Што прымушае абавязаных асоб здзяйсняюць прагулы?

Злоўжыванне алкагольнымі напоямі нярэдка прыводзіць да таго, што людзі ідуць супраць закону, з-за цягі да “зялёнага змея” страчваюць сваіх дзетак.

У ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” прайшло пасяджэнне назіральнай камісіі на чале з яе старшынёй, намеснікам старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімірам Навіцкім

У мінулую сераду ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” прайшло пасяджэнне назіральнай камісіі на чале з яе старшынёй, намеснікам старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімірам Навіцкім.

На камісію запрасілі абавязаных асоб, людзей, якія нядаўна вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.

Як ні дзіва, большасць запрошаных – жанчыны, абавязаныя асобы. Іх дзеці да 18 гадоў выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях, сацыяльных прытулках, а яны выплачваюць частку сваёй зарплаты на іх утрыманне. Альбо, дзецям ужо больш за 18 гадоў, а ў “любячых” матуль — велізарныя запазычанасці на іх утрыманне. Здаецца, такая сітуацыя, увогуле, не турбуе “матуль”. Яны здзяйсняюць прагулы.

— Вы працуеце зараз у паляводстве, магчыма, хацелі б перайсці на іншую працу, паспрабаваць сябе ў якасці даяркі?! Там і заробкі вышэй: больш выплачваць будзеце дзеткам і вам на жыццё значная сума застанецца, – звяртаецца да адной з жанчын У. Навіцкі.

— Не! Мяне мая работа задавальняе. Не хачу нічога мяняць, — адказвае жанчына.

— А чаму здзяйсняеце прагулы, у гэтым годзе ўжо – 5?! — пытаюцца члены камісіі.

— Так атрымалася…

— Паглядзіце, у якой іншай дзяржаве так клапоцяцца пра людзей, – працягвае У. Навіцкі. – Вы нарадзілі дзетак – не думаеце пра іх. Дзяржава ўсім іх забяспечвае. Вам дапамаглі з працаўладкаваннем. Дык вы яшчэ і не хочаце працаваць, здзяйсняеце прагулы.

Прагулы ў большасці, як аказалася, здзяйсняюцца з-за злоўжывання алкагольнымі напоямі. Некаторыя жанчыны ўжо нават паспелі пабываць у лячэбна-працоўных прафілакторыях.

— Папярэджваю, з 1 студзеня дзейнічае новая прававая норма. Згодна з ёй зараз, калі чалавек накіроўваецца па рашэнні суда ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛТП), то ўжо тэрмінам не на год, як было раней, а на два гады (а за дрэнныя паводзіны менавіта ў ЛТП – тэрмін можа падоўжыцца да 3 гадоў!), — патлумачыў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Бярэзінскага РАУС капітан міліцыі Вадзім Сакаў.

На пасяджэнне запрасілі і асоб, якія нядаўна вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Яны пакуль не знайшлі месца працы, а дакладней, пакуль не хочуць працаваць.

— Галоўнае, каб у вас саміх было жаданне працаўладкавацца, — заўважыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Вольга Калячка. – У нас у раёне дастаткова вакансій. Вам толькі патрэбна звярнуцца ў сектар занятасці, дзе вам падкажуць, як дзейнічаць далей.

— Члены назіральнай камісіі заўсёды гатовы дапамагчы і абавязаным асобам, і людзям, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Дапамагаем знайсці працу, сацыялізавацца, падтрымліваем парадамі. Але тут вельмі важна, каб сам чалавек хацеў вярнуцца да нармальнага ладу жыцця, — падкрэсліў У. Навіцкі.

У тэму

У мінулую суботу ў Бярэзінскім РАУС прайшло прафілактычнае мерапрыемства для людзей, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Асноўная мэта такіх сустрэч – дапамагчы людзям з сацыялізацыяй.

Начальнік крымінальна-выпраўленчай інспекцыі міліцыі Уладзімір Каўзуновіч расказаў аб відах дапамогі, на якую могуць прэтэндаваць раней асуджаныя, куды звярнуцца для атрымання пашпарта, дзе дапамогуць з пошукам працоўнага месца.

— Калі, да прыкладу, у вас няма дзе пражываць, мы можам прадаставіць часовае месца жыхарства, — патлумачыў У. Каўзуновіч. — Мы, усе суб’екты прафілактыкі, гатовы аказаць дапамогу. Галоўнае, каб вы вярнуліся да нармальнага ладу жыцця. Больш не здзяйснялі супрацьпраўных дзеянняў.

 

 

 

 

Юлія Букель.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *