Спартсмены Бярэзіншчыны адзначаюць прафесійнае свята

Годам нараджэння спартыўнага арыентавання афіцыйна лiчыцца 1897-ы. Тады нарвежскае спартыўнае таварыства правяло першыя спаборнiцтвы сярод арыенціроўшчыкаў. Скандынавы адназначна праклалі шырокую дарогу гэтаму віду спорту ў свеце. У Беларусі першы чэмпіянат па спартыўным арыентаванні датаваны 1964 годам, а афіцыйна краіна ўступіла ў міжнародную федэрацыю толькі ў 1993 годзе. Дакладна ведаюць усе вехі станаўлення арыентавання ў нашым раёне Дзмітрый Ванькевіч і вялікая армія прыхільнікаў гэтага віду спорту сярод бярэзінцаў. Яны шчыра спадзяюцца, што пандэмія не перашкодзіць кітайцам упершыню ўключыць спартыўнае арыентаванне ў праграму летніх Алімпійскіх гульняў 2022 года. Гэта стане для спартсменаў самым вялікім і дарагім падарункам у жыцці, адкрые новыя перспектывы для развіцця.

— Сёння спартыўным арыентаваннем у раёне займаюцца каля 400 юнакоў і дзяўчат, — расказвае Дзмітрый Мікалаевіч. — Для іх наладжаны трэніроўкі не толькі непасрэдна ў цэнтры і ў нашым філіяле ў вёсцы Высокая Гара, але і ў шэрагу навучальных устаноў раёна. Нашы педагогі дадатковай адукацыі з ахвотай займаюцца з дзецьмі і самі пастаянна ў розных умовах і мясцовасцях удасканальваюць фізічную форму і навыкі.
Вучыць дзяцей на ўласным прыкладзе спартсменаў навучылі не выкладчыкі ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту, а першы трэнер, які адкрыў для іх неверагодна багаты і вялікі свет спартыўнага арыентавання, Дзмітрый Ванькевіч. Ён ужо звыш дваццаці гадоў — сапраўдны кумір некалькіх пакаленняў бярэзінцаў, якія па яго сцежках выбралі для сябе здаровы лад жыцця і прафесію.
— Мяне шчыра радуюць былыя вучні, а сёння мае падначаленыя — педагогі па спартыўным арыентаванні Міхаіл Сынкоў і Віталій Пянкрат, — зазначае Дзмітрый Мікалаевіч. — Яны самі — выдатныя спартсмены, якія высока трымаюцца ў рэйтынгу і ўжо маюць армію добрых вучняў. Ды і не варта забывацца, што занялі дырэктарскія крэслы фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” і раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Васіль Аўчарэнка і Аляксандр Сахончык, дзякуючы юнацкаму захапленню спартыўным арыентаваннем!
Што ж такое спартыўнае арыентаванне? І чаму яно дагэтуль не губляе папулярнасці?
— Спартыўнае арыентаванне — унікальны від спорту, якім можна займацца практычна ў любым узросце і ў любых умовах, нават ноччу, — расказвае Дзмітрый Мікалаевіч. – Спаборніцтвы можна наладжваць у любую пару года, на любой мясцовасці і, уявіце сабе, у шматпавярховых будынках. Спартыўнае арыентаванне падыдзе не толькі аматарам лёгкай атлетыкі, лыжаў і веласіпедаў, але і даступна інвалідам-калясачнікам. Яно ж патрабуе наяўнасці буйнамаштабнай карты і компаса, каб прайсці вызначаную дыстанцыю. Пераможцам лічыцца самы хуткі. Як бачыце, нічога цяжкага няма, але коль-кі фізічных сіл, душэўнай энергіі і логікі патрабуе гэты від спорту, як цудоўна ён загартоўвае характар, якой выдатнай школай самастойнасці служыць для дзяцей!
З такой філасофіяй Дзмітрый Мікалаевіч вось ужо больш за дзесяць гадоў узначальвае раённы турыстычны цэнтр “Юнацтва”. Толькі ў першы год работы ўстановы дадатковай адукацыі 9 груп сабралі амаль 120 жадаючых. Сёлета тут працуюць ужо 29 груп і аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага і фізкультурна-спартыўнага профілю. Цэнтр працуе практычна круглы год без выхадных і даўно стаў упадабаным месцам правядзення спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў.
— Гэта пачэснае права мы заслужылі перамогамі нашых выхаванцаў у спартыўным арыентаванні, іх гарачым жаданнем пастаянна рухацца і перамагаць, праверыць свае сілы ў новых умовах, — гаворыць Дзмітрый Ванькевіч. — Іх так многа, што не хопіць газетнага аркуша, каб пералічыць усіх. Дзякуючы ім, наш клуб спартыўнага арыентавання вось ужо каторы год запар упэўнена ўваходзіць у лік мацнейшых у рэспубліцы і вобласці, а школьнікі ўзначальваюць спартыўны рэйтынг спартсменаў. Толькі мінулагодні спартыўны сезон 2018-2019 прынёс нам 198 медалёў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў!
Сваіх спартыўных пазіцый вядучы арыенціроўшчык раёна не збіраецца здаваць. Па яго сцежках хутка прыйдзе працаваць педагогам дадатковай адукацыі ў турыстычны цэнтр старэйшая дачка Аляксандра. Яна сёлета заканчвае ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту, даўно абараніла званне майстра спорту па спартыўным арыентаванні і гарыць жаданнем пакарыць новыя спартыўныя вяршыні ўжо са сваімі вучнямі.
Ды і сярэдняя дачка Дар’я бацькавай філасофіі не здрадзіла. Доўгі час займалася спартыўным арыентаваннем, затым настольным тэнісам. Зараз яна вучыцца на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і будзе спецыялістам у картаграфіі. У тым, што дзяўчына не згубіцца не толькі ноччу і ў невядомай мясцовасці, але і ў жыцці, бацька не сумняваецца. Дар’я дагэтуль, нягледзячы на вучэбную занятасць, ахвотна бярэ ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.
Самы малодшы ў сям’і Ванькевічаў – дзесяцігадовы Мацвей — пакуль не вызначыўся з любімым відам спорту, але і заняткаў у турыстычным цэнтры не прапускае.
— Для мяне галоўнае, каб у сына паступова з’явіўся стрыжань здаровага ладу жыцця, — гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч, — тады яму нічога не страшна! А ўпэўненасць у сваіх сілах чалавеку дае любімая справа!

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *