Самаізаляцыя ў пытаннях і адказах

Пастановай Савета Міністраў ад 8 красавіка № 208 “Аб увядзенні абмежавальных мерапрыемстваў” устаноўлены патрабаванні да самаізаляцыі і кантролю за яе выкананнем. Растлумачыць сэнс самаізаляцыі спяшаецца пракурор Бярэзінскага раёна Дзмітрый МАКАРЭВІЧ.

Што такое самаізаляцыя?

Самаізаляцыя – сукупнасць абмежавальных мер, якія ўводзяцца ўрадам для барацьбы з небяспечнымі хваробамі.

Каго датычыць самаізаляцыя?

У самаізаляцыі павінны знаходзіцца грамадзяне Беларусі і чужынцы, у якіх дыягнаставаны СOVID-19, а таксама кантакты першага і другога ўзроўняў. Названым асобам уручаецца патрабаванне аб выкананні правілаў паводзінаў у самаізаляцыі.

Чаму самаізаляцыя доўжыцца 14 дзён?

Два тыдні самаізаляцыі – час, калі хвароба можа праявіць першыя сімптомы. У гэтыя 14 дзён можна заразіць іншых людзей, таму важна ізалявацца.
Кантакты першага ўзроўню павінны пазбягаць зносін з іншымі людзьмі на працягу 14 дзён з даты апошняй сустрэчы з захварэўшым, другога ўзроўню — на перыяд наяўнасці сімптомаў (кашаль, боль у горле, цяжкае дыханне, павышэн-не тэмпературы).

Ці дадуць лісток непрацаздольнасці?

Указаным вышэй кантактам лісток непрацаздольнасці выдаецца на ўвесь тэрмін знаходжання асобна ад іншых людзей. Аднак пры парушэнні правілаў самаізаляцыі дапамога па часовай непрацаздольнасці выплачваецца ў памеры 50 % ад прадугледжанага заканадаўствам.

Якія правілы самаізаляцыі?

— Галоўная ўмова — не выходзіць з дому ўсе 14 дзён, нават для пакупкі прадуктаў і лекаў, атрымання пасылак, аплаты камунальных паслуг, выкідвання смецця.
Важна абмежаваць кантакты з іншымі людзьмі. Калі ўсё ж кантактаванне адбываецца, неабходна насіць медыцынскую маску ці рэспіратар.

Падчас самаізаляцыі трэба:

• мыць рукі з мылам перад прыёмам ежы, перад тым, як крануць вочы, нос, рот;
• рэгулярна праветрываць памяшканне і праводзіць вільготную ўборку з прымяненнем сродкаў бытавой хіміі. Асаблівую ўвагу надаваць дзвярным ручкам, прадметам мэблі, тэлефонным апаратам, пультам, камп’ютарным клавіятурам, мышкам, санітарна-тэхнічнаму абсталяванню;
• набываць прадукты і тавары варта праз інтэрнэт ці з дапамогай валанцёраў.

Бытавыя адходы варта ўпакаваць у двайныя трывалыя пакеты, шчыльна закрыць і выставіць за межы кватэры. Утылізаваць смецце можна папрасіць сяброў, суседзяў ці валанцёраў.
Калі вы пражываеце ў кватэры ці доме разам з іншымі людзьмі, па магчымасці знаходзьцеся ў асобным пакоі. Карыстайцеся асобным посудам, бялізнай і ручнікамі. Пры перамяшчэнні па кватэры выкарыстоўвайце медыцынскую маску, дакранайцеся да дзвярных ручак і іншых паверхняў праз сурвэтку ці ў аднаразовых пальчатках.
І яшчэ, не забудзьце паведаміць наймальніку аб сваёй адсутнасці на працы.

Калі пагоршыўся стан?

Калі вы знаходзіцеся на самаізаляцыі і ваш стан пагоршыўся — тэмпература паднялася вышэй за 37 градусаў, з’явілася задышка, — выклікайце хуткую дапамогу. Падчас тэлефанавання варта паведаміць, што вы з’яўляецеся кантактам першага ўзроўню ці хворым на СОVІD-19.
Калі стан пагоршыўся па прычынах, не звязаных з каранавіруснай інфекцыяй (павышэнне артэрыяльнага ціску, боль у сэрцы, боль у жываце), выклік брыгады хуткай дапамогі ажыццяўляецца ў звычайным парадку, удакладняючыя пытанні вам задасць дзяжурны па прыёме і перадачы выклікаў.

Як падтрымліваць сувязь з роднымі і сябрамі?

Вы можаце кантактаваць з роднымі і сябрамі па тэлефоне ці з дапамогай іншых сродкаў сувязі.

Што пагражае ў выпадку парушэнняў патрабаванняў самаізаляцыі?

Парушальніку пагражае адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Сума штрафаў дасягае 50 базавых велічынь.

— На сённяшні дзень на самаізаляцыі ў Бярэзінскім раёне знаходзіцца 39 чалавек, — расказвае старшы ўчастковы інспектар аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Мацкевіч. — Штодзень ім уручаецца пастанова аб выкананні правілаў самаізаляцыі. Такія мерапрыемствы вартавыя правапарадку і работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць ужо з 25 красавіка. Сур’ёзных парушэнняў не выяўлена, няма і штрафаў.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *