Спартыўная хроніка ад бярэзінскіх спартсменаў

Футбол

4 кастрычніка на гарадскім стадыёне працягнуліся гульні чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе сярод аматарскіх каманд. Тут паміж сабой вызначалі мацнейшага каманды нашага і Крупскага раёнаў. Удача ў рэшце рэшт не пакінула гаспадароў — і яны выйгралі ў крупчан з лікам 3:1.
Пажадаем нашым аматарам поспеху ў наступнай гульні чэмпіянату. Яна адбудзецца ў 14 гадзін 18 кастрычніка ізноў жа на гарадскім стадыёне. Супраць нашых будзе іграць каманда футбольнага клуба “Вікторыя” з Пухавіцкага раёна. Уваход свабодны.
З 6 па 9 кастрычніка ў горадзе Смалявічы прайшлі занальныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба сярод хлопчыкаў 2006-2007, 2008-2009, 2010-2011 гадоў нараджэння і дзяўчынак 2009-2011 гадоў нараджэння. Прыемна адзначыць, што практычна ў кожнай узроставай групе бярэзінцы былі ў ліку прызёраў. Так, хлапчукі 2010-2011 гадоў нараджэння ўзняліся на другую прыступку п’едэстала, юнакі 2006-2007 гадоў нараджэння сталі чацвёртымі. З трыумфам вярнуліся дамоў і хлапчукі 2008–2009 гадоў нараджэння: яны сталі пераможцамі ў сваёй узроставай групе. Ды і прыемна здзівілі дзяўчынкі. Яны ўпэўнена заявілі аб сабе ў ходзе футбольных баталій і сталі трэцімі.
Дарэчы, у кастрычніку яшчэ не позна запісаць дзіця ў групу па футболе. Тым больш, што днямі фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Лазурный” аб’явіў набор у групу хлапчукоў 2008-2013 гадоў нараджэння і дзяўчынак 2009–2013 гадоў нараджэння.
Запісацца можна па тэлефоне 5-56-43 альбо непасрэдна ў інструктара-метадыста Эрнэста Выгоўскага.

Настольны тэніс

Напрыканцы верасня ў Валожыне прайшлі Алімпійскія дні моладзі Мінскай вобласці па настольным тэнісе сярод маладых людзей 2000 года і маладзей. У мерапрыемстве актыўны ўдзел прымала каманда Бярэзінскага раёна ў складзе Дар’і Крэер, Сяргея Жукоўскага, Лізаветы Губіч, Аляксандра Лаўцова, Настассі Ермаловіч і Аляксандра Касоўскага.

Спартыўныя навіны сабрала Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *