Сакрэты рамяства бярэзінскага майстра Мікалая Гомана

Мікалай Віктаравіч Гоман на Бярэзіншчыне — асоба вядомая і для гарадскіх жыхароў, і для вяскоўцаў. Ён майстар лазапляцення, які “зрабіў сябе сам”. А яшчэ ён – заўзяты ўдзельнік фестывалю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вясновы букет”, які праходзіць у Мінску, і ўдзельнік рэспубліканскага свята “Купалле”, якое наладжваецца штогод у аграгарадку “Александрыя” Шклоўскага раёна.


— Я шмат гадоў адпрацаваў у дарожнай арганізацыі – ДРБУ-192, — гаворыць Мікалай Віктаравіч, — шчыраваў на асфальтабетонным заводзе “Асмолаўка”. Быў і майстрам, і механікам, і варшчыкам бітуму. Вось неяк у час чарговага дзяжурства вырашыў сябе чымсьці заняць.
А ў кар’еры побач лаза расла. Назбіраў галінак, паспрабаваў плесці… Інтэрнэту ў мяне няма, сам вучыўся. І ўсё атрымалася! Якіх толькі кошыкаў цяпер не пабачыш у калекцыі Мікалая Віктаравіча! Самых розных памераў і выкананых у розных тэхніках пляцення: і вялікія — для бульбы ці гародніны, і маленькія – дэкаратыўныя, з аднаго боку плоскія, каб можна было павесіць на сцяну, і сярэдняга па-меру – для аматараў схадзіць у краму ці ў царкву. А для кагосьці кошыкі стануць цудоўным падарункам!
— Асноўны матэрыял для пляцення — лаза. А яе не збярэш, калі ўздумаецца. Варта ўлічваць пару года, — дзеліцца сакрэтамі Мікалай Віктаравіч. — Найлепш збіраць яе позняй восенню ці ранняй вясной. Пруткі, сабраныя восенню, маюць карычневыя адценні, а вясновая лаза будзе белай. Пруткі павінны валодаць некаторымі ўласцівасцямі. Перш за ўсё, быць гнуткімі.
Працэс падрыхтоўкі лазы вельмі працаёмкі. Спачатку трэба ачысціць галінкі ад кары, для гэтага іх прапарваюць: лаза закладваецца маленькімі пруткамі ў выварку ці якую іншую ёмістасць і заліваецца гарачай вадой, дзе кіпяціцца прыкладна гадзіну. Вось тады матэрыял атрымлівае другое жыццё. Затым пруткі сушацца і сартуюцца. Для вялікіх кошыкаў патрэбны больш тоўстыя, а для маленькіх, наадварот, танчэйшыя.
— Калі няма добрага настрою ці натхнення, — дадае майстар, — за справу я не бяруся. Так, як і добрая гаспадыня, ніколі не стане гатаваць сняданак у дрэнным настроі. Напэўна, гэта яшчэ адзін з сакрэтаў, чаму вырабы Мікалая Гомана карыстаюцца шырокім попытам. Акрамя кошыкаў, ён пляце яшчэ вялікія, авальнай формы ёмістасці для бялізны. На іх стварэнне трэба больш і падрыхтаванай лазы, і часу, і цярпення. У бярэзінскага майстра ўсяго гэтага дастаткова. А добры настрой дапамагаюць падтрымліваць дзеці і ўнукі.
Напэўна, многім вядома павер’е, што прадметы з лазы павялічваюць супраціўляльнасць арганізма перад хваробамі, паляпшаюць самаадчуванне, нібыта лаза, апрацаваная і аблашчаная ўвагай майстра, надае сіл і бадзёрасці кожнаму, хто трымае яе ў сваёй хаце ці кватэры.
Так, дзякуючы энтузіязму і таленту майстра, на Бярэзіншчыне працягвае жыць адно з самых старадаўніх рамёстваў.
Балазе, зараз у модзе натуральныя матэрыялы і рэчы ручной работы. А вырабы Мікалая Гомана разыходзяцца не толькі ў Бярэзінскім краі, а і амаль па ўсёй Беларусі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *