Сакрэт сямейнага шчасця ведаюць бярэзінскія культработнікі

“Вянок усіх каштоўнасцей — сям’я”

Пад такой назвай наладзілі з нагоды Міжнароднага дня сям’і жывую імправізаваную выставу работнікі Бярэзінскага цэнтра рамёстваў і рабочай групы па стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея.

— Чаму нашы продкі заўсёды ставілі сям’ю на першае месца? – такім пытаннем вітала першых наведвальнікаў дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская. — А ўсё таму, што ў сям’і можна было атрымаць падтрымку і разуменне, таму што менавіта яна з’яўлялася верным і надзейным памочнікам у няпростых справах і сітуацыях. Нездарма ж, нашы продкі не ведалі, што такое “далёкія сваякі”, а падтрымлівалі цесныя сувязі, таму духоўная сувязь проста не магла абарвацца, не губляла сваёй чароўнай сілы і энергіі.
На гэта паказваюць шматлікія традыцыі нашых продкаў. Аказваецца, пры ўваходзе ў хату варта было спатыкнуцца. Ведаеце, чаму? У хаце быў высокі парог і нізкі вяршак. Так, у даўнія часы нашы прашчуры зберагалі цяпло, а таксама схілялі галаву, каб ушанаваць светлую памяць продкаў.
У куце хаты стаяла печ, якую шанавалі ў сялянскай хаце ўсе без выключэння. Яна не толькі карміла, але і сагравала ў халодны дзень. Таму было цёпла і ўтульна. На прыпечку размяшчаліся чыгуны і патэльні, што сведчыла аб багацці і акуратнасці гаспадыні. Нездарма ж, ля печы быў так званы “бабін кут”, дзе жанчына займалася гаспадарчымі справамі.
Але галоўным у хаце быў кут “чырвоны”. Ён размяшчаўся ў самым чыстым і светлым месцы, ставілася бажніца–палічка з абразамі. Гаспадыня клапатліва ўпрыгожвала яе вышытым ручніком.
Уся сям’я “трапезнічала” — за сталом, які накрываўся абрусам. На стале заўсёды стаяла сальніца і ляжаў свежы каравай хлеба: соль і хлеб здаўна былі сімваламі дабрабыту і ладу ў сям’і.
Вялікая сялянская сям’я рассаджвалася за сталом паводле звычаю. Тут ганаровае месца займаў гаспадар. Справа ад яго садзіліся сыны. Левы край быў для жаночай паловы. Ды гаспадыня да стала прысаджвалася рэдка. Яна ўвесь час завіхалася ля печы. Дачушкі дапамагалі матулі. Усеўшыся за стол, усе чакалі, калі бацька промовіць “З Богам, пачалі!” і толькі пасля пачыналі есці.
— Гэтую сямейную традыцыю — есці разам за сталом — мы цалкам аднавілі ў нацыянальных касцюмах і побытавых рэчах нашых продкаў, нават падрыхтавалі песню, — гаворыць Іна Валянцінаўна. – Мяркую, што яна абавязкова зацікавіць не толькі сем’і са стажам, але і маладых людзей, якія параўнаўча нядаўна ўзялі шлюб. Магчыма, яны дапоўняць старадаўнія сямейныя традыцыі сваімі правіламі і звычкамі.
Напрыканцы размовы кіраўнік названай установы культуры падзялілася старадаўнім сакрэтам сямейнага дабрабыту, да якога абавязкова павінны прыслухацца маладыя пары.

Сакрэт сямейнага шчасця ад нашых прашчураў

Нашы продкі жылі так, што жаночая палова заўсёды абагаўляла мужчынскую, а мужчынская – жаночую. Гэта значыць, што яны не сварыліся, не білі посуд або адзін аднаго. І мужчына чуў ад жонкі толькі добрыя словы, які ён мужны і руплівы гаспадар. Тады мужчына і, сапраўды, станавіўся такім.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *