Чаму Дзень памяці велікамучаніка Панцеляймона важная дата ў духоўным жыцці бярэзінцаў?

У пачатку жніўня праваслаўныя вернікі адзначалі Дзень памяці велікамучаніка Панцеляймона. У духоўным жыцці бярэзінцаў гэта важная дата таму, што пры Нікольскім храме існуе сястрыцтва ў гонар адзначанага святога. Жанчыны-аднадумцы ўжо пяты год наведваюць гарадскую бальніцу і хворых у Дзмітравічах і Пагосце, педагагічны прытулак, дапамагаюць пажылым людзям у вырашэнні бытавых пытанняў.

Напрыканцы 2014 года епіскап Веніямін блаславіў 14 добраахвотніц, самых актыўных прыхаджанак Нікольскага храма, на справу сясцёр міласэрнасці. Адною з першых устаноў горада, дзе сёстры распачалі дзейнасць, стала гарадская бальніца. Сюды кожны аўторак яны прыходзяць разам са свяшчэннікам Валерыем Юрыкавым або Васілём Васільковым. Усіх жадаючых запрашаюць на малебен, гутарку са святаром, споведзь. Сярод пацыентаў распаўсюджваецца хрысціянская літаратура, брашуры, малітвы. Пасля такіх візітаў многія пачынаюць насіць нацельны крыжык, а некаторыя ўпершыню прыходзяць у храм.
Штотыднёва сёстры наведваюць і педагагічны прытулак для дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай увагі. Добраахвотніцы распавядаюць ім аб праваслаўі, Бібліі, жыцці святых. Таксама сёстры спрабуюць пераканаць бацькоў змяніць лад жыцця.
Штомесяц прыязджаюць прыхаджанкі ў аддзяленне кругласутачнага прабывання ў Дулебы. Тут яны імкнуцца атуліць увагай і клопатам пажылых людзей.


Маладых інвалідаў рэгулярна збіраюць у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на заняткі па асновах праваслаўя. А наведванне імі арганізаваных выстаў і свят у храме надае цярпення і мужнасці перажываць цяжкасці.
Самі сёстры лічаць сваю дзейнасць магчымасцю рабіць дабро людзям. Хочацца верыць, што намаганні гэтых жанчын прынясуць любоў і цеплыню туды, дзе яны сапраўды патрэбны, а добраахвотніц адорыць свет Божай любові.

Павел САЛАЎЁЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *