На Бярэзіншчыне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню жанчын

Напярэдадні 8 Сакавіка ў Бярэзінскай гімназіі адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню жанчын.

Пачалося яно з вялікай канцэртнай праграмы, падрыхтаванай толькі хлопчыкамі — юнымі талентамі гэтай установы адукацыі пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка ўстановы А.У. Дашкевіча і педагогаў-арганізатараў Т.М. Касцевіч і Ю.С. Ермаковай.

Ва ўпрыгожанай зале гімназіі панаваў узнёслы, урачысты святочны настрой, і, здавалася, не змаўкалі апладысменты. Вучні розных узростаў віншавалі настаўніц, матуль, бабуль, сястрычак… Са сцэны гучалі вершы, песні, уражвалі гумарыстычныя пастаноўкі. Сярод удзельнікаў канцэрта – Аляксандр Крыварот, Уладзімір Касоўскі, Ягор і Максім Ермаковы, Міхаіл Міхайлаў, з голасам Мусліма Магамаева параўноўваюць у школе цудоўны голас Ільі Барбарчыка, наогул – усе хлапчукі пастараліся на славу.

Потым з прывітальнай і віншавальнай прамовай перад прысутнымі выступіла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова. За добрасумленную плённую работу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, высокі прафесіяналізм і ў сувязі з Днём жанчын яна ўручыла Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама намесніку начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Але Сяргееўне Петруковіч, намесніку дырэктара дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно” Алене Пятроўне Мазнікавай, настаўніцы пачатковых класаў ДУА “Паплаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Людміле Эдуардаўне Красоўскай, інжынеру-тэхнолагу гаспадарчай групы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Галіне Віктараўне Ржэутскай. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і выніковыя паказчыкі ў арганізацыі харчавання дзяцей Падзякай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама была адзначана повар ДУА “Капланецкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Алена Гамлетаўна Бандарчык. Граматай упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама за эфектыўную працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў выхаванні і абучэнні падрастаючага пакалення, узорнае выкананне працоўных абавязкаў узнагароджаны педагог сацыяльны ДУА “Бярэзінская гімназія” Галіна Леанідаўна Разумовіч, намеснік дырэктара ДУ “Бярэзінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву” Таццяна Аляксандраўна Булойчык, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Пагосцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” Надзея Сяргееўна Новікава, рабочая па мыцці і рамонце спецвопраткі ДУА “Яслі-сад №7 г. Беразіно” Наталля Францаўна Гарошка, выхавальнік ДУА “Бярэзінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” Марына Іванаўна Сярмяжка і іншыя.

Да таго ж, прыемным момантам мерапрыемства стала ўшанаванне ветэрана педагагічнай працы Ліліі Рыгораўны Казырка з нагоды яе 80-гадовага юбілею.

Заключным акордам мерапрыемства прагучала незабыўная музычная кампазіцыя ў выкананні ўсіх удзельнікаў святочнай канцэртнай праграмы.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *