Стан вясковых спраў на Бярэзіншчыне

На фермах — летнія надоі

Такія паказчыкі на жывёлагадоўчых фермах раёна назіраюцца ўпершыню за некалькі гадоў.
Па выніках работы за студзень-верасень жывёлаводы раёна на 21% у параўнанні з мінулым годам павялічылі рэалізацыю малака і на 12% — яго вытворчасць. Прадукцыйнасць жывёлы пры заданні ў 2871 кілаграм дасягнула 3267 кілаграмаў малака, а сярэднясутачны паказчык — 12 кілаграмаў!
Ды і гэта не мяжа, бо ў кастрычніку працягваецца нарошчванне вытворчасці. Тэмпы дыктуюць не толькі гаспадаркі-інвестары, але і сельгаспрадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці. Па стане на 14 кастрычніка надой на карову налічвае звыш 12 кілаграмаў малака ў дзень супраць 9,5 летась. А валавы надой ад 10514 рагуль дасягнуў 128798 кілаграмаў. Са значнай прыбаўкай малака да леташняга паказчыка надояў традыцыйна шчыруюць жывёлаводы філіялаў “ОМА” (20,3 кілаграма), СП “Арэшкавічы” (18 кілаграмаў), радуюць поспехі ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (11,2 кілаграма), “Першамайскі” (13 кілаграмаў).
У чым жа тоіцца сакрэт? Па словах спецыялістаў райсельгасхарчу, ён навідавоку. Статак ужо пераведзены на зімовы рацыён, дастаткова назапашана травяністых кармоў, закупляюцца дабаўкі і канцэнтраты, маецца добры запас зернефуражу. Багатая кармавая база на працягу года дазволіла не толькі накарміць жывёлу, але і выправіць сітуацыю з расцёламі. Толькі за студзень-верасень атрымана 8817 цялят. Таму малочныя рэкі яшчэ доўга не абмялеюць.

Папаўненне прыбыло

У жніўні сельгаспрадпрыемствы раёна папоўніліся маладымі спецыялістамі.
Сярод іх інжынеры, бухгалтары, ветэрынарныя ўрачы, фельчары, эканамісты, слесары–рамонтнікі, машыністы-трактарысты, вадзіцелі, якія прыйшлі на працу ў СП “Арэшкавічы”, СУП “АграМАЗ”, філіял “Здравушка–агра”, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, “Багушэвічы”, “Пагосцкі”, “Першамайскі” і ЗАТ “Клявіца”. Большасць з іх — ураджэнцы нашага раёна.
Так, пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі не пабаялася стаць галоўным бухгалтарам ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс» Аляксандра Думная. У гэтай жа гаспадарцы знайшлося першае працоўнае месца і слесару, выпускніку Мінскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя Максіму Шугалею.

Механізатар філіяла “АграМАЗ” Аляксей Цэдрык лідарам скончыў сёлетняе жніво, а зараз робіць задзел на будучую шчодрую ніву. У гэтыя дні ён заняты на сяўбе азімых культур

Восенню работ восем

Таму кіпіць работа на палетках раёна. Завяршылася сяўба азімых культур, набліжаецца да фінішу корманарыхтоўчая кампанія, распачынаецца ворыва зябліва і ўборка кукурузы на зерне.
Так, сёлета азімы клін раёна налічвае 13047 гектараў, з якіх самыя вялікія плошчы займаюць пшаніца, трыцікале і жыта. Лагодная восень стала сур’ёзным экзаменам для механізатараў, якім давялося ўпраўляцца з мноствам работ у полі. Аднак і пры такой занятасці яны паспелі выканаць увесь цыкл неабходных палявых работ якасна. Чвэрць палеткаў засеяна элітным насеннем, што дае надзею на добры ўраджай.
Не хаваюць радасці і корманарыхтоўшчыкі. Засталося ўбраць лічаныя гектары кукурузы і закласці зялёную масу ў апошнія сіласныя яміны. З 7833 гектараў культуры здробнена 6540, атрымана 156737 тон зялёнай масы пры ўраджайнасці ў 240 цэнтнераў з гектара. Першымі пакінулі палеткі
кукурузы аграрыі ААТ “Брадзец”, “Месціна” і “Першамайскі”.
Па стане на 14 кастрычніка ў лідарах сёлетняй корманарыхтоўчай кампаніі — філіял “ОМА”, які назапасіў па 46,2 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. На другім месцы — ААТ “Першамайскі” з паказчыкам у 38,4 цэнтнера, а на трэцім — філіял “АграМАЗ”, дзе маецца па 34,1 цэнтнера кармавых адзінак. Недалёка адсталі ад лідараў аграрыі СП “Арэшкавічы”, ААТ “Бярэзінскі”. А ў цэлым на гэту зіму ў гаспадарках раёна назапашана па 32 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Днямі распачата ўборка кукурузы на зерне. Плануецца выкарыстаць на гэтыя мэты 1441 гектар палеткаў. Пакуль абмалочаны першыя 208 гектараў у ААТ “Багушэвічы”, “Брадзец”, “Пагосцкі”, “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, “Бярэзінскі”, “Першамайскі” і філіяле “ОМА”.
Ураджайнасць склала каля 42 цэнтнераў на круг. З уборкай селяніну варта паспяшацца, каб поўным ходам распачаць ворыва зябліва. Без яго нельга будзе спадзявацца на добры ўраджай яравых культур.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *