Спачатку — кеды, а затым – акумулятары. Бярэзінскія сышчыкі раскрылі серыю крадзяжоў з аўтамабіляў

Бярэзінскія сышчыкі выкрылі і затрымалі групу юнакоў, якія ўчынілі серыю крадзяжоў з аўтамабіляў.

Шануй гонар замолада. Каму з нас невядома гэта прымаўка. Дарослым людзям яна ўжо крыху надакучыла, а вось падлеткам і юнакам узгадваецца толькі тады, калі даводзіцца адказваць за свае ўчынкі перад праваахоўнікамі. Іншых дзейсных сродкаў прымусіць дбаць пра сваю рэпутацыю пакуль не прыдумана.

У пачатку года горад ускалыхнула серыя крадзяжоў акумулятараў з аўтамабіляў, матэрыяльны ўрон ад якіх вагаўся ад 50 да 200 рублёў.

— Мы ўжо тады падазравалі групу юнакоў, — расказвае старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Уладзімір Сялейка, — але канчаткова пераканаліся ў сваіх здагадках, праверыўшы ўсю аператыўную інфармацыю і сабраўшы неабходны доказы.

А ліхаманілі спакой аўтаўладальнікаў трое бярэзінскіх юнакоў, навучэнцаў спецыяльных сярэдніх устаноў. Яны яшчэ напрыканцы мінулага года адчынілі і “пачысцілі” аўтамабіль на стаянцы шматпавярховага дома ў горадзе. Тады з салона машыны зніклі сабвуфер, мужчынскія красоўкі, медыцынская аптэчка і кепка. Начныя прыгоды, магутны зарад адрэналіну абудзіў вялікі апетыт юных злодзеяў, што стаў прычынай цэлай серыі нахабных маёмасных злачынстваў.

— Тое, што юнакі ў пагоні за адрэналінам сталі на супрацьпраўны шлях, яны пакуль рэальна не ўсведамляюць, — зазначае Уладзімір Уладзіміравіч. – Віной усяму — надзея пазбегнуць суровага пакарання і непаўналетні ўзрост.

Аднак рашуча настроены пакараць вінаватых пацярпеўшыя, належным чынам папрацавалі сышчыкі, ды і следчыя старанна рупяцца над крымінальнай справай, якая выклікала нямала шуму ў горадзе. Усё гэта абяцае вінаватым не жартаўлівае пакаранне за свае прыгоды. Не выключаны і рэальны турэмны тэрмін. Добра ўсведамляюць гэта бацькі юных злодзеяў, якім не хочацца, каб маладосць іх дзяцей пачалася за кратамі, у месцах пазбаўлення волі. На жаль, самі юнакі так далёка не заглядваюць і не пакуль не дбаюць ні пра судовы прыгавор, ні пра ўласны гонар.

Мілана ТРАПЯНОК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *