Рэха наркотыкаў дакацілася і да вёсак. Што яшчэ ў крымінальнай хроніцы бярэзінскіх следчых

Каравул! Абрабавалі ДБУП “ПМК-182”

Тут з арматурнага цэха прадпрыемства па вуліцы Мультана горада на працягу часу з вечара 24 па раніцу 26 жніўня невядомы вынес мотакасілку, інвентарны апарат, два рэдуктары і 45 кілаграмаў металалому агульным коштам 685 рублёў.

Работнікі банкаў рэдка тэлефануюць сваім кліентам

Невядомы прыкладна 18 жніўня ў ходзе тэлефоннай размовы прадставіўся жанчыне супрацоўнікам аднаго з банкаў. Яна нічога падазронага ў гэтым не заўважыла і смела паведаміла свае банкаўскія рэквізіты. А дарэмна: праз некаторы час з банкаўскай карткі без следу зніклі 140 рублёў.

“Я ж маці!” Але якая?

28-гадовая работніца ААТ “Профітсістэм” нахабна ўхіляецца ад вяртання расходаў на ўтрыманне дваіх дзяцей у дзяржаўных установах. На працягу трох месяцаў яна звыш дзесяці дзён не паказвалася на працы.

Злодзей знойдзены

У перыяд часу з сакавіка па красавік невядомы вырваў прабой у дзвярах і трапіў у гаспадарчую пабудову ў вёсцы Вязькуцін. Пасля візіту няпрошанага госця зніклі розныя рэчы на суму ў 153 рублі.

А катлеты былі смачныя!

Нядаўна сышчыкі затрымалі 47-гадовага мужчыну, які абрабаваў дом па вуліцы Зарэчнай аграгарадка Лешніца. Сума матэрыяльнага ўрону склала ўсяго 8 рублёў 10 капеек, бо разжыўся небарака тут паловай бляшанкі тушонкі, пельменямі “Эканом-маркет” і трыма замарожанымі катлетамі.

Вось гэта ўдар!

Вечарам 6 чэрвеня ўспыхнула бойка ў двары па вуліцы Я. Купалы ў вёсцы Старая Машчаніца. Тут нецвярозы 25-гадовы мужчына збіў другога. Дарэчы, стукнуў ён пацярпелага ўсяго адзін раз, але так моцна, што пабіты мужчына атрымаў цялесныя пашкоджанні. Згодна з заключэннем медыкаў, яны прывялі да працяглага расстройства здароўя на тэрмін не больш за 4 месяцы.

Рэха наркотыкаў дакацілася і да вёсак

Нядаўна сышчыкі затрымалі ў вёсцы Якшыцы іншамарку. Затрымалі невыпадкова: у дваіх яе пасажыраў знайшлі небяспечны наркатычны сродак. Маладыя людзі набылі ў невядомым месцы ні многа ні мала — 1910,38 грама марыхуаны незаконна, без мэты збыту.

Сяргей ЖЫЛІЧ, выконваючы абавязкі начальніка Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *