Што галоўнае: вал альбо рубель? Адказ на гэта пытанне ведаюць ва УП “АграМАЗ”

Аператар па вырошчванні маладняку ўнітарнага прадпрыемства “АграМаз” Алена Кудзіна ні ўласнага шчасця, ні вялікіх заробкаў, акрамя сваёй роднай вёскі Васілеўшчына, нідзе не шукала і не памылілася. Жанчына ў свае 50+ шчаслівая ў шлюбе, вырасціла двух сыноў, дапамагае выхоўваць унучку і ўжо шмат гадоў запар лічыцца лепшым жывёлаводам гаспадаркі.

– Я трыццаць чатыры гады старанна даглядаю цялятак, – расказвае аператар пра сябе, — а пачынала свой шлях у жывёлагадоўлю, калі тут амаль усё рабілася ўручную, на ферме нават стаялі печы і даглядалі мы максімум па 70 жывёл. Сёння ж стала значна лягчэй, бо фізічнай працы менш, аднак колькасць цялятак у маёй групе вырасла да 190 жывёл, якія ў суткі прырастаюць на 941 грам. Прывагі не павінны змяншацца, бо надзейна захоўваецца тэхналогія вырошчвання і маецца выдатны стымул рухацца наперад – дастойны заробак.
Так жывёлавод вывела сваю формулу вядзення гаспадарчых спраў на фермах УП “АграМАЗ”.
Аграпрадпрыемства — адно з вядучых у раёне па прадукцыйнасці жывёлы і валавой вытворчасці малака. Па выніках работы за студзень-красавік мясцовыя аператары машыннага даення прадалі дзяржаве 2583,7 тоны малака, надаілі ад 1240 рагуль па 2146 кілаграмаў. Праўда, па выніках работы за 5 месяцаў, ужо некалькі работнікаў вядучых малочнатаварных фермаў паспяхова перайшлі мяжу ў тры тысячы кілаграмаў малака ад каровы.

Алена Кудзіна па выніках работы за 5 месяцаў 2020 года давяла валавыя прыбаўленні жывёлы ў вазе да 25332 кілаграмаў. І гэта, па словах жанчыны, не мяжа, бо яе цяляты радуюць укормленасцю і дагледжанасцю. Магчыма, у будучым з іх атрымаюцца самыя высокапрадукцыйныя рагулі ў раёне

На жаль, гэтыя рэкорды пакуль не асабліва ўздымаюць настрой кіраўніцтва і работнікаў гаспадаркі. Ужо каторы год, як саступілі яны пальму першынства ў вытворчасці малака даўняму канкурэнту — сельгасфіліялу “Ома”. На тое ёсць шэраг аб’ектыўных прычын: адбылася кардынальная трансфармацыя дзвюх гаспадарак, якая запатрабавала ад кіраўніцтва змяненняў у вядзенні гас-падарчай дзейнасці і падарыла новы імпульс для развіцця вядучай галіны –
жывёлагадоўлі. Гэта дае надзею вярнуць сабе былое бясспрэчнае лідарства.
Гаспадарка першай у раёне асвоіла мадэрнізацыю жывёлагадоўчых аб’ектаў. У 2012 годзе пачала работу малочнатаварная ферма на 200 галоў з даільнай залай. Асноўным інвестарам будаўніцтва стаў аўтамабільны холдынг. Аднак трэба аддаць належнае: ферму пабудавалі літаральна з нуля і менш чым за
тры месяцы.
– Мы і тады, і сёння не цалкам залежым ад інвестара, — падкрэслівае кіраўнік гаспадаркі Валерый Цэдрык. — Апошнія гады не ўзялі ніводнага рубля на выплату заробку і вядзення бягучай вытворчасці. Сродкі ў большасці сваёй паступаюць ад рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі і збожжа. Напрыклад, цяпер малако з нашых фермаў пастаўляем на фірму “Данон”, якая разлічваецца з пастаўшчыкамі своечасова і па “нашых” цэнах.
Зразумела, што сродкаў на мадэрнізацыю новых жывёлагадоўчых аб’ектаў не хапае. Таму без дапамогі інвестара не абыходзіцца. Так, закупляецца сучасная беларуская энерганасычаная тэхніка для ўборкі збожжа кукурузы, што абяцае пры належнай ураджайнасці мясцовым аграрыям дасягнуць значна большай рэнтабельнасці яе вырошчвання. Акрамя таго, выдатна сябе зарэкамендавала практыка браць на выпрабаванне грузавыя аўтамабілі маркі МАЗ. А летась тут быў на гэтых умовах нават мікрааўтобус.
— Аднак памылкова думаць, што мадэрнізацыя і абнаўленне машынна-трактарнага парка мясцовым работнікам не каштуюць ні рубля і прадпрыемства развіваецца за кошт шчодрага інвестара, — удакладняе Валерый Мікалаевіч. – Толькі ў мінулым годзе пазыка на мадэрнізацыю фермаў склала 862 тысячы рублёў, з якіх гаспадарка плаціць па стаўцы ў 5 % гадавых. Каб выплаціць, рупіцца трэба ўсім і на кожным участку. Таму ад работні-каў гаспадаркі патрабуюцца падвоеная самааддача, прафесіяналізм і адказнасць. Так, вытворчасць працы ў нас цесна мяжуецца з заробкам. Калі летась сярэдні заробак наблізіўся да 900 рублёў, дык селёта ён ужо складае тысячу. Ды і больш за гэту суму ў нас атрымліваюць не толькі спецыялісты, але і работнікі фермаў і палёў.
Праўда, такія грошы трымаюць у руках работнікі са значнымі вынікамі працы, бо на прадпрыемстве даўно навучыліся не толькі ўкладваць сродкі, але і пралічваць кожны рубель. Так, тут мэтанакіравана вядуць будаўніцтва новых жывёлагадоўчых аб’ектаў і мадэрнізацыю фермы для раздою цялушак у вёсцы Васілеўшчына. Дзеля гэтага працуюць над паляпшэннем генетыкі і кармавой базы. Бал зямлі і невысокая закупачная цана на збожжа не дазваляюць разбагацець на збожжавых культурах. Таму плануецца гандляваць кармамі, якія тут традыцыйна якасна вырошчваюцца, нарыхтоўваюцца і захоўваюцца. Ды і асвойваецца адкорм жывёлы.
— Задача перад намі стаіць не проста быць першымі па валавой вытворчасці і мець самы высокі паказчык, а дабіцца таго, каб укладзеныя інвестарам і заробленыя намі сродкі прыносілі прыбытак і папаўнялі бюджэт гаспадаркі, — падкрэслівае Валерый Мікалаевіч. — Тады селяніну не трэба будзе плячо гараджаніна і заробак ён, як і ў горадзе, пачне лічыць на тысячы.

Кіраўнік аддзялення “Васілеўшчына” Васіль Трэццякоў дэманструе мадэрнізаваную даільную залу. — Перадавыя аграрыі нават у часы крызісу шчодра ўкладвалі грошы ў мадэрнізацыю і асваенне новых тэхналогій, — зазначае спецыяліст. — Гэта самыя дзейсныя ўкладанні ў эканоміку, новыя рабочыя месцы і дабрабыт краіны. Яны лічаць прыярытэтным не крочыць у нагу з часам, а апярэджваць яго

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *