Што рабіць, каб не старэць?

Міхаіл Аляксандравіч Папруга ўжо некалькі гадоў як на заслужаным адпачынку, але нішто ў гэтым падцягнутым мужчыне, з жывым бляскам і хітрынкай у вачах, прыемнай усмешкай, не выдае пенсіянера. Ды і сваіх гадоў мужчына не замоўчвае і не лічыць, бо працягвае займацца любімай справай — іграць на гармоніку і спяваць. Ды як жа гэта Міхаіл Аляксандравіч цудоўна робіць!

У маі вялікая скарбонка ўзнагарод у віртуознага музыкі папоўнілася двума прэстыжнымі дыпломамі. М.А. Папруга стаў дыпламантам 6-га рэспубліканскага вакальнага конкурсу ”Песні Перамогі” пад старшынствам народнага артыста Рэспублікі Беларусь Леаніда Захлеўнага і ХІІ-га іжнароднага фестывалю гарманістаў “Гармонік збірае сяброў”.
— Гэтыя творчыя спаборніцтвы наладжваліся для людзей паважанага ўзросту, — зазначыў Міхаіл Аляксандравіч. — Ды канкурэнцыя была жорсткая. Так, за прэстыжныя дыпломы змагаліся звыш 120 спевакоў старэй за 63 гады. Я ж атрымаў ад строгага журы шостае месца за выкананне песні “Венскі вальс”. А гэта ўжо сапраўдны поспех для мяне, якім я ганаруся.
Трэба зазначыць, што Міхаіл Аляксандравіч ні музыцы, ні спевам ніколі не вучыўся, але нарадзіўся ў сям’і, дзе поруч з працай ішлі музыка і добрая песня. Яны пэўны час крочылі паралельна па жыцці мужчыны. Ён спраўна працаваў вадзіцелем у тагачаснай сельгастэхніцы, затым дарожным майстрам у дарожна-будаўнічай арганізацыі. Праўда, 18 гадоў таму яго жыццё рэзка перавярнулася – Міхаіл Аляксандравіч стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу гарманістаў “Звіняць гармонік і цымбалы” і атрымаў у падарунак унікальны гармонік самабытнага майстра Мікалая Гайдукевіча.
— У маёй уласнай калекцыі багата гармонікаў, але толькі гэты інструмент тонка і глыбока перадае мой душэўны настрой, мае патаемныя пачуцці, выдае самыя чыстыя гукі, якія нікога не пакідаюць абыякавымі, — прызнаецца музыка, слаўны бярэзінскі акампаніятар адразу некалькіх вакальных калектываў. — Вось і сёння за некалькі гадзін да канцэрта ў санаторыі “Волма” гармонік ізноў са мной, настройвае на выступленне.
У рэпертуары Міхаіла Аляксандравіча багата душэўных песень і заліхвацкіх перабораў. Без іх не абыходзіцца ніводны канцэрт і ўшанаванне земляробаў. Стомы ў бясконцай справе дарыць люзям радасць і добры настрой ён не адчувае, а энергію чэрпае вялікай лыжкай у бурных апладысментах, квецені пладовага саду і прыгожых ружах, якія ўпрыгожваюць яго ўласны дом.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *