Што ўяўляе сабой аптэчная сетка Бярэзінскага раёна

Думаю, многія чулі выраз “дакладна, як у аптэцы”. А што ён абазначае, якімі якасцямі павінен валодаць фармацэўт, ды і, увогуле, што ўяўляе сабой аптэчная сетка нашага раёна? Аб гэтым напярэдадні свята мы пагутарылі з загадчыкам цэнтральнай раённай аптэкі Аляксандрам Закамалдзіным.


— Аляксандр Сяргеевіч, раскажыце, што ўяўляе сабой аптэчная сетка ў нашым раёне?
— У Бярэзінскім раёне дзяржаўнай формы ўласнасці, уключаючы нашу, 5 аптэк: чатыры ў горадзе, адна ў сельскай мясцовасці (у аграгарадку Пагост). У Беразіно таксама працуюць тры недзяржаўныя аптэкі. Цэнтральная раённая аптэка ўваходзіць у склад РУП “Мінская фармацыя”. На мой погляд, такой колькасці аптэк для горада дастаткова. А ў сельскай мясцовасці лекі можна набыць таксама на ФАПах, у амбулаторыях урача агульнай практыкі, участковых бальніцах.
— Чаму, на Ваш погляд, узнік такі выраз “дакладна, як у аптэцы”?
— Усё даволі проста. Дакладнасць, адказнасць – галоўныя якасці добрых фармацэўтаў. Мы павінны добра ведаць найменні лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэпта, а на якія павінен абавязкова ён быць. Так, фармацэўты і правізары – вечныя студэнты. Мы пастаянна займаемся самаадукацыяй, павышаем кваліфікацыю, іначай – працаваць не зможам. Бо на рынку лекавых прэпаратаў пастаянна з’яўляюцца навінкі, з якімі мы павінны быць знаёмы, каб параіць пакупнікам той ці іншы сродак. А яны ўжо самі выбіраюць, якім лекам аддаць перавагу. Тут значную ролю іграюць кошт і краіна вытворчасці.
— А якім лекам аддаюць перавагу: беларускай ці замежнай вытворчасці?
— У большасці, пакупнікі арыентуюцца, як кажуць, на свой кашалёк. Лекі, да прыкладу, беларускай вытворчасці каштуюць танней. Але іншы раз спрацоўваюць стэрэатыпы: чым даражэй, тым лепш. Але гэта не заўсёды так. Таму ёсць прыхільнікі як лекаў беларускай вытворчасці, так і замежнай.
— Ці прадугледжаны скідкі пакупнікам?
— Скідкі ў памеры 5 працэнтаў на лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці прадугледжаны для пенсіянераў, шматдзетных сем’яў, інвалідаў. Зразумела, для гэтага неабходна прадаставіць дакумент, што з’яўляецца падставай для скідкі. Таксама для ўсіх, хто мае электронны рэцэпт, дзейнічае скідка 3 працэнты на ўсе тавары айчыннай і імпартнай вытворчасці.
— Дарэчы, як бярэзінцы адносяцца да “электронных рэцэптаў”?
— Спачатку з перасцярогай. Бо ўсё ж прывыклі да “папяровых”. Таму іншы раз баяліся, што па электронных ім не прададуць тое альбо іншае лякарства. Зараз прывыклі. І зразумелі, што гэта вельмі зручна, ды яшчэ і скідкі прадугледжаны.
— Зараз ідзе другая хваля каранавіруснай інфекцыі. Ці гатова аптэка да “кароны”?
— Як бачыце, у аптэцы абазначаны “лініі дыстанцыі”, рукі можна апрацаваць антысептыкам. У продажы ёсць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання — аднаразовыя, многаразовыя маскі, як тканевыя, так і марлевыя. Ёсць у продажы і антысептычныя сродкі: па 100 мілілітраў, 500, па літру, нават пяцілітровыя каністры. Дарэчы, падчас першай хвалі “кароны” ў нас таксама ўсё было ў наяўнасці і ў вялікіх колькасцях: і маскі, і антысептыкі, і аднаразовыя пальчаткі. Забяспечвалі сродкамі індывідуальнай аховы як пакупнікоў, так і арганізацыі, прадпрыемствы, установы раёна. Спадзяёмся, што і зараз справімся. Але галоўнае — не проста набыць маскі, антысептыкі, а правільна імі карыстацца. І, вядома ж, захоўваць іншыя меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі: сацыяльнае дыстанцыраванне, здаровы лад жыцця. Будзьце здаровымі!

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *