Спартыўная хроніка ад бярэзінскіх аматараў

Закончыўся валейбол. Абвяшчаецца баскетбол

На працягу двух тыдняў з 11 па 26 лютага на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” праходзілі гульні па валейболе сярод арганізацый і ўстаноў раёна ў рамках штогадовай спартакіяды.

Тут ужо з першых стартаў фаварытам была каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Пакуль роўных ім па сіле на валейбольнай пляцоўцы няма. Таму выратавальнікі заслужана забралі першае месца. Затое, куды больш напружаная барацьба вялася паміж камандамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і Бярэзінскага лясгаса, у фінале “вікторыю” святкавалі педагогі, якія ўразілі сапернікаў зладжанасцю на пляцоўцы, моцнымі падачамі і выніковымі атакамі.

У пяцёрку мацнейшых па валейболе таксама ўвайшлі каманды ўстановы аховы здароўя “Бярэзінская ЦРБ” і раённага аддзела ўнутраных спраў, а ўсяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 8 каманд, у тым ліку і аматары.

— Гульні па валейболе прайшлі літаральна на адным дыханні, сабралі шмат балельшчыкаў і аматараў гэтага віду спорту, — зазначыў дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Васілій Аўчарэнка, — падарылі неверагодныя эмоцыі і перажыванні.

Але работнікі цэнтра раяць камандам і балельшчыкам захаваць яшчэ надоўга бадзёры спаборніцкі і спартыўны настрой. Ён спатрэбіцца для чарговых гульняў па баскетболе ў рамках спартакіяды.

— Спаборніцтвы запланаваны з 15 па 31 сакавіка, — удакладняе Васілій Сяргеевіч. — Хто атрымае дыплом пераможцы, сёння цяжка адказаць, бо ў кожнай з каманд ёсць моцныя гульцы. Таму запісвайцеся ў склад каманды альбо прыходзьце падтрымаць сяброў. Галоўнае — духам далучыцца да спартыўнага жыцця.

І яшчэ. Важнай умовай наведвання фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” застаецца абавязковае нашэнне сродкаў індывідуальнай аховы.

Ізноў у пераможцах — капланецкія вучні

25 лютага на базе Бярэзінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву хлапчукі і дзяўчынкі 2007-2009 гадоў нараджэння з Бярэзінскай гімназіі, СШ №3, Гарэніцкай і Капланецкай школ вызначалі, хто мацнейшы ў раённых спаборніцтвах па настольным тэнісе.

У выніку ў тройку мацнейшых сярод дзяўчынак увайшлі Настасся Ермаловіч (СШ №3), Наталля Аўсянская (СШ №3) і Лізавета Тушынская (Капланецкая СШ), а сярод хлапчукоў — Ягор Крэер (Капланецкая СШ), Кірыл Самец і Данііл Петрусевіч (Бярэзінская гімназія).

Лыжны спорт

21 лютага каманда Бярэзінскага раёна прымала ўдзел у спаборніцтвах па лыжным спорце ў рамках абласной спартакіяды для сельскіх жыхароў «Залаты колас».

Спаборніцтвы праходзілі на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчай базы «Заячья поляна».

Тут была наладжана індывідуальная гонка для юнакоў і мужчын на 5 кіламетраў, а для дзяўчат і жанчын — на 3 кіламетры.

Хакей

«Бярэзінскія лісяняты» сталі трэцімі ў фінале абласных спаборніцтваў «Залатая шайба».

16-18 лютага на лядовай пляцоўцы горада Жодзіна адбыліся заключныя гульні абласных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх узроставых групах. Дывізіён «А» – каманды юнакоў 2006-2007 гадоў нараджэння — быў прадстаўлены хакеістамі з Салігорскага, Маладзечанскага раёнаў і горада Жодзіна. Дывізіён «Б» – каманды юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння — аматарамі хакея з Бярэзінскага, Барысаўскага, Мінскага і Вілейскага раёнаў.

З гэтых прэстыжных гульняў “Бярэзінскія лісяняты” на чале з трэнерам Юрыем Каныгіным вярнуліся з трэцім месцам. Яно дасталося ім ва ўпартай барацьбе.

Пачынаць, дык з перамогі!

З нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь было наладжана Першынство краіны па панкраціёне.

Даведка ад “БП”

Панкраціён увабраў у сябе традыцыі бокса, самба, дзюдо, каратэ і дабавіў тым самым відовішчнасці. Таму гэты від спорту – сапраўдны сінтэз ударнай тэхнікі і моцы барца, дзе па правілах дазваляецца біць праціўніка рукамі і нагамі, каленямі і лакцямі.

Такія няпростыя і суровыя правілы, як ні дзіўна, падабаюцца бярэзінскім хлапчукам. Апошнія з задавальненнем наведваюць заняткі па гэтым відзе спорту ў спартыўна-патрыятычным клубе “Алмаз” на базе раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Трэнерам выступае Уладзімір Буры.

— Панкраціён – унікальны від спорту, бо дазваляе асвоіць і самба, і каратэ, і дзюдо, узмацніць вынослівасць, трымаць сябе ў належнай форме і, што немалаважна для падлеткаў, загартаваць характар, — гаворыць Уладзімір. – Таму тройчы на тыдзень падлеткі старанна трэніруюцца, а бацькі іх у гэтым падтрымліваюць. Падахвочваюць дзятву ўдасканальваць навыкі адзінаборстваў і прэстыжныя спаборніцтвы.

Вось на Першынство краіны ўпершыню адправіліся самыя смелыя і дужыя – Мікіта Белавусаў і Андрэй Аўсянскі. Спаборніцтвы вызначылі лепшых з лепшых у звыш трыццаці вагавых катэгорыях. Залаты медаль у вагавой катэгорыі звыш
55 кілаграмаў атрымаў Мікіта Белавусаў.

— Гэта надзвычай цудоўна, у першым жа спаборніцтве атрымаць залаты медаль! – прызнаецца падлетак. – Тое, што быў мацней за астатніх, адчуў ужо ў першай схватцы. Ды і не лішнімі былі парады трэнера. Дзякуй яму за гэта!

Застаецца дадаць, што Мікіта Белавусаў вучыцца ў СШ №3 горада, а жыве ў вёсцы Міхалёва. Дэбютаваць з перамогі падлетку дапамаглі настойлівасць, упартасць, прафесіяналізм трэнера і падтрымка бацькоў, якія не менш за сына радаваліся яго поспеху.

Милана Трапянок. 

Фота Алены Громавай і Паўла Салаўёва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *