Што хвалюе моладзь Бярэзіншчыны?

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры прайшоў адкрыты дыялог з маладымі лідарамі раёна. Кожны мог задаць пытанні, што хвалююць, унесці свае прапановы па развіцці маладзёжнага руху.

Адкрыты дыялог з маладымі лідарамі Бярэзіншчыны

На пытанні моладзі адказвалі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі, старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Зябко, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Аўрамчык, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валерыя Карэцкая, айцец Ілья.

“Наша задача – пазнаёміцца з вамі!”

Мерапрыемства праходзіла ў дружалюбнай атмасферы.

— Задача нашага мерапрыемства – пазнаёміцца бліжэй з вамі. Каб вы расказалі пра сябе, свае планы, задалі хвалюючыя пытанні, — заўважыў У. Навіцкі. – Хочацца, каб такія нашы сустрэчы праходзілі як мага часцей. Каб мы разам збіраліся, магчыма, наладжвалі падарожжы, нават і па нашай Бярэзіншчыне. Тут ёсць што паглядзець, чаму падзівіцца!

Лепш за ўсё — “жывыя” размовы!

Анатоль Зябко расказаў прысутным пра свае школьныя гады, маладосць, падказаў, як з карысцю правесці вольны час.

— У нашым жыцці вялікую ролю іграла камсамольская арганізацыя. У камсамол можна было ўступіць з 14-гадовага ўзросту. І мы не маглі дачакацца гэтага моманту. І, ведаеце, не ўсіх нават прымалі. Перад уступленнем было своеасаблівае заданне. Цэлы год патрэбна жыць, вучыцца пад такім дэвізам: “ні аднаго дня без добрай справы”. І мы дапамагалі пажылым людзям, рабілі кармушкі для птушак, збіралі макулатуру… Яшчэ ж неабходна было і добра вучыцца! Адным словам, рабіць усё магчымае, каб быць дастойнымі камсамольцамі. Для мяне ганарова было ўступіць у камсамол, затым быць сакратаром гэтай арганізацыі. Мы імкнуліся рабіць добрыя справы. Было вясёлае і актыўнае жыццё. Сёння большасць з вас, прысутных, сакратары пярвічных арганізацый БРСМ. Вы павінны паказваць прыклад сваім маладым калегам, дапамагаць ім, падтрымліваць, падказваць, накіроўваць.

Упэўнены, вам і ў далейшым спатрэбіцца той лідарскі вопыт, які вы набудзеце. Вы ж фарміруеце навыкі работы з людзьмі, кіраўніцтва, няхай і невялікім, калектывам.

Жадаю вам быць актыўнымі, неабыякавымі да жыцця, мэтанакіраванымі.

— А што б вы маглі прапанаваць нам, маладым, у якім накірунку рухацца?! Магчыма, падкажаце, якія мерапрыемствы можна наладзіць? – цікавіліся маладыя людзі.

— Вы жывяце ў складаны час. Шмат праводзіце за камп’ютарам, у інтэрнэце, дзе чэрпаеце не заўсёды правераную інфармацыю. Таму маё пажаданне: аддавайце перавагу «жывым» зносінам. Можна арганізаваць маладзёжныя вечары, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Сёння наша жыццё стала больш палітызаваным. І бачна, што не ўсе маладыя людзі разбіраюцца ў палітычнай сітуацыі: не хапае праверанай інфармацыі, якая грунтавалася б на фактах, магчыма, гістарычных падзеях. Мая прапанова: праводзіць для моладзі сустрэчы, дзе можна было б абмеркаваць палітычныя тэмы, каб разумець, што адбываецца ў краіне і свеце ў цэлым, — падзяліўся меркаваннем Анатоль Мікалаевіч.

Маладыя людзі актыўна падтрымалі ідэю правядзення вышэйназваных сустрэч.

Забеспячэнне жыллём і правядзенне вольнага часу

На сустрэчы прысутнічаў і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Бярэзінскага лясгаса Віталь Умінскі.

— У нашай арганізацыі працуе больш за 30 чалавек ва ўзросце да 31 года, — заўважыў Віталій Тадэвушавіч. – Наша моладзь, сапраўды, актыўная. Удзельнічае і ў спартыўных, і ў культурна-масавых святах. Перад сустрэчай я пагутарыў з нашымі маладымі людзьмі, спытаў, што іх непакоіць. І прапанова была — забяспечваць жыллём не толькі шматдзетныя сем’і, але і моладзь. У нашым калектыве шмат прыезджых – з Полацка, Брэста… Так, ёсць месцы ў інтэрнаце для маладых спецыялістаў. Але ж трэба клапаціцца і пра маладыя сямейныя пары.

— Так, вядома ж, каб замацаваць маладых людзей на працоўным месцы, ім неабходна дапамагчы з жыллём. І гэту задачу мы павінны ўсе разам вырашаць. І ў першую чаргу кіраўнікі арганізацый быць зацікаўленымі ў забеспячэнні жыллём сваіх маладых спецыялістаў.

Моладзь задавала пытанні і наконт адпачынку, правядзення вольнага часу ў Беразіно.

— У Беразіно створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Працуюць такія буйныя спартыўныя аб’екты, як ДУ “Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Лазурный” і “Бярэзінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву”, што карыстаюцца папулярнасцю ў бярэзінцаў. У цэлым у раёне створаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі будучых чэмпіёнаў і ўмацавання здароўя дзяцей: басейн, спартыўныя і трэнажорныя залы. Да паслуг бярэзінцаў таксама 3 комплексы антывандальных трэнажораў і скейтпарк, які знаходзіцца ў добраўпарадкаванай зоне адпачынку па вуліцы Перамогі горада. Не заціхае і культурнае жыццё. Паглядзіце, з якім размахам прайшла “Бярэзінская рампа”. Так, часта моладзь задае пытанне наконт гарадской дыскатэкі. Напэўна, ужо многія ведаюць, што ў перспектыве – рэканструкцыя будынка цэнтральнай бібліятэкі, дзе плануецца размяшчэнне бібліятэкі, актавага і выставачнага залаў, маладзёжнага цэнтра з танцавальнай пляцоўкай, аддзела ЗАГС, — пракаменціраваў У. Навіцкі.

Не забывайцеся пра духоўны складальнік!

Да прысутных звярнуўся і айцец Ілья.

— Духоўнасць – гэта адзін з галоўных складальнікаў асобы. Сёння ўзнімаліся тэмы жылля, адпачынку і гэтак далей. Але не патрэбна забываць і пра духоўнасць, тое, што датычыцца нашай душы. Душа ёсць не толькі ў чалавека, але ў сям’і, грамадстве… Радуе, што ў Беларусі захоўваюцца сямейныя каштоўнасці. У кагосьці з вас ужо ёсць свая сям’я, іншыя – яшчэ толькі плануюць яе ствараць. Таму жадаю, каб у кожнага з вас была свая моцная сям’я, дзе фундаментам была б духоўнасць.

Слова ўдзельнікам дыялогу

Данііл Тарацін, працуе ў Бярэзінскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС:

— Упершыню ўдзельнічаю ў падобным мерапрыемстве. Прыемна было пагутарыць, абмеркаваць хвалюючыя тэмы. Хацелася б, каб такія сустрэчы ладзіліся як мага часцей, бо як заўважыў, у нас шмат актыўнай моладзі. Я раней таксама “рваўся” ў Мінск, у вялікі горад. Зараз мне камфортна і ўтульна ў нашым Беразіно. Многія кажуць, што ў невялікіх гарадах няма чым заняцца. Мой адказ такі: было б жаданне, занятак па душы абавязкова знойдзеш. Я вяду здаровы лад жыцця, займаюся спортам. А ў Беразіно для гэтага створаны ўсе ўмовы.

Сяргей РАШОТКА, працуе ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву:

— Што мяне хвалюе? Хацелася б, каб бярэзінцы вялі актыўны лад жыцця. Прыходзілі ў басейн, спартыўныя, трэнажорныя залы. Займаліся б спортам цэлымі сем’ямі. І здароўе ўмацуеце, і разам праведзяце час.

Аляксей КРЫВЯНКОЎ, працуе ў РАУС:

— Я з’яўляюся сакратаром пярвічнай арганізацыі “БРСМ”. Радуе, што ў праваахоўных органах працуе даволі шмат маладых людзей да 30-гадовага ўзросту.

Настасся КРЭШЧАНКОВА, працуе ў ЖКГ:

— Я прыехала з Мінску. Беразіно мне падабаецца: ціхі, утульны горад. Радуе, што ёсць і басейн, і трэнажорныя залы, і ўтульны кінатэатр… Чаго не хапае? Магчыма, вялікага парка, дзе можна было б адпачываць усёй сям’ёй.

Ілья ПІСКУН, працуе ў РАНС:

— У нас дружны, згуртаваны калектыў, які гатовы заўсёды падтрымаць, падказаць. Падабаецца і наш горад, прыгожы і ўтульны. Мяне ўсё задавальняе. Мерапрыемства сённяшняе таксама спадабалася, хочацца, каб і надалей мы разам сустракаліся, гутарылі, знаходзілі адказы на хвалюючыя пытанні.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *