Бярэзінскія сацыяльныя работнікі – лепшыя!

Сацыяльныя работнікі Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вярнуліся з перамогай з міжрэгіянальнага агляду-конкурсу “Сацыяльны работнік-2019”, які прайшоў на тэрыторыі Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Конкурс вызначыў прафесійнае майстэрства работнікаў сферы сацыяльнага абслугоўвання з трох абласцей: Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай. Такая сустрэча-конкурс была арганізавана ўпершыню, яго ініцыятарам стаў Клічаўскі раён.

— Наша каманда прадстаўляла Мінскую вобласць, — зазначае дырэктар Бярэзінскага ТЦСАН Алена Данатасаўна Жолудзева. – Таму мы рыхтаваліся вельмі сур’ёзна. Увогуле, галоўная мэта мерапрыемства- прафілактыка, як кажуць, сіндрому «прафесійнага выгарання», фарміраванне ў калектыве здаровага псіхалагічнага клімату і каманднага духу, павышэнне эфектыўнасці і якасці аказання сацыяльнай дапамогі. Пагадзіцеся, работу мала выконваць якасна, яе трэба любіць.

Конкурсныя заданні былі падабраныя так, каб кожная каманда змагла праявіць сябе. Лепшымі ў тэарэтычнай падрыхтоўцы былі бабруйчане, Рагачоўская каманда прыдумала арыгінальны выхад са складанай псіхалагічнай сітуацыі, каманды з Клічава і Асіповіч з гумарам паставіліся да жыццёвых сітуацый і абыгралі іх у сцэнках, а самая яркая візітная картка, крэатыўна аформлены стол «Скатерть-самобранка» і выдатны творчы нумар у выкананні бярэзінцаў Алы Дзмітрыеўна Захаранкі і Тамары Іванаўны Дземяшкевіч пакарылі залу.

Журы, вядома ж, было складана выбраць лепшых з лепшых. Намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама, старшыня журы конкурсу Галіна Пятроўна Данілкін выказала ўсім удзельнікам шчырыя словы падзякі за добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *