Што варта памятаць у час самаізаляцыі? Парады бярэзінцаў

Сям’я Таццяны і Сяргея Булойчыкаў вядомая ў раёне за актыўную прапаганду здаровага ладу жыцця. Ды і як жа інакш! Сяргей працуе трэнерам па футболе ў раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, а жонка ў гэтай установе — намеснік дырэктара. Разам яны спадзяваліся, што каранавірус абміне. Але ўсё аказалася далёка не так…

Уся справа ў тым, што мы з мужам заўсёды бездакорна выконвалі ўсе рэкамендацыі медыкаў, — расказвае жанчына, — бо адказвалі не толькі за сябе, але і за здароўе навучэнцаў і падначаленых. Мы насілі медыцынскія маскі ў месцах масавага знаходжання людзей, старанна і па некалькі разоў на дзень мылі рукі, ды і, наогул, навучыліся з мужам і сынам праводзіць вольны час у нешматлюдных месцах. Муж сына вывозіў на веласіпедзе на гарадскі стадыён, каб там удосталь з ім пагуляць і індывідуальна пазаймацца футболам.

Гэтыя меры далі свой плён у час першай хвалі пандэміі вясной і летам. Аднак хвароба прыйшла ў іх сям’ю зімой. Першай захварэла Таццяна.

— Спачатку ў мяне паднялася тэмпература, з’явіўся кашаль і дрэннае самаадчуванне, не магла нават сфакусіравацца на чым-небудзь адным. Паверыць у тое, што захварэла, ніяк не магла, — прызнаецца жанчына. — Ды і дзе? Колькасць кантактаў зменшана амаль да нуля, у спартыўнай школе прымаюцца ўсе меры перасцярогі і бездакорна выконваюцца санітарна–прафілактычныя мерапрыемствы.

Таму Таццяна адразу паспяшалася па дапамогу да медыкаў. Спачатку спадзявалася, што проста прастудзілася. Аднак вердыкт урачоў аказаўся куды больш сур’ёзным – пнеўманія. Давялося тэрмінова легчы ў бальніцу ў інфекцыйнае аддзяленне, дзе на наступны дзень пасля шпіталізацыі тэст выявіў яшчэ і каранавірус.

Навіна гэта стала поўнай нечаканасцю для ўсёй сям’і. Пярэчыць і спрачацца з урачамі жанчына не стала, бо некалькі дзён трымалася высокая тэмпература, душыў кашаль і стала элементарна цяжка дыхаць. Цяжка было і на сэрцы жанчыны. Як там сынок Стасік? Ці не захварэе муж? Няўжо давядзецца сустракаць надыходзячы Новы год на бальнічным ложку?

— У тым, што муж справіцца і дагледзіць сына, я ніколькі не сумнявалася, бо гаспадар ён выдатны, — зазначае жанчына. — Некаторыя стравы гатуе яшчэ лепш за мяне, ды і з хатнімі справамі ўдала ўпраўляецца. Не хвалявалася я і наконт прафілактыкі хваробы.

І сапраўды, Сяргей без цяжкасцей пераадолеў самаізаляцыю. Балазе, яму заўсёды было не сумна з сынам.

— На самаізаляцыі самае галоўнае — не толькі выконваць усе рэкамендацыі медыкаў, але і навучыцца пільна сачыць за самаадчуваннем і не губляць пэўнай долі крытычнасці, — прызнаецца Сяргей. – Здараецца, што некаторыя ў чатырох сценах пачынаюць бясконца тэмпературу вымяраць, нервавацца, калі бачаць на тэрмометры нават 36,8 градуса. Ды і даймаюць бясконца медыкаў дробязнымі скаргамі. Я ж даволі спакойна перажыў дзесяць дзён самаізаляцыі. Вядома ж, сумаваў без сваіх вучняў і трэніровак, ды і сэрца сціскалася ў думках пра жонку. Таццяне тэлефанаваў па некалькі разоў на дзень, цікавіўся яе здароўем у медыкаў. Трэба аддаць належнае, усе яны ўважліва і з разуменнем ставяцца не толькі да хворых, але і да іх блізкіх людзей. Могуць супакоіць і параіць. Ды і Стасік, думаю, не сумаваў у маёй кампаніі. Мы з ім нават урачысты картэж Дзядоў Марозаў і Снягурак пабачылі, праўда, здалёк.

Дні самаізаляцыі хутка скончыліся, і Новы год сям’я Булойчык сустракала разам за святочным сталом, з прыгажуняй-ёлкай і першым тостам “За здароўе!”. Здавалася, што хвароба пакінула сям’ю разам з адышоўшым у бясконцасць годам Металічнага Пацука. Аднак ужо праз некалькі дзён захварэў на пнеўманію і Сяргей. Зараз ён шпіталізаваны і праходзіць курс лячэння.

— Ведаю з уласнага вопыту, што яму там няпроста, бо трымаецца высокая тэмпература, пануе павышаная стамляльнасць і ўвесь час хочацца спаць, — гаворыць Таццяна. — Не хочацца не толькі гаварыць, але нават і есці. Мы кожны дзень з сынам тэлефануем, зычым хуткага ачуньвання. Спадзяёмся на прафесіяналізм медыкаў. Яны — сапраўдныя малайцы, робяць усё магчымае, каб вылечыць і паставіць хутчэй на ногі хворых. Таму заклікаю ўсіх не ігнараваць рэкамендацыі медыкаў і берагчы сябе. Будзьце здаровыя!

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *