Стань калегай Холмса

Супрацоўнікі Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь правялі традыцыйны Дзень адчыненых дзвярэй для старшакласнікаў гарадскіх школ.

У ходзе такіх сустрэч юнакі і дзяўчаты не толькі знаёмяцца з асаблівасцямі праходжання службы ў падраздзяленнях Следчага камітэта і прафесіяй следчага, але і ўмовамі атрымання спецыяльнай адукацыі на следча-экспертным факультэце Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

На гэты раз да правядзення сустрэчы далучыліся і работнікі раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

У ходзе мерапрыемства (а на яго сабралася звыш трыцаці вучняў) начальнік РАСК Сяргей Жыліч паказаў гасцям рабочыя кабінеты сваіх падначаленых, пакоі для апазнання, захоўвання рэчавых доказаў, адпачынку і прыёму страў. Затым разам з начальнікам раённага аддзела ДКСЭ Міхаілам Ходасам яны прадэманстравалі навукова-тэхнічныя сродкі, абсталяванне і іншыя спецыяльныя прылады, якія стаяць на ўзбраенні следчых і экспертаў, а таксама расказалі аб функцыях і задачах, над якімі яны працуюць пры расследаванні злачынстваў, правядзенні экспертных даследванняў, выяўленні і фіксацыі слядоў злачыннай дзейнасці, выкрыцці асоб, што ўчынілі злачынства, прыцягненні іх да ўстаноўленай законам адказнасці.

Вынікам сустрэчы стаў той факт, што некаторыя з прысутных на ёй выказалі жаданне стаць у наступным годзе абітурыентамі Акадэміі МУС і звязаць сваю будучую біяграфію з унікальнай і рэдкай прафесіяй следчага.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *