Шчаслівы муж, выдатны тата, добры гаспадар — усё гэта пра Рамана Асадчага

Раніца. Малады мужчына Раман Асадчы ідзе па вуліцы. На руках трымае малодшага сыночка Арцёмку, за руку — старэйшага Міраслава. Усе дружна крочаць у садок. А праводзіць іх, частуе смачным сняданкам, жадае шчаслівага дня любімая жонка і матуля Анжаліка. І, вядома ж, дорыць усмешку (калі ўжо прачнуўся!) самы маленькі сыночак Яўгеній.

Увесь вольны час Раман Асадчы праводзіць з любімай жонкай Анжалікай і сыночкамі Міраславам, Арцёмам і Яўгеніем

Раман не мясцовы. У 1998 годзе з сям’ёй пераехаў у Беларусь з Амурскай вобласці. Да Беразіно гэта прыблізна 11000 кіламетраў. Як кажуць, свет няблізкі. Закончыў Мінскі інстытут кіравання, факультэт камунікацый і права. Працуе на станцыі “Белтэхагляд”. А Анжаліка вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным каледжы і ўніверсітэце культуры. “Шчыруе” зараз матуляй траіх сыночкаў – знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.
Гісторыя знаёмства ў Анжалікі і Рамана неверагодная, не ўсе нават вераць, што такое магчыма… Неяк Анжаліка ляжала ў бальніцы ў палаце разам з адной дзяўчынай. Тая распавяла ёй гісторыю: маўляў, ёсць хлопец — Рома Асадчы, да яго прычапілася адна дзяўчына, не дае спакою. Патэлефануй ёй, скажы, што ты каханая дзяўчына Рамана. Анжаліка так і зрабіла…
— Прайшло дзесьці год-паўтара, — расказвае Анжаліка. — Сяброўка паклікала мяне прагуляцца і пазнаёміла з Раманам. Спачатку мне было няёмка, здавалася, што ён ведае пра тую гісторыю… Як аказалася, не. Я яму распавяла, разам пасмяяліся. Вось так: гаварыла, што я дзяўчына Рамана, а стала жонкай… Так лёс-чараўнік і звёў нас.
Знаёмы яны ўжо 11 га-доў, а “стаж” сямейнага жыцця – 7.
— Мне пашчасціла. За Раманам я, сапраўды, за мужам! Ён наш абаронца, любімы муж і тата, — гаворыць Анжаліка. – Мяне радуе, што дзеці цягнуцца за Раманам. Пагадзіцеся, хлопчыкам патрэбен сапраўдны тата, аўтарытэт. Каб вучыцца ў яго, абмяркоўваць розныя пытанні, раіцца…
— Памятаю, абараняў дыплом, а на наступны дзень у нас было вяселле з Анжалікай, — кажа Раман і дадае: – Сям’я – гэта маё самае вялікае шчасце, багацце. У нас трое такіх цудоўных гарэз-хлапчукоў. З імі, вядома ж, сумаваць не прыходзіцца. Раніца пачынаецца з таго, што старэйшыя пацягваюць мяне за вушы, быццам будзяць. Адзін — за адно, другі — за другое. А хутка ж падрасце і трэці…
Раман увесь вольны час імкнецца праводзіць з сям’ёй. У іх, сапраўды, няма падзелу на “мужчынскую” і “жаночую” работу. Яны ўсё робяць разам, дапамагаюць адзін аднаму, падтрымліваюць.
— А як жа іначай? Мы ж сям’я, — зазначаюць Асадчыя. – Мы адно цэлае, іначай і немагчыма. А “рэцэпт” сямейнага шчасця, дабрабыту, здаецца, просты. Галоўнае – разумець адзін аднаго і саступаць, слухаць і чуць. Вядома ж, гэта ўдаецца не заўсёды. У кожнага свой характар…
Здаецца, на першы погляд Раман і Анжаліка зусім розныя. Але, як кажуць, супрацьлегласці прыцягваюцца. Анжаліка – тэмпераментная, імпульсіўная, хуткая, няўрымслівая. А Раман наадварот – разважлівы, удумлівы, спакойны. Вось і сыночкі характарам усе ў тату: спакойныя, але настойлівыя… Нават двухгадовы Арцём часта настойліва просіць, каб тата ўзяў яго з сабой на рыбалку. Пакуль, праўда, не ведае дакладна, што гэта такое. Але на наша пытанне, ці паедзе з татам на рыбалку, гучна адказвае:
— Так!
Сапраўды, любімае хобі, “хвароба” Рамана – рыбалка.

Не аднаго такога велізарнага шчупака Раман Асадчы вылавіў у Беразіне!

— Дзесьці два гады таму нават ездзіў у Астраханскую вобласць, за дзве тысячы кіламетраў. Жонка адпусціла на невялікія канікулы. Люблю лавіць толькі вялікую рыбу (да прыкладу, шчупака), а маленькую – адпускаю. Некаторыя нават не вераць, што ў нас у Беразіне можна злавіць шчупака на кілаграмаў 7-8. Галоўнае – жаданне і настойлівасць. Звычайна я адпраўляюся на рыбалку на “казанцы” вышэй па Беразіне. І са мной часта ловіць рыбу Міраслаў. Вядома ж, яму складана ўседзець, але так хочацца. І калі ўдаецца злавіць рыбу, вочы “гараць” і ў мяне, і ў Міраслава.
А вось Анжаліка па натуры больш творчы чалавек. Да прыкладу, зараз Асадчыя будуюць дом мары. Анжаліка ўсё сама спланавала, намалявала, толькі ўда-
кладняюць, адточваюць некаторыя моманты з архітэктарам.
— Мы з нецярпеннем чакаем, калі пачнецца будоўля, будзем разам шчыраваць там, — дадаюць Асадчыя.
Вядома ж, ёсць у Асадчых і сямейныя традыцыі – разам, усёй сям’ёй, адзначаць дні нараджэнняў і дзень стварэння іх сям’і.
— Ці адзначаем 23 лютага? Так, – гаворыць Раман, — але, шчыра прызнаюся, для мяне падарункі – гэта не галоўнае. Куды большы падарунак, калі Анжаліка проста павіншуе на словах ад душы… Для нас галоўныя святы – дні нараджэнняў, гадавіны вяселля. А астатнія святы – нагода сабрацца ўсёй сям’ёй.
Пакуль гутарым, Жэню на руках з пяшчотай трымае Анжаліка, ён з цікаўнасцю пазірае на нас, раз-пораз штосьці дадае на “сваёй” мове. Арцём гуляе з лега і таксама нам расказвае, у большасці, пра рыбалку. Міраслаў туліцца да таты. На дзетак з пяшчотай пазіраюць Анжаліка і Раман. Адчуваецца, што, сапраўды, у гэтай сям’і пануюць любоў, павага, узаемаразуменне…
— Мог бы я ўправіцца адзін з трыма хлапчукамі? Упэўнены, што так, — гаворыць Раман. – Але пакуль такога вопыту не было. Заставаўся адзін толькі з двума, калі Анжаліка была ў радзільным аддзяленні. Заводзіў у садок, карміў, чытаў казкі, гуляў, забаўляў… Я люблю сваіх сыночкаў, жонку, і час, праведзены з роднымі, – самы шчаслівы.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота з сямейнага архіва герояў і аўтара.

Шчаслівы муж, выдатны тата, добры гаспадар — усё гэта пра Рамана Асадчага: 1 комментарий

  • 23 февраля 2020 в 12:09
    Permalink

    Отличная семья!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *