіі па справах непаўналетніх і прафілактычныя брашуры, лістоўкі шматдзетным, маладым, складаным “сем’ям”. Але, пагадзіцеся, бяспека дзяцей – гэта, у першую чаргу, клопат бацькоў. На жаль, няшчасныя выпадкі здараюцца з дзецьмі даволі часта.
— Паважаныя бацькі, схавайце таблеткі, асабліва ў яркіх упакоўках, якія так і хочацца паспрабаваць маленькім гарэзам. Не захоўвайце ў даступных месцах хімічныя сродкі. Асабліва будзьце пільнымі на кухні, дзе столькі небяспечных “ворагаў” для дзяцей: не пакідайце, напрыклад, тыя ж самыя чайнікі, кубкі з кіпнем у даступным месцы, хавайце відэльцы, нажы…, — дадае Святлана Іванаўна. — Нагадвайце дзецям, што свавольствы каля рэчкі, вадаёмаў могуць прывесці да трагедыі, а купацца можна толькі ў дазволеных месцах і пад наглядам дарослых. Неабходна пераходзіць дарогу згодна з правіламі дарожнага руху. Нельга размаўляць з незнаёмымі і малазнаёмымі людзьмі. Сёння вельмі шмат дзіцячых навамодных сродкаў перамяшчэння: ролікі, гіраскутары… Памятайце, што, перамяшчаючыся на іх, таксама неабходна захоўваць правілы дарожнага руху. Калі ў вас маленькія дзеці, не пакідайце адчыненымі
вокны (лепш за ўсё зняць на вокнах ручкі для адкрывання). Бо, на жаль, ёсць трагічныя выпадкі, калі дзеці адчынялі вокны і…
Таксама негатыўна ўздзейнічае на здароўе падлеткаў “завісанне” па некалькі гадзін на дзень у інтэрнэце, бясконцыя камп’ютарныя гульні, прагляды фільмаў. Дарэчы, нават праз інтэрнэт можна ўчыніць супрацьпраўныя дзеянні, за якія затым прыйдзецца адказваць. Таму бацькам неабходна цікавіцца, кантраляваць, чым займаецца іх сыночак ці дачушка, калі бясконца сядзіць за камп’ютарам.
Сёння велізарная колькасць магчымасцей, як правесці лета весела, ярка і бяспечна. Адпачыць у летніку, папрацаваць у студэнцкіх атрадах, ды і, проста, правесці час з сям’ёй.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *