Што думаюць наконт вакцынацыі бярэзінцы?

У Беларусі распачалася вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі. Як адзначана на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя, для вакцынацыі выкарыстоўваецца расійская вакцына “Спутник V”. Першымі прывіцца змогуць — медыцынскія работнікі, педагогі і тыя спецыялісты, якім па прычыне асаблівасцей прафесіі даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі. Вакцынацыя праводзіцца ў добраахвотным парадку.

У інтэрнэце тэма стала адной з найбольш папулярных. Хтосьці выказваўся “за” вакцынацыю, іншыя — “супраць”…

А што думаюць на гэты конт жыхары Бярэзіншчыны?

Ніна ЕРМАЛОВІЧ, пенсіянерка:

— Калі будзе магчымасць, абавязкова прайду вакцынацыю ад гэтай страшнай хваробы. Як паслухаю, што нават “лёгкая” форма захворвання зусім “нялёгкая”, страшна становіцца! Таму бездакорна выконваю меры прафілактыкі. Сама па сабе вельмі актыўная, не люблю сядзець на адным месцы. Але падчас пандэміі не наведваю нават гурткі ў аддзяленні дзённага знахожання для пажылых людзей Бярэзінскага ТЦСАН (навошта лішнія кантакты?). Выходжу, як я кажу, “у людзі” адзін раз на тыдзень: магазін, аптэка, банк. Абавязкова — у сродках індывідуальнай аховы!

Алеся ФАМЕНКА, жыхарка Беразіно:

— Ведаю, што ўжо распачалася вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі. Магчыма, і я хацела б зрабіць прышчэпку. Бо, мне здаецца, імунізацыя – гэта найлепшая абарона ад захворванняў.

Я працую ў дашкольнай установе адукацыі. Таму, вядома ж, бездакорна выконваю ўсе рэкамендацыі спецыялістаў па прафілактыцы. Вяду здаровы лад жыцця, выкарыстоўваю маскі, пальчаткі, заўсёды апрацоўваю рукі антысептычнымі сродкамі.

Мікалай ГРЫНКЕВІЧ, жыхар Беразіно:

— Вядома ж, абавязкова зраблю прышчэпку! Чаму? Каб не захварэць яшчэ раз на гэту страшную хваробу. Так, у першую хвалю “кароны” падхапіў захворванне. Працякала ў складанай форме: 30 дзён праходзіў лячэнне ў бальніцы. Вам не перадаць, як было цяжка… Больш не хачу паўтарэння… І нікому не пажадаў бы… Зараз абавязкова выконваю ўсе рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў. Не выходжу з дому без маскі, абавязкова ў кішэні — і антысептык! У магазінах не “ігнарую” “лініі дыстанцыі”. Пасля хваробы шмат часу праводжу на свежым паветры, вяду здаровы лад жыцця. І сачу за інфармацыяй: як толькі можна будзе прайсці вакцынацыю, абавязкова зраблю “ўкол” ад “кароны”.

Сяргей СТУДНЕЎ, працуе ў пачатковай школе:

— Бясспрэчна, ведаю, што ўжо распачалася вакцынацыя. Так, я б з радасцю зрабіў прышчэпку. Зараз імкнуся выконваць усе рэкамендацыі спецыялістаў. Маскі, пальчаткі, антысептыкі, “лініі дыстанцыі”!

Аксана ДЗЯХЦЯР, прадавец:

— Не, пакуль мы, наша сям’я, не гатовы рабіць прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі. Як засцерагаемся ад “кароны”? Абавязкова выкарыстоўваем у грамадскіх месцах (магазіне, банку, на пошце…) маскі і пальчаткі. Гэта ўжо ўвайшло ў звычку!
P.S. Мы таксама правялі апытанне ў групах у сацыяльных сетках. Пытанне тое ж: «Ці ёсць жаданне зрабіць прышчэпку ад карана-віруснай інфекцыі?»

У Instаgram прагаласавала 107 чалавек: за адказ “так” – 24, “не” – 83. У сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ў апытанні прыняло ўдзел 50 чалавек: за адказ “так” – 8, “яшчэ думаю” – 8, “не” — 34. У тэлеграм-канале прагаласавала 30 чалавек: “так” – 5, “не” – 20, “яшчэ думаю” – 5!

Такім чынам, у нашым апытанні прыняло ўдзел 192 чалавекі

Заўважана, што за вакцынацыю выступаюць у большасці людзі працоўнага ўзросту, тыя, што ўжо перахварэлі на “карону”, альбо хтосьці з іх блізкіх, родных, знаёмых.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *