Ступені поспеху. Чарговая ўзнагарода Генадзія Вусава — вадзіцеля Бярэзінскага лясгаса

Генадзій Вусаў з дзяцінства захапляўся тэхнікай, але не адразу ён сеў за руль аўтамабіля. Спачатку давялося і ў далёкія плаванні пахадзіць, і трактарыстам, і лесніком пашчыраваць.
— Служыць я трапіў на Балтыйскі ваенна-марскі флот, — распавядае Генадзій Іванавіч. — Тэрмін службы доўжыўся на працягу трох гадоў. Шэсць месяцаў прайшлі ў “вучэбцы”, у Пінску. Потым хадзіў па морах-акіянах на вялікім дэсантным караблі. Служыў у якасці матарыста, абслугоўваў рухавікі. Пабачыў і Балтыку, і Афрыку…
З таго часу Дзень ваенна-марскога флоту нароўні з прафесійнымі святамі — у ліку любімых для Генадзія Вусава. Маракі-падводнікі, марскія дэсантнікі і іншыя воіны, месцам службы якіх з’яўляецца мора, пацвердзяць, што гэтая справа патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, адмысловага стану душы, асаблівага прызвання.
Пасля службы дадому клікала родная старонка. Вярнуўся ў Косаўку, пайшоў працаваць механізатарам, гадоў 10 шчыраваў на трактары МТЗ-80 на сельскагаспадарчых палетках. А потым сустрэў на сваім жыццёвымьшляху Сяргея Білага (тагачасны ляснічы Брадзецкага лясніцтва) і Яўгенія Вараб’ёва, дзякуючы якім уладкаваўся ў Брадзецкае лясніцтва Бярэзінскага лясгаса і крута змяніў свой лёс.
І дзе б ні працаваў Генадзій Іванавіч, заўважалі яго стараннасць, добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, дабрыню і шчырасць у адносінах да калег і ўсіх, хто побач. Утульна побач з ім і жонцы Аксане Пятроўне. Разам яны выгадавалі траіх дзяцей: Віталій, Канстанцін і Алёна знайшлі сваё месца ў сталіцы.
Сёлета да Дня аўтамабіліста і дарожніка Генадзій Вусаў прадстаўлены да чарговай узнагароды. Згодна з загадам Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ён будзе адзначаны нагрудным знакам “За работу без аварый” I ступені.

Да ўзнагароджання нагрудным знакам II ступені прадстаўлены вадзіцелі лесапункта Бярэзінскага лясгаса Віктар Галіеўскі і Аляксей Кулік, вадзіцель Высакагорскага лясніцтва Мікалай Якаўлеў, вадзіцелі Мачаскага лясніцтва Аляксей Цэдрык і Уладзімір Алексіевіч, вадзіцель Пагосцкага лясніцтва Уладзімір Калянковіч.

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *