У СШ №3 горада Беразіно стварылі клас выратавальнікаў

Першага верасня адкрые дзверы для дзяцей узорны клас юных выратавальнікаў у ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Беразіно”. Яго стварэнне стала магчымым, дзякуючы сумесным намаганням упраўлення па адукацыі, спорце і турызме і райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
— Стэнды, плакаты, выставы работ юных выратавальнікаў і метадычнай літаратуры, элементаў пажарна-тэхнічнага абсталявання, зоны “Першая медыцынская дапамога” і “Выклік службы выратавання” – далёка не ўсё, што ёсць у класе, — расказвае інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС Вольга Данэйка. — Так, зона “Асноўныя парушэнні правіл бяспекі ў жыллі” будзе садзейнічаць навучанню дзяцей прынцыпам тушэння агню: па-першае, на банеры неабходна знайсці ўсе парушэнні норм бяспекі, па-другое, патушыць рознага роду ўзгаранні з дапамогай пэўных сродкаў пажаратушэння. А маюцца яны ў кожным доме “пад рукой”: пральны парашок, вада, зямля з вазонаў, пакрывала. У класе ўсё прадумана да дробязей. Нават наклейкі на партах нагадваюць дзецям, дзе можна даведацца пра ўласную бяспеку яшчэ больш – з мульціка “Чароўная кніга”, мабільнага дадатку ці на сайце 112.by. Важна і тое, што кіраўніцтва школы прапанавала для заняткаў дзецям дзесяць камп’ютараў.
Рады супрацоўніцтву і наладжванню дзейснай супрацьпажарнай прафілактыкі са школай і начальнік Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Андрыевіч:
— Работа выратавальнікамі праведзена важная і патрэбная, бо задача нумар адзін для нас – выхоўваць “бяспечнае” мысленне ў дзяцей
і моладзі. А гэта значыць, у доўгатэрміновай перспектыве мы выратуем іх жыцці. Набытыя веды яны перададуць сваім дзецям, змогуць зарыентавацца ў небяспечны момант, можа хтосьці нават выратуе жыццё іншаму чалавеку. Таму наша задача – навучыць, паказаць, паўплываць на свядомасць. Безумоўна, у гэтай няпростай справе мы разлічваем на педагогаў, якія валодаюць пэўнымі методыкамі і тэхналогіямі. І вынік супрацоўніцтва не прымусіць сябе доўга чакаць. Асабліва пасля навучання дзяцей практычным дзеянням пры пажары ў спецыяльным класе.

Падрыхтавала Дзіяна СОБАЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *