Служба ў ДАІ — жаночая справа? Спытаемся пра гэта ў капітана міліцыі Юліі Сігаёвай

Кожнаму з нас рана ці позна даводзіцца сустракацца з супрацоўнікамі ДАІ. Звычайна, у думках адразу ўяўляем суровага інспектара – мужчыну, а вось дзяўчына з чорна-белым жазлом становіцца сапраўднай нечаканасцю. Як яна, такая прыгожая і кволая, зможа прыструніць ліхача, даставіць выпіваку-пешахода альбо суняць запал паміж кіроўцамі, якія ўчынілі дарожна-транспартнае здарэнне?

З 2016 года ў аддзяленні Дзяржаўтаінспекцыі працуе Юлія Сігаёва. Зараз яна ўжо капітан міліцыі і займае пасаду старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы, але пабачыць гэтую стройную чарнавокую прыгажуню можна і з жазлом у руках. Увагай бярэзінцаў першая і пакуль адзіная дзяўчына ў ДАІ не абдзелена. Вадзіцелі на дзяўчыну рэагавалі, ды і да гэтага часу рэагуюць па-рознаму: хтосьці здзіўляецца, некаторыя губляюцца, ды і без кампліментаў, вядома, не абыходзіцца.
Мы сустрэліся са старшым інспектарам напярэдадні дня стварэння службы, каб не толькі даведацца пра тонкасці дарожнай службы, але і пераканацца, што ёй могуць займацца не толькі мужчыны.

«Міліцэйская форма мне да твару і па душы»

– Сама я вясковая, з Новін Паплаўскага сельсавета, – уступае ў дыялог Юлія. – Вучылася ў Паплаўскай школе, скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагіч-нага ўніверсітэта імя М. Танка. Аднак рэалізавацца як настаўнік у мяне не атрымалася, затое была прынята на службу ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Прызнаюся, моцна перажывала напачатку службы, але пазней адчула, што міліцэйская форма мне да твару і па душы.
– Наколькі я ведаю, дзяўчат у ДАІ, звычайна, не бяруць, а ты стала першай у раённым аддзяленні. Гэта як?
– На гэта пытанне лепш бы адказаў мой начальнік Дзмітрый Гайдук, які запрыкмеціў маё старанне і пераманіў у сваё падраздзяленне. Пачынала я з руціннай папяровай работы, якой багата ў будзённасці дарожных інспектараў.

«Матуля лічыць мяне прывабнай у міліцэйскай форме»

– Чаму менавіта ДАІ?
– Так супала тады, па волі лёсу. Але я ні кроплі не шкадую. У ДАІ свая спецыфіка, але мне ўсё падабаецца. Для некаторых, можа, дзяўчына-інспектар – гэ-та нязвыкла. Здараецца, з супрацоўнікамі-мужчынамі кіроўцы спрачаюцца, а з дзяўчынай паводзяць сябе куды больш стрымана і далікатна.
– Як на Вашу прафесію рэагуюць родныя, сябры?
– Матуля заўсёды ва ўсім мяне падтрымлівае, падтрымала і з прафесіяй. Яна ганарыцца, калі бачыць мяне ў форме, а вось тата перажывае і жвава цікавіцца маімі службовымі справамі. Сябры таксама прызвычаіліся. Галоўнае, што мяне ўсё задавальняе.
Шмат знаёмых дзяўчат цікавіцца, як мне працуецца, і ці варта ім таксама ісці ў ДАІ, на што я адказваю: гэта вырашае кожны сам для сябе, а калі вельмі хочаш – не раздумвай, а паспрабуй.

«Мяне мужчыны аберагаюць»

– Ці адрозніваецца мужчынская праца ў ДАІ ад жаночай?
– Наогул, не. Але мяне мужчыны-калегі аберагаюць. Я не цягаю вялікія сумкі, ды і ў рамонце аўтамабіля, калі трэба, не адмовяць. Але сутнасць працы і ў мужчын, і ў мяне аднолькавая: я таксама на дарозе практычна ў любое надвор’е, маю зносіны з вадзіцелямі і таксама выпісваю штрафы.
– У Вас ненармаваны працоўны графік, ці доўга прывыкалі да «рэжыму»?
– Графік работы, прызнацца, напэўна, адзіная цяжкасць у нашай службе. Калі ўсе мае сябры ў суботу адпачываюць, то я, часцей за ўсё, працую. Першая змена – рана ўстаеш, другая – позна вяртаешся. Гэта не зусім камфортна, але я не скарджуся. Ведала, дзе давядзецца служыць.

«Асноўных парушальнікаў мы ведаем «па машыне»

– Як з патоку машын вызначыць парушальніка?
– Перш за ўсё, спыняем тых, хто перавысіў хуткасць, не прапусціў пешахода. А наогул, асноўных парушальнікаў мы даўно ведаем у твар, дакладней, «па машыне». Таму спуску злосным парушальнікам не даём, даймаем іх сваёй увагай.
Тут на дапамогу мне прыходзяць вопытныя інспектары. Да прыкладу, калі чалавек прапрацаваў «на дарозе» дзесяць гадоў, як некаторыя мае калегі, то ён ведае ледзь не ўсе машыны ў горадзе: кагосьці зрокава запомніў па мінулым парушэнні, хтосьці часта без тэхагляду катаецца, некаторыя сістэматычна не прышпільваюцца. Інспектары запамінаюць. Але ў асноўным, спыняем з-за яўных парушэнняў.
– Што самае складанае ў рабоце?
– Напэўна, зносіны з людзьмі. Многія вадзіцелі першапачаткова настроены негатыўна. Часта мы спыняем аўтамабіль проста для праверкі дакументаў, а гэта ў некаторых выклікае неразуменне і непрыняцце сітуацыі, бываюць абурэнні: «Чаму мяне спынілі, калі я нічога не парушыў?» ДАІшнікі –
таксама псіхолагі: хтосьці спакойна да праверак ставіцца, хтосьці – агрэсіўна, даводзіцца шукаць падыход.

«На сайтах мы таксама сядзім»

– Я ведаю пра існаванне спецыяльных чатаў, дзе людзі пішуць пра месцазнаходжанне машыны ДАІ, калі яна трапляе ў поле іх зроку, каб астатнія маглі пазбегнуць сустрэчы з інспектарамі. Ці ведаеце вы пра гэта і як рэагуеце?
– Вядома, мы ва ўсіх чатах таксама сядзім і ўсё чытаем. Нават калі нашу машыну заўважылі, сфатаграфавалі і напісалі, дзе дзяжурыць нарад, гэта паведамленне прачытаюць далёка не ўсе.
А ўдзельнікі падобных чатаў – патэнцыйныя парушальнікі. Калі ў чалавека ўсё добра з дакументамі, і ездзіць ён па правілах, то навошта яму адсочваць наша месцазнаходжанне?
– Якія планы на будучыню ў капітана Юліі Сігаёвай?
– Мне мая праца вельмі падабаецца і пакуль нічога змяняць не хачу. Вядома, па службе ўзнікаюць складанасці, але з кожным днём мне ўсё прасцей. Буду працаваць далей і імкнуцца зрабіць рух на дарогах раёна больш бяспечным. Трэба аддаць належнае — сітуацыя на дарогах паляпшаецца, а гэта значыць, што я і мае калегі дастойна нясуць сваю службу.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *