Што змянілася ў рабоце аддзялення кругласутачнага прабывання ТЦСАН?

Пандэмія ўнесла карэктывы і ў работу сістэмы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Усе работнікі шчыруюць у сродках індывідуальнай аховы, а некаторыя работнікі аддзялення кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў, што размяшчаецца ў вёсцы Дулебы, дык увогуле працуюць вахтавым метадам.

На сёння ў аддзяленні пражывае 20 чалавек. Іх абслугоўваюць 15 работнікаў. Шэсць працуюць вахтай, якая доўжыцца 14 дзён. Такім чынам, створаны дзве вахтавыя брыгады, якія змяняюць адна адну. У іх склад уваходзяць дзве малодшыя медыцынскія сястры і прыбіральшчык.
— Прычына такіх змен, думаем, зразумелая — людзі пенсійнага ўзросту, інваліды сёння ў групе рызыкі. А значыць, іх асабліва неабходна ахоўваць у гэты няпросты час, — зазначае дырэктар Бярэзінскага ТЦСАН Алена Жолудзева. – Таму і перайшлі на работу вахтавым метадам. Распрацавалі маршруты перамяшчэння ўсіх работнікаў у аддзяленні такім чынам, каб тыя, хто працуе на вахце, не перасякаліся з іншымі. Увогуле, кожны з супрацоўнікаў мае сваю схему руху па аддзяленні, якая ўзгоднена з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. І ад яе адступаць ні ў якім разе нельга. Усё для таго, каб мінімізаваць кантакты. Спачатку, бясспрэчна, было складана ўсім, і псіхалагічна, і фізічна. Уявіце, чалавек працуе ў некалькіх кроках ад дома (а большасць нашых супрацоўнікаў мясцовыя), а не можа на працягу 14 дзён кантактаваць з блізкімі, роднымі…
Перад тым, як заступіць на вахту, работнікі здаюць аналізы на каранавірусную інфекцыю. І пакуль не прыйдуць рэзультаты, не могуць змяніць папярэднюю брыгаду.
Захоўваюць у аддзяленні і іншыя меры прафілактыкі. Да прыкладу, медыцынскія работнікі зараз прыязджаюць да пражываючых па патрабаванні, калі неабходна медыцынская дапамога. Вядома ж, у поўнай экіпіроўцы. Усе супрацоўнікі працуюць у сродках індывідуальнай аховы. Ёсць і аднаразовыя медыцынскія халаты, бахілы, шапачкі, пальчаткі, маскі, шчыткі, супрацьчумныя касцюмы… Устаноўлены дазатары з антысептычнымі сродкамі. Для ўсеагульнай бяспекі працуе бактэрыцыдны рэцыркулятар паветра — устаноўка для абеззаражвання памяшканняў.
— Дзякуй за дапамогу райвыканкаму, лясгасу, — дадае Алена Данатасаўна.
Таксама работнікі аддзялення бескантактным тэрмометрам вымяраюць па два разы на дзень пражываючым тэмпературу. Дзеля агульнай бяспекі аддзяленне поўнасцю закрыта для наведвальнікаў. Родныя, блізкія (калі ёсць) звязваюцца з жыльцамі па тэлефоне. Не могуць выходзіць за тэрыторыю аддзялення і самі пражываючыя.
— Было вельмі складана растлумачыць людзям, чаму ім нельга выходзіць у вёску, гутарыць з мясцовымі, — дадае Алена Данатасаўна. – Тлумачылі, і што такое каранавірус, і пра прафілактычныя меры расказвалі. Але, вядома ж, нашы падапечныя не зачынены ў чатырох сценах. У нас даволі вялікая прылеглая тэрыторыя, можна выйсці, прагуляцца, пасядзець у альтанцы. Ёсць і невялікі агарод, дзе жадаючыя могуць папрацаваць. Увогуле, імкнёмся стварыць спрыяльныя ўмовы для жыхароў: збалансаванае харчаванне, каб не сумавалі – тэлевізары, невялікая бібліятэка, тэматычныя выставы…
У аддзяленні пражываюць людзі рознага ўзросту, са сваімі характарамі, у многіх праблемы са здароўем, ёсць і “ляжачыя”. Таму працаваць у аддзяленні складана, даводзіцца шчыраваць у сродках індывідуальнай аховы, ды яшчэ і не выходзіць з аддзялення на працягу 14 дзён…
— Спачатку такія абставіны пужалі, але паступова мы прывыклі, — зазначае Юлія Тарабонда, якая працуе вахтавым метадам. – Для мяне быў шок, як гэта пайсці працаваць на 14 дзён. Але не ўсё так страшна. І зараз, калі падыходзіць час чарговай вахты, я вельмі перажываю, хачу каб мой тэст на каранавірус быў адмоўным. Бо ведаю, што нашы дзяўчаты з нецярпеннем чакаюць чарговую змену.
Дарэчы, усе работнікі сацыяльных устаноў, якія ў бягучай эпідсітуацыі працуюць вахтавым метадам, атрымаюць даплаты да заработнай платы. Указ «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў арганізацый, што аказваюць сацыяльныя паслугі», Прэзідэнт падпісаў 18 мая.
— Мы таксама імкнёмся падтрымліваць работнікаў, якія шчыруюць на вахце, — заўважае Алена Данатасаўна. – Яны ведаюць, што ў любую хвіліну могуць патэлефанаваць мне, параіцца, ды і проста пагутарыць. Вялікі дзякуй, што разумееце ўсю сітуацыю і адказна, добрасумленна, плённа працуеце!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *