Спартыўная хроніка ад бярэзінскіх аматараў спорту

Крос

18 верасня бярэзінскія аматары бегу прынялі ўдзел у чэмпіянаце і першынстве Мінскай вобласці па лёгкаатлетычным кросе. Прайшоў ён у горадзе Маладзечна.

Футбол

Працягваецца чэмпіянат Мінскай вобласці па футболе сярод аматарскіх каманд. У мінулую суботу на гарадскім стадыёне гулялі каманды ФК “Лазурный” і ФК “ДЮСШ-4 горада Маладзечна”. Гульня закончылася з лікам 3х2 на карысць гасцей.
Наступная сустрэча запланавана ізноў у нядзелю, 27 верасня, на 14 гадзін. На гэты раз бярэзінскім футбалістам давядзецца згуляць з камандай ФК “Фалько” з Дзяржынскага раёна. Уваход, па традыцыі, свабодны.

Кулявая стральба

17 верасня на базе ДУ «Бярэзінская СДЮШАР» прайшла раённая штогадовая спартакіяда па кулявой стральбе сярод прадпрыемстваў і арганізацый. На спаборніцтвы падалі заяўкі меткія стралкі з 11 арганізацый раёна. Каму з іх усміхнулася ўдача?
Як ні дзіўна, самыя трапныя аказаліся ў камандзе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Яны і занялі першае месца. Нямнога саступілі ім уладальнікі другога месца — каманда раённага аддзела ўнутраных спраў. На трэцяй прыступцы размясцілася каманда УП “Здравушка–агра”.
У пяцёрку мацнейшых увайшлі яшчэ каманды “ДРБУ–192” і Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Пераможцы былі ўзнагароджаны кубкамі, медалямі і граматамі.

Спартыўнае арыентаванне

Рэспубліканская спартакіяда па спартыўным арыентаванні сярод дзяцей і моладзі прайшла ў мінулыя выхадныя ў Маладзечанскім раёне. У спаборніцтвах бралі ўдзел 244 юныя спартсмены — хлапчукі і дзяўчынкі ад 10 гадоў і юніёры да 20 гадоў, якія змагаліся за званне лепшых на сярэдняй і доўгай дыстанцыях у зададзеным накірунку.
Зборную Мінскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах прадстаўлялі спартсмены з горада Жодзіна і Бярэзінскага, Слуцкага, Мінскага раёнаў. Практычна ў кожным відзе праграмы каманда атрымлівала ў заліку першае месца і па суме двух дзён спаборніцтваў з вялікім адрывам ад сапернікаў стала ўпэўненым лідарам спартакіяды.
Унеслі свой важкі ўклад у перамогу зборнай Мінскай вобласці і прадстаўнікі Бярэзінскага раёна — Вікторыя Карчашка, Марыя Курач, Дзяніс Буры і Ілья Крушны. Яны дастойна прадстаўляюць школу бярэзінскага спартыўнага арыентавання.

Не прапусціце!

У самы бліжэйшы час пасля рамонту распачнуць работу спартыўная і трэнажорная залы ў фізкультурна–аздараўленчым цэнтры “Лазурный”.
Гэту падзею з нецярпеннем чакаюць дзясяткі аматараў здаровага ладу жыцця. Па словах кіраўніка ўстановы Васілія Аўчарэнкі, тут не толькі створаны камфортныя ўмовы для трэніровак, але і ўстаноўлены новыя трэнажоры.

Навіны сабрала Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *