Сакрэт прывабнасці ад Алены Кушнер з Беразіно

Амаль кожная з жанчын хоць раз у сваім жыцці марыць пахудзець. Тэма гэта набыла неверагодную папулярнасць у наш час сярод прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва самых розных узростаў, якія ідуць услед за модай на прыгожае і падцягнутае цела. Ды і балючая тэма лішніх кілаграмаў напярэдадні калядных свят! Каму з жанчын не хочацца ўвайсці ў новы год яркай, энергічнай і прывабнай, і пры гэтым без асаблівых цяжкасцей і не з пустым страўнікам. Аднак удаецца такое далёка не ўсім. Вось і наша чарговая гераіня праекта свой уласны сакрэт развітання з лішняй вагой шукала вельмі доўга, а ён, як высветлілася, быў навідавоку і аказаўся прасцей простага.

— Мне мой новы вобраз падабаецца, — гаворыць Алена. — А вам?

Для Алены Кушнер год металічнага пацука мог стаць па-сапраўднаму высакосным, бо яна была вымушана шукаць сабе новае месца працы. Аднак адчайвацца на гэты конт дыпламаваны бухгалтар і эканаміст не стала: спачатку працавала ў прамысловасці, а сёння займаецца закупкамі ў Бярэзінскім цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.

— Я, наогул, чалавек жыццярадасны і не ў маіх правілах адчайвацца з-за жыццёвых праблем, — расказвае Алена Мікалаеўна.

Хударлявай жанчына ніколі не была. Таму ўвесь час рабіла спробы пахудзець: займалася спортам, наведвала плавальны басейн і нават карысталася прадуктамі для пахудзення ад навамодных фірмаў. Аднак усе яны плёну не мелі і прыносілі жанчыне толькі пачуццё дыскамфорту. Але Алена на гэтым не спынілася, вырашыла ізноў рашуча дзейнічаць. Пачала з пешых прагулак. Удзень праходзіла звыш 10 тысяч крокаў, з дапамогай спецыяльнага прыдатка ў смартфоне сачыла за колькасцю ўжытых калорый. Здавалася, нічога новага і звышцяжкага няма, але вага цела пачала змяншацца. І сёння Алена схуднела ўжо на некалькі памераў адзення.

— Гардэроб пакуль радыкальна не мяняю, а перашываю, — гаворыць жанчына, — бо маю рэальны намер скідаць вагу і далей. І сапраўды, жанчына мае рашучы настрой змяняцца да лепшага, бо цалкам перагледзела лад жыцця і звычкі.

— Раней я зусім мала рухалася, — разважае яна, — на працу і з працы дабіралася выключна на аўтобусе і на машыне, у час абеду нікуды не хадзіла. Ды і з дома ўвечары практычна не выходзіла, магла папесціць сябе гарбатай са смачнасцямі.

І сёння Алена сваім кулінарным схільнасцям не здраджвае: можа з’есці смачную булачку і нават кавалак тлустага мяса. Аднак цяпер замест утульнай канапы і камфортнага салона машыны ў яе штодзень — пешыя прагулкі.

— У мяне, як у спраўнага бухгалтара, свая пешая бухгалтэрыя, — дзеліцца Алена. — Цяпер на працу і з працы, на абед і з абеду хаджу толькі пяшком. Ды і ўвечары а палове сёмай гадзіны мы з мужам, а здараецца і з дачкой — на прагулцы. Шпацыруем па горадзе са сваім гадаванцам — Рафаэлай. Таму худзець у мяне атрымліваецца лёгка і займальна.

У Беразіно заўсёды цікава гуляць па горадзе, ёсць утульныя і зручныя пешаходныя дарожкі, ды і пры жаданні заўсёды можна пазаймацца на антывандальных трэнажорах. Дарэчы, у любое надвор’е і час!

Пакуль Алена трымае ў сакрэце, якой колькасці кілаграмаў яна сказала: “Бывай”. Яно і зразумела, бо канчатковая мэта не дасягнута, ды і добра вядома жанчыне, што лягчэй скінуць вагу, чым яе затым утрымаць. Але штосьці мне падказвае, што рэкорд пахудзення Алена Кушнер установіць. Чаму? У яе неверагодна шчырая і адкрытая падтрымка знаёмых, сяброў, мужа і дачкі. Ды і якая падтрымка!

Муж Алены, былы афіцэр, у маладым узросце перанёс інсульт і атрымаў інваліднасць. Аднак рукі не апусціў і не спасаваў перад цяжкай хваробай. Пасля працяглага лячэння аднавіў заняткі ў трэнажорнай зале і зараз можа падцягнуцца на зайздрасць маладым і здаровым на адной руцэ, летам бегае і “намотвае” на веласіпедзе ўдзень некалькі кіламетраў. Ды і дома Алег — руплівы гаспадар, клапатлівы бацька і любячы муж.

— Муж мяне ва ўсім падтрымлівае, бо наша каханне прайшло праз шмат нягод і выпрабаванняў, — гаворыць жанчына, — з ім мне і дачцэ надзейна і спакойна. Ды і Сафія радуе нас сваімі творчымі поспехамі. Яна прыгожа чытае вершы і займаецца танцамі, добра вучыцца, іграе на гітары, а сёння яшчэ і шчыра падтрымлівае мяне ў жаданні пахудзець!

Сям’я — вось лепшая група падтрымкі для Алены ў па-худзенні

Вочы Алены пры гэтым блішчаць і ззяюць шчасцем, бо новая фігура ёй да твару.

— Кілаграмы паступова пакідаюць цела і замест іх у душы ўзнікае ўпэўненасць і лёгкасць, — заўважае яна, — на працы справы ладзяцца ды і дома камфортна. Вось ужо і кватэра ўбрана да калядных свят, з сям’ёй распрацоўваем новае меню для навагодняй ночы. Наядацца, вядома, не будзем. А на наступны дзень абавязкова раніцай пойдзем гуляць, каб першымі вітаць наш горад у новым годзе!

Алена Кушнер усім раіць звярнуць увагу на пешыя прагулкі як лепшы, даступны і просты спосаб падтрымаць фігуру, скінуць лішнюю вагу, і ўвогуле, палепшыць агульнае самаадчуванне. Падтрымліваюць яе ў гэтым і спецыялісты фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный”.

Хада, па іх словах, не толькі эфектыўна зніжае лішнюю вагу, але і выпрацоўвае «гармоны добрага настрою», павышае імунітэт.

Прагулкі карысныя не толькі для цела, але і для розуму. Нездарма ж многія выдатныя дзеячы мелі схільнасць да працяглых пешых прагулак. Гэта натхняла іх на стварэнне шэдэўраў!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *