Слаўнай працаўніцы сельскай гаспадаркі Бярэзінскага раёна споўнілася 90 гадоў

У выдадзенай па ініцыятыве старшыні раённага савета ветэранаў М. Абазовіка кнізе “Их подвиг прекрасен и свят”, прысвечанай ардэнаносцам Бярэзіншчыны, змешчаны фотаздымкі і біяграфіі 75-ці нашых землякоў – прадстаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі, якія ўславілі родны край стараннай працай і высокімі дасягненнямі. У іх ліку і прозвішчы пяці работнікаў тагачаснага калгаса “Ленінскія дні” – даярак Ганны Дзюк і Сафіі Буліч, цялятніцы Людмілы Ермаловіч, свінаркі Марыі Дзяхцяр і трактарыста Уладзіміра Фесуна. Гэтыя імёны пастаянна былі на слыху бярэзінцаў, а іх носьбіты з’яўляліся ўзорам адданасці справе. Нялішне будзе сказаць, што і старшыня гаспадаркі Гвідон Рэут таксама за сваю працу адзначаўся ордэнамі і меў іх нямала. Моцны быў калгас не толькі ў фінансавым плане, але і сваімі людзьмі.
Хутка ляціць час, многае памянялася з той пары, калгас “Ленінскія дні” далучаны да ААТ “Пагосцкі”, а адной са слаўных працаўніц гаспадаркі, Марыі Дзяхцяр, гэтым летам споўнілася 90 гадоў.
І сёння яна – увішная жанчына і знешне “не цягне” на свой паважаны ўзрост. На здароўе не наракае і пакуль што абыходзіцца без акуляраў.
Са слоў Марыі Аляксееўны, сакрэт яе даўгалецця ў тым, што яна “вельмі фізічна ўтрэніраваны чалавек”. І гэта, сапраўды, так, бо давялося ёй цяжка працаваць не адзін год.
Бярэзіншчыну М. Дзяхцяр лічыць родным домам, хаця нарадзілася яна не тут. Калі дзяўчынцы было толькі два гады, яе бацьку, украінца Аляксея Бутэнку, накіравалі ў наш край узначальваць калгас у в. Мацевічы. Тут маладую сям’ю і застала вайна. Марыі на той час было ўжо 11 гадоў, таму падзеі таго часу
яна добра памятае. Размешчаная на мяжы з усакінскімі лясамі вёска з пачатку акупацыі стала партызанскім краем. Далучыўся да народных мсціўцаў і бацька – стаў членам атрада пад кіраўніцтвам С. Яроцкага. Ведалі пра гэта немцы і паліцаі, таму калі яны наведвалі вёску, маці разам з дзецьмі даводзілася хавацца ў лесе, жыць у пастаянным напружанні і ў чаканні няпрошаных гасцей спаць не распранаючыся. Са скрухай успамінае тыя гады жанчына.
— Двойчы за час вайны ледзь не загінула, — расказвае Марыя Аляксееўна. – Другі раз – амаль перад самым вызваленнем. Тады ад ашалелых адступаючых фашыстаў у які раз давялося хавацца ў лесе. Калі мы накіроўваліся туды, немцы заўважылі нас і адкрылі агонь. Адна з выпушчаных імі мін прасвістала літаральна за некалькі сантыметраў ад маёй галавы і разарвалася зусім побач. Выратавала тое, што мы былі на балоце і яно паглынула асколкі, нас толькі абліло з ног да галавы смярдзючай вадой.
Пасля вайны сям’я Бутэнкаў жыла спачатку ў Гатцы, затым у Пагосце. На свой хлеб Марыя пайшла ў 1952 годзе, уладкаваўшыся разам з сяброўкай-суседкай у пякарню ў в. Лешніца. Затым асвоіла будаўнічыя азы і займалася ўзвядзеннем аб’ектаў у калгасе. А будавалі тады і адбудоўвалі пасля ваеннай разрухі шмат. Працоўную ж славу М. Дзяхцяр здабыла асвоіўшы новую прафесію, якой прысвяціла 22 гады жыцця…
Пад доглядам руплівай гаспадыні знаходзіліся маленькія парсючкі ад нараджэння да ўзросту 2,5 месяца, якія потым перадаваліся ў групу дарошчвання. А іх штомесяц праз рукі Марыі Аляксееўны праходзіла па 400 і больш галоў. Адказвала жанчына і за добрых паўсотні свінаматак, якія прыносілі прыплод і на апарос якіх даводзілася прыходзіць у любы час сутак, у тым ліку імчацца на ферму па выкліку вартаўніка і сярод ночы. На працу ж жанчына выпраўлялася а палове пятай раніцы.
— Ці было цяжка? – паўтарае маё пытанне кабета. – Вядома. Усё ж даводзілася рабіць уручную. За суткі вя-дзёр па 150 корму разносіла.
А колькі па станках лазіць ды скакаць даводзілася! Шмат дадатковай увагі патрабавалі толькі што народжаныя слабенькія парсючкі, ды і свінаматкі пасля апаросу прыносілі дадатковыя клопаты, бо я заўсёды імкнулася да стапрацэнтнага захавання пагалоўя. Часта на дапамогу пасля школы прыбягалі да мяне дзеці (у мяне тры дачкі, дзве з якіх мінчанкі, а трэцяя працуе ў мясцовай школе настаўніцай). Так, няпроста было. Але працу сваю я любіла і на цяжкасці не наракала. Ды і плацілі за яе добра. Мой заробак быў нават большым, чым зарплата самога старшыні гаспадаркі.
На заслужаны адпачынак М. Дзяхцяр пайшла толькі ў 62 гады. Але сувязі з родным калгасам не губляла: то падмяняла сваіх былых калег, то выходзіла на палявыя работы – дапамагала ўбіраць лён, буракі. Ды і дома спраў хапала: нават пасля смерці мужа карову трымала і свіней. Гэта зараз у гаспадарцы толькі чародка курэй, а тады трэба ж было дзетак на ногі ставіць, дапамагаць ім. Выраслі яны ўдзячнымі сваёй матулі, перадалі гэтую павагу і ўнукам, часта наведваюцца ў родны дом.
Сёння аб былых дасягненнях гаспадаркі ў галіне свінагадоўлі напамінам для М. Дзяхцяр засталіся ордэн “Знак пашаны” і залаты медаль Выставы народных дасягненняў СССР, лепшыя, хай сабе і не самыя лёгкія, гады жыцця. Яно працягваецца і застаецца актыўным і паўнацэнным, нягледзячы на сталы ўзрост – час, калі можна азірнуцца на мінулыя гады і сказаць, што пражыты яны былі недарэмна.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *