Штомесяц не працуюць! Што перашкаджае абавязаным асобам разлічыцца з даўгамі?

Абавязак бацькоў клапаціцца пра непаўналетніх дзяцей — вызначаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў артыкуле 27 Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. У выпадку, калі бацькі альбо адзін з іх вядуць амаральны лад жыцця, што наносіць шкоду дзецям, альбо неналежным чынам выконваюць абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, у сувязі з чым апошнія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, дзятва падлягае дзяржаўнай абароне і пераводзіцца на дзяржаўнае забеспячэнне.

Сёлета ў раёне зарэгістравана 87 абавязаных асоб, якія павінны вяртаць расходы на ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах, у тым ліку 42 чалавекі заняты на 16 прадпрыемствах горада і раёна.
— Згодна з заканадаўствам аб шлюбе і сям’і, існуе абавязак бацькоў вяртаць у поўным аб’ёме сродкі, якія затрачваюцца дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей у дзяржаўных установах, — тлумачыць пракурор Бярэзінскага раёна Дзмітрый Макарэвіч. — За парушэнне гэтых абавязацельстваў наступае крыміналь- ная адказнасць, якая прадугледжана часткай 2 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яна надыходзіць, калі чалавек на працягу дзесяці і больш рабочых дзён у месяц не з’яўляецца на працу, што прыводзіць да невыканання альбо частковага невыканання штомесячных абавязацельстваў па вяртанні расходаў. Аднак нават такая адказнасць не палохае гора-бацькоў. Сёлета абавязанымі асобамі ўжо ўчынена 6 такіх злачынстваў. Як сведчаць крымінальныя справы, яны дапускаюць ад 20 да 30 прагулаў, амаль месяцамі не працуюць.
Аднак пазбегнуць пакарання ніяк не ўдасца. Нават пры дасягненні дзіцем паўналецця, пры наяўнасці запазычанасці бацькі не вызваляюцца ад абавязку вяртаць расходы. І па факце ўхілення наступае крымінальная адказнасць.
Прыкра, але асуджаны за ігнараванне патрэб дзіцяці не толькі мужчыны, але і жанчыны.
— Якія ж санкцыі пагражаюць гора-бацькам?
— За ўхіленне ад вяртання запазычанасці прадугледжаны грамадскія работы і пазбаўленне волі.
— А чым самі абавязаныя асобы тлумачаць нявыплату расходаў?
— Часцей за ўсё, спасылаюцца на нежаданне працаваць і нізкую заработную плату, — зазначае пракурор, — начыста забываючыся, што абыякавымі адносінамі да лёсу дзяцей яны не толькі наносяць цяжкую траўму сваім сынам і дачушкам, а таксама — урон матэрыяльнаму забеспячэнню і нармальнаму развіццю сваіх крывіначак.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *