Скарбонка ўзнагарод нашага калегі Уладзіміра Несцяровіча пацяжэла

У Мінску 5-9 лютага праходзіла Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. На ёй мастак, журналіст, член саюза пісьменнікаў Беларусі, наш зямляк Уладзімір Несцяровіч быў адзначаны дыпломам II ступені за ўдзел у творчым конкурсе.

— Прыемна, што маё апавяданне “Салдацкая каша” адзначылі на такім высокім узроўні, — адзначае Уладзімір Паўлавіч

Мінскае абласное аддзяленне грамадскай арганізацыі “Саюз пісьменнікаў Беларусі” праводзіла творчы конкурс “Светач духоўнасці”. Творчы конкурс уключаў тры намінацыі: на лепшы верш, малую прозу, а таксама лепшую аўтарскую песню.
У намінацыі “Проза” за апавяданне “Салдацкая каша” дыпломам II ступені быў адзначаны Уладзімір Несцяровіч. Узнагароду на кніжнай выставе ва ўрачыстых абставінах яму ўручыла старшыня Мінскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава.
— Сябры з саюза пісьменнікаў Беларусі прапанавалі паўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Я пагадзіўся, — адзначае Уладзімір Паўлавіч. — Апавяданне “Салдацкая каша”, якое расказвае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, я напісаў дзесьці за месяц і адправіў. І, ведаеце, здзівіўся, калі мяне запрасілі на ўзнагароджанне. Прыемна, што маю работу адзначылі на такім высокім узроўні. Спадабалася і сама выстава – шматлікія пляцоўкі, дзе былі прадстаўлены кнігі рознай тэматыкі.

Віншуем Уладзіміра Паўлавіча з узнагародай. А пазнаёміцца з апавяданнем “Салдацкая каша” можна будзе на старонках газеты “Бярэзінская панарама” – надрукуем у бліжэйшым нумары.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *