Спартыўная хроніка ад бярэзінскіх аматараў
Дома і сцены дапамагаюць
У аўторак, 9 лютага, калі паўсюдна “балявала” завіруха і ішоў снег, у турыстычным цэнтры «Юнацтва» ў вёсцы Жорнаўка прайшлі занальныя спаборніцтвы па лыжным спорце ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства. Тут паміж сабой вызначалі лепшых лыжнікаў дзяўчаты і хлапчукі 2007-2008 гадоў нараджэння з каманд Бярэзінскага, Крупскага, Чэрвеньскага, Смалявіцкага раёнаў і горада Жодзіна.
Тут, як і заўсёды, не абышлося без пераможцаў з ліку бярэзінскіх аматараў лыж.
Так, у індывідуальнай гонцы на 3 кіламетры сярод хлапчукоў бярэзінцы сталі бясспрэчнымі лідарамі, абагнаўшы сапернікаў са Сма-лявіцкага і Крупскага раёнаў. Ды і ў эстафеце яны нікому не пакінулі шанц на перамогу. Крыху не хапіла дзяўчатам. Яны сталі другімі ў індывідуальнай гонцы і эстафеце. Тут бярэзінскія прыгажуні саступілі жодзінцам, але пакінулі з трэцім месцам крупчан.
У выніку бярэзінская зборная заняла першае месца ў камандным заліку. Расслабляцца юныя лыжнікі не збіраюцца, таму заняткі і трэніроўкі не спыняюць. Адточанае майстэрства спатрэбіцца, каб перамагчы ў наступных этапах спаборніцтваў, а сетка іх гэтай зімой насычаная.
Апранаем медыцынскую маску і ідзем у “Лазурный”!
Тут у чацвер стартавалі спаборніцтвы па валейболе сярод арганізацый і ўстаноў раёна ў рамках круглагадовай спартакіяды. Заяўкі на ўдзел падалі ўжо больш за 10 каманд працоўных калектываў і аматараў. Таму спаборніцтвы будуць цягнуцца амаль два тыдні. Пачатак іх у 18 гадзін.
— Мы паступова пасля пандэміі аднаўляем сетку спартыўных спаборніцтваў, — гаворыць дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Васілій Аўчарэнка, — і запрашаем усіх аматараў валейболу і балельшчыкаў на спаборніцтвы. Тут галоўныя ўмовы для гульцоў — сумленная барацьба, а для балельшчыкаў — захаванне мер дыстанцыянавання і выкарыстанне індывідуальных сродкаў аховы.
Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК. Фота Паўла САЛАЎЁВА.