Што прапануюць спартыўныя аб’екты Бярэзіншчыны ў выхадныя дні

Напярэдадні ў кожнага з нас калядныя і выхадныя дні. Ужо, напэўна, многія пачалі задумвацца, як правесці іх ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, калі паходы ў госці, масавыя мерапрыемствы трапілі пад “забарону”.

Нямала ёсць жадаючых у Беразіно «падцягнуць» форму ў трэнажорным зале

Вядома ж, можна насуперак усяму не адыходзіць ад святочнага стала і дзяжурыць каля лядоўні,
а яшчэ прыемна ўдосталь адпачываць перад вялікім экранам тэлевізара. Гэта бяспечна ў плане прафілактыкі каранавіруса, але надзвычай сумна і аднастайна. Ды і наўрад ці такі адпачынак прынясе вялікую карысць? А што калі выбраць нешта займальнае для ўсёй сям’і?

У такім выпадку раім звярнуць увагу на спартыўныя і аздараўленчыя ўстановы раёна, якія ў гэтыя дні перажываюць сапраўдны бум.

Так, у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Лазурный” вялікай папулярнасцю карыстаюцца заняткі па аэробіцы. Не пустуе і трэнажорная зала, якую ўпадабалі не толькі аматары здаровага ладу жыцця з ліку мужчын, але і прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва за вялікі набор спартыўных трэнажораў, прылад, пазітыўную атмасферу і бездакорнае захаванне ўсіх супрацьэпідэміялагічных норм.

Спадзяёмся, маразы дазволяць запрасіць бярэзінцаў на каток

— Цяпер спадзяёмся на маразы, якія нарэшце дазволяць запрасіць бярэзінцаў на каток, — гаворыць дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Васіль Аўчарэнка. — Гэта ж упадабаная зімовая забава для дзятвы і дарослых. Ужо стаіць напагатове і набор канькоў усіх памераў.

Тым жа, каму рухомасць і зімовае паветра не па душы, у цэнтры прапануюць зарадзіцца бадзёрасцю ў саўне і більярднай.

Не пустуе ў другой палове дня і раённая спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву. Займаецца ў спартыўных секцыях па футболе, плаванні, грэка-рымскай барацьбе, тэнісе тут дзятва, ды і ёсць чым заняцца маладым людзям і прадстаўнікам сталага ўзросту.

— Упадабаны бярэзінцамі плавальны басейн і заняткі аквааэробікай, — зазначае дырэктар установы Аляксандр Сахончык. — А яшчэ нямала ёсць жадаючых «падцягнуць» форму ў трэнажорнай зале, атрымаць пэўную кардыянагрузку ў ходзе заняткаў. Апрача гэтага, сям’ёй можна адпачыць у нашым кафэ альбо саўне.

 

Звяртаем увагу, што ўсе спартыўныя і аздараўленчыя аб’екты аказваюць паслугі пракату і працуюць ва ўсе дні, акрамя афіцыйных свят. Сюды ўваход адкрыты для ўсіх! Адзіная ўмова — абавязковае выкарыстанне медыцынскай маскі і выкананне норм сацыяльнага дыстанцыравання!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *