Са святам, Высокая Гара!

Чаму не зарасце дарога ў гэту вёску?

У вёсцы Высокая Гара Дзміт-равіцкага сельсавета адшумела свята, якое надоўга запомніцца ўсім, каму пашчасціла там пабываць. 
— Мае ж вы дарагія! Малайцы, што прыехалі, — бы родных, сустракала людзей Алена Вінцарэвіч. — Вось дык вока — з аднаго позірку гасцей вылічыла!
— Гляньце, як хораша сёння ў нас, — не даючы ачомацца, падхоплівае ініцыятыву кіраўнік аўтаклуба Любоў Пінчук. — Людзей колькі, прыгожыя ўсе якія!
Шум, усмешкі ды вітанні, смех — такога звычайная вясковая вуліца даўно не бачыла. Ды і антураж як мае быць! Тут табе і святочныя сталы, і гандлёвыя рады з вырабамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, і выставы работ мясцовых рукадзельніц, аздобленыя старымі рэчамі, прадметамі хатняга ўжытку, даматканымі посцілкамі ды ручнікамі.

Гэтыя жанчыны – спраўныя рукадзельніцы і мастачка, якія могуць сваімі вырабамі дэкаратыўна–прыкладной творчасці не толькі здзівіць, але і ўнесці асаблівы антураж у вясковае свята

Калі на правым беразе невялікай рачулкі Плаўня, прытоку ракі Брусяты, якая ўпадае ў Бярэзіну, з’явілася вёска Высокая Гара, ніхто з мясцовых ужо не ведае. Аднак яшчэ іх прашчуры сцвярджалі, што ў час нашэсця Напалеона тут жылі людзі. Назву, хутчэй за ўсё, вёска ўзяла ад месца на ўзвышанасці — на рацэ Плаўня. Быў час, па ёй вяскоўцы сплаўлялі лес да самай Бярэзіны. Захаваліся яшчэ звесткі, што ў 1905 годзе вёска Высокая Гара належыла памешчыку Шалгунову, а ў 1909 годзе ў ёй адкрылася земскае вучылішча з чатырохгадовым навучаннем. Аднак жылі мясцовыя вельмі бедна.
Добрыя перамены і надзея на лепшае ў высакагорцаў з’явіліся ў 1924 годзе. Тут пачаў праца-ваць сельскі Савет. Паводле ўспамінаў, першым старшынёй яго быў Верын, а сакратаром – Васілій Аўту-ховіч, а размяшчалася ўлада ў доме Аляксандра Сашко.
У 1930 годзе ў вёсцы ў поўную моц запрацаваў калгас “Серп”, а старшынёй вяскоўцы выбіраюць Якіма Губіча. У тым жа годзе ў школе адкрываецца 5-ы клас, будуецца будынак сельскага Савета. У ім працуе хата-чытальня, якой загадваў Канстанцін Гоман, і агенцтва сувязі пад кіраўніцтвам Аляксандра Гамезы. Новы будынак школы прыняў вучняў у 1934 годзе.
Цяжка было вяскоўцам наладжваць калгасны рух, але гэта ніколькі не адбіла ахвоту мясцовых людзей да добрых перамен. Так, у Высакагорскім сельскім Савеце налічвалася да вайны 10 калгасаў, якія абслугоўвала тэхніка Бярэзінскай МТС. На палях гудзелі трактары – і высакагорцы ма-рылі аб вялікіх намалотах.

Сваімі ўспамінамі дзеляцца з гасцямі высакагорскія доўгажыхары і ветэраны працы. Першай слова атрымала Надзея Філіпчык

Аднак мірнае і працоўнае жыццё, людскія надзеі і спадзяванні ўмомант спыніла Вялікая Айчынная вайна. Са зброяй у руках пайшлі змагацца супраць ворага 217 жыхароў Высакагорскага сельскага Савета, з іх 33 пашчасціла вярнуцца і абняць родных. Гітлераўцы спалілі 27 двароў, расстралялі 63 мірных жыхароў. Аб тых горкіх часах ваеннага ліхалецця не даюць забыцца тры брацкія магілы воінам-вызваліцелям, якія знаходзяцца ў вёсцы Высокая Гара.
Пасля вайны вяскоўцам давялося няпроста, аднак у 1950 годзе ад-былося аб’яднанне гаспадарак у адзін вялікі калгас імя Мікаяна. Яго ўзначаліў удзельнік партызанскага руху Дзяніс Сашко. У 1960-ых гадах утвараецца саўгас “Высакагорскі”, будуюцца новая школа, фельчарска-акушэрскі пункт і сельскі клуб. На той час вёска Высокая Гара налічвала звыш 300 жыхароў. Сёння іх – 186. Няма ўжо клуба, школы, фельчарска-акушэрскага пункта. Але старшыня Дзмітравіцкага сельскага Савета Віталь Саскавец верыць у шчаслівую будучыню вёскі. Мінчане ахвотна купляюць тут хаты, будуюцца, нягледзячы на значную адлегласць ад сталіцы.
Аб светлай будучыні гаварылі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі і прадстаўнік ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, які прыехаў да высакагорцаў не з пустымі рукамі, а з падарункамі ветэранам працы.
У наступным годзе Яніна Шугалей размяняе дзясяты дзясятак свайго жыцця. Яна была адной з лепшых работніц мясцовай гаспадаркі: даглядала цялят, рупілася ў паляводстве, займала першае месца сярод даярак у раёне. Аб тых слаўных часах жанчыне нагадваюць шматлікія ганаровыя граматы і выразкі з мясцовай газеты. Аднак ганарыцца жанчына не толькі сваімі працоўнымі дасягненнямі, але і сям’ёй. З мужам Ціханам Філімонавічам яны выхавалі дваіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў.


— Які ж ён быў спраўны работнік, — расказвае Яніна Фелькаўна. — У яго не разгіналася рука — і ўрачы яму паставілі другую групу інваліднасці. Аднак ён хацеў працаваць.
Багацце Марыі Гурэнчык – таксама вялікая і дружная сям’я.
— Пяцёра дзяцей, дзесяць унукаў і чатырнаццаць праўнукаў — мы багатыя ўжо, – хваліцца жанчына.
— Усё жыццё пражылі з мужам у Высокай Гары, працавалі ў гаспадарцы – ён трактарыстам, а я на ферме, і дзякуй Богу — лепшай вёскі не знойдзеш!
Ганна Шугалей таксама малой радзіме не здрадзіла. Усё жыццё адпрацавала ў гаспадарцы з мужам Якавам Цімафеевічам, разам яны і траіх дзяцей на ногі паставілі.
— Цяжка было не адзін раз, –успамінае Ганна Макараўна, – асабліва ў вайну. Мне было тады дзесяць гадоў.
У ліку ветэранаў працы былі ўшанаваны Ніна Дамаронак, Надзея Кісялёва, Валянціна Скабеліна і Надзея Філіпчык, а самая старэйшая ў гэтым атрадзе — Дар’я Шугалей, якая праз пяць гадоў збіраецца святкаваць векавы юбілей.
Усё жыццё адпрацавала ў магазіне Тамара Абазовік. Удзячны вяскоўцы за выхаванне і навучанне дзяцей былым педагогам — Галіне Сашко, Веце Ціхановіч, Ядвізе Баярэвіч, Еўдакіі Каралёвай, Івану Караваму і Людміле Каравай, якая сёлета адзначыла 70-гадовы юбілей. Усе яны адпрацавалі ў былой высакагорскай школе звыш трыццаці гадоў і былі адзначаны за вернасць настаўніцкай справе падарункамі ад старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Людмілы Толкач.
Не забыліся на свяце вёскі ўспомніць аб тым, што тут плённа працуе Высакагорскае лясніцтва, і пажадаць яго работнікам поспехаў у працы.
— Тут жа такі прыгожы край – густыя лясы, празрыстае возера з мноствам рыбы, ягады-грыбы… – падчас свята гаварыў Віталь Саскавец.
Напэўна, гэта хараство прыроды вабіць і дае сілы высакагорцам, якія не пакідаюць родныя мясціны, ствараюць тут сем’і і нараджаюць дзяцей. У сям’і Васілія і Марыі Любецкіх іх трое — два сыночкі Андрэй і Іван і дачушка Юлія. У сям’і Вольгі Хвашчэўскай – пяцёра, а ў Вікторыі і Яўгена Лысенкаў цешаць бацькоў трое гарэз.

Не зарастае сцежка да брацкіх магіл загінуўшых салдат і партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны

Маляўнічыя мясціны, душэўнае багацце і вера ў лепшае малой радзімы абуджаюць натхненне і жаданне ствараць у мясцовых рукадзельніц Людмілы Каравай і Таццяны Шугалей, мастачкі Соф’і Шэмет. Усім ім і астатнім высакагорцам прысвяціла му-зычныя кампазіцыі вакальная група “Радасць”, спявала так шчыра і добра, што вочы слухачоў свяціліся ад радасці.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота прадастаўлены аўтаклубам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *