Шчасце – добры спадарожнік

Машыніст цеплавоза — Уладзімір Філічонак

Уладзімір Філічонак, хоць ён гэтага можа і не ўсведамляе ў поўнай меры, – сапраўды, шчаслівы чалавек. Бо шмат чаго з усяго, што акружае яго, дае яму дзейсны стымул радавацца жыццю і рабіць яго паўнацэнным, з аддачай працаваць і быць добрым сем’янінам.

Пачнём з таго, што Уладзімір гэтымі выхаднымі будзе адзначаць сваё прафесійнае свята. Другі месяц запар. Як такое можа быць? Усё проста: Уладзімір Валянцінавіч працуе на торфапрадпрыемстве “Бярэзінскае” машыністам цеплавоза і таму Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці і Дзень чыгуначніка – для яго роднасныя святы. І сямейныя.

Так, работа машыніста перадалася яму “ў спадчыну” ад бацькі Валянціна Пятровіча, які адпрацаваў на тагачасным торфабрыкетным заводзе больш за 40 гадоў і зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Яшчэ юнаком-школьнікам бываў Валодзя на гэтым прадпрыемстве. У час летніх канікул, будучы старшакласнікам, не раз уладкоўваўся на сезонную працу па абслугоўванні чыгуначных пуцей, каб падзарабіць да новага навучальнага года. Усё тут падабалася юнаку – і ўмовы працы, і дружны калектыў, і рамантыка прыроды, і тое, што побач заўсёды бацька – чалавек аўтарытэтны і паважаны сярод калег.

Таму пасля заканчэння школы Уладзімір без асаблівых разваг праторанай сцежкай прыйшоў у гэты калектыў. Вярнуўся сюды ж і пасля службы ў арміі. Напачатку сваёй біяграфіі паспеў праявіць сябе ў розных спецыяльнасцях – манцёра пуцей, састаўнік паяздоў, машыніст крана па пагрузцы торфу. Прафесію машыніста цеплавоза асвойваў пад кіраўніцтвам бацькі, нейкі час з’яўляўся яго памочнікам, а затым, пасля вучобы ў Баранавічах і атрымання адпаведнага пасведчання, стаў самастойна вадзіць саставы пазменна з Валянцінам Пятровічам.

– Сёння на прадпрыемстве засталося толькі два машыністы цеплавоза, – расказвае Уладзімір, – я і мой калега Мікалай Шмэрка. Так што прафесія мая ў раёне вельмі рэдкая. Хаця да чыгуначнікаў у нас адносяцца і іншыя спецыялісты, якія працуюць на пуцях, ёсць і ветэраны гэтай галіны. Калі вучыўся ў Баранавічах, свядома выбраў работу іменна на вузкай каляіне, менавіта такія пуці пракладзены ў нас на торфаўчастак Іванаўскае, дзе прадпрыемства здабывае торф. За ўвесь час работы ніколі і ніколькі не шкадаваў аб зробленым выбары і прафесіі, і калектыву. Ды і працаваць жа патрэбна ўсюды. І абавязкова – сумленна.

Якраз сумленне і адказнасць да даручанага ўчастка вылучаюць Уладзіміра Валянцінавіча (відаць, гэтыя жыццёвыя якасці перадаліся яму ад бацькоў). Таму ў яго скарбонцы ўжо не адна ўзнагарода. Вось і да сёлетняга свята мужчына адзначаны граматай галіновага міністэрства.

Так у штодзённай працы і бягуць непрыкметна гады. Налета на працоўным календары У. Філічонка будзе своеасаблівы юбілей – 30 гадоў работы на торфапрадпрыемстве. А колькі будзе іх яшчэ наперадзе! Не менш прадукцыйных і напружаных, побач з якімі заўсёды ёсць годнае месца для актыўнага адпачынку. Ніводзін турзлёт, ні адно спаборніцтва, на якіх калектыў выстаўляе сваю каманду, не абыходзіцца без удзелу Уладзіміра – члена прафкама, адказнага за спартыўнае жыццё калектыву, няўрымслівага спартсмена. Яго канёк – настольны тэніс (сябруе з ім яшчэ са школы і нават лічыўся лепшым тэнісістам вобласці сярод юніёраў) і футбол.

Ёсць і дамашнія захапленні. Першае з іх, як у чалавека, які вырас на беразе рэчкі, — гэта рыбалка: на вудачку, на спінінг, тролінгам з маторнай лодкі (ёсць і яна, абсталяваная імпартным маторам). Узнагародай за захапленне з’яўляюцца някепскія ўловы, найбольш буйныя з якіх перавышаюць 10 кілаграмаў – і гэта толькі адна рыбіна, той жа шчупак або сом!

А яшчэ большым захапленнем для Уладзіміра з’яўляецца яго сям’я – жонка, дзве дачкі і… ужо двое ўнукаў. Вось дзе ўцеха і шчасце маладому дзядулю!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *