У Бярэзінскім раёне дзейнічае забарона на лоўлю шчупака

Шчупак – жаданая здабыча для рыбаловаў-аматараў, а яе лоўля – захапляльны занятак. Аднак ёсць перыяды, калі гэты від знаходзіцца пад асаблівай аховай. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі (за выключэннем Віцебшчыны) з першага веснавога дня – 1 сакавіка — пачала дзейнічаць забарона на лоўлю шчупака, якая працягнецца да 15 красавіка; у Віцебскай вобласці забарона будзе дзейнічаць з 9 сакавіка да 25 красавіка.

Ахоўныя меры звязаны з пачаткам нерасту ў дадзенага віду. Шчупак ідзе на нераст раней за іншых вясенне-нераставых рыб, паколькі не так патрабавальны да прагрэву вады, а іншы раз нерасціцца нават пад лёдам. Прэснаводны драпежнік вельмі важны для балансу іхціафаўны, ён з’яўляецца свайго роду рэгулятарам: знішчае малакаштоўную дробязь, хворых і аслабленых рыб, што спрыяе лепшаму росту каштоўных відаў і аздараўленню іх папуляцый.
Лоўлі шчупака ў час нераставай забароны лепш пазбягаць, бо за кожную незаконна здабытую асобіну спаганяецца шкода ў трайным памеры – па 9 базавых велічынь (243 рублі). Таксама парушальніку можа быць прызначаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, згодна з арт. 15.35 КоАП Рэспублікі Беларусь. Прычыненне шкоды на суму 100 і больш базавых велічынь цягне крымінальную адказнасць і яшчэ больш суровыя санкцыі.
Што ж рабіць, калі шчупак усё-такі трапіў на кручок? Неабходна, па магчымасці, без пашкоджанняў, адпусціць яго ў вадаём.
Таксама нагадваем, што да 31 сакавіка дзейнічае забарона на лоўлю сома звычайнага. Сума кампенсацыі ўрону ў выпадку незаконнай здабычы адной асобіны ў забаронены перыяд складзе 12 базавых велічынь (324 рублі).
Аматарам прыроды дадаткова паведамляем, што захаваць і памножыць жывёльны і раслінны свет можна не толькі прытрымліваючыся правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, але і паведаміўшы аб фактах браканьерства ў Бярэзінскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету па тэлефоне “даверу” (8-01715) 5-31-38.
Да таго ж, з 11 сакавіка ўступіла ў сілу пастанова №2 “Аб устанаўленні забароны на лоўлю рыбы ў 2020 годзе”, згодна з якой прадугледжана змяненне тэрмінаў забароны на лоўлю рыбы, устаноўленых у пункце 105 Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства: для Брэсцкай і Гомельскай абласцей у перыяд з 12 сакавіка па 18 мая; для Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай — з 22 сакавіка па 30 мая; для Віцебскай вобласці — з 31 сакавіка па 8 чэрвеня.

Дзмітрый ЖУКОЎСКІ,
намеснік начальніка Бярэзінскай міжраённай інспекцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *