Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын правёў прыём грамадзян у Чэрвені

 

З пытаннямі да кіраўніка цэнтральнага рэгіёна звярнуліся 12 заяўнікаў

На першым плане апынуліся пытанні, якія звязаны з зямельнымі спрэчкамі. Большая частка тых, хто самастойна не змог справіцца з сітуацыямі, якія ўжо доўжацца гадамі.

Жыхарка вёскі Астравы хоча выкупіць кватэру, у якой пражывае ўжо 33 гады. Зараз жыллё знаходзіцца ва ўласнасці Мінскай вобласці ў гаспадарчым вядзенні ААТ «Чэрвеньскі аграсэрвіс». Набыць кватэру можна будзе пасля яе перадачы мясцовай сельгасарганізацыі. Аляксандр Турчын паставіў пытанне на асаблівы кантроль. Працэс афармлення ўсёй неабходнай дакументацыі зойме каля паўгода.

Наступнае пытанне датычылася зямельных адносін паміж суседзямі. Спрэчка закранула двух уласнікаў участкаў. На адным пастаянна пражывае Марыя Уладзіміраўна, на другім — ужо даўно не з’яўляліся гаспадары. Зараз там размешчаны закінуты будынак, дзе пастаянна збіраюцца шумныя кампаніі. Гаспадароў зямлі заяўніца не бачыла з 2017 года. Здавалася б, хай дом і стаіць, праваахоўнікі дапамогуць падтрымаць парадак на ўчастку, але ёсць яшчэ адна праблема — аб’ект знаходзіцца занадта блізка да дома заяўніцы. Калі на вуліцы ідзе дождж, вада сцякае з даху і трапляе на яе ўчастак. Жанчына ўжо звярталася ў суд. Там далі адказ, што будынак не з’яўляецца самавольнай пабудовай і ўзведзены згодна з праектнай дакументацыі. Выхад знайшлі і з гэтай сітуацыі. Згодна з заканадаўствам, безгаспадарны ўчастак, на якім не абвяшчаюцца ўласнікі, можна прадаць, будынак знесці або перапраектоўваць. Старшыня Мінаблвыканкама даручыў дэталёва разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы жанчыне вырашыць набалелае пытанне.

Яшчэ адна заяўніца паскардзілася на халодныя батарэі ў кватэры. Цяперашняя зіма апынулася на здзіўленне цёплай, аднак у мінулым годзе, калі за акном былі моцныя маразы, тэмпература ў яе кватэры складала ўсяго 13-16 градусаў. У камунальныя службы грамадзянка звярталася неаднаразова. Яны праводзілі ўнутрыкватэрнае прамыванне труб і разваздушванне батарэй. Але і гэта не дапамагло. Як растлумачылі ў мясцовай ЖКГ, цяпер у доме вядзецца капрамонт — заканчэнне яго запланавана на сярэдзіну сакавіка. Чакаецца, што праведзеныя работы дадуць вынік, і сістэма ацяплення пачне функцыянаваць правільна. Раней на месцы гэтага дома стаяла два будынкі, іх злучылі разам, дабудаваўшы адзін пад’езд. Магчыма, гэта і стала прычынай некарэктнай работы ацяпляльнай сістэмы. Старшыня Мінаблвыканкама даў даручэнне выехаць на месца і вызначыць, у чым сутнасць праблемы і як дапамагчы людзям.

«Мне важна дакладнае і яснае разуменне сітуацыі мясцовымі ўладамі. У нас не павінна быць праблем, якія цягнуцца гадамі, а пакутуюць людзі», – такое меркаванне выказаў Аляксандр Турчын. Усе пытанні вывучаны і ўзяты на кантроль. Грамадзянам будуць дадзены тлумачэнні ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.

Па інфармацыі сайта аблвыканкама.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *