Ступені поспеху. Наталля Каравая ўзнагароджана Ганаровай граматай

Начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне Наталля Каравая толькі тры гады займае такую адказную пасаду. Але ўжо зарэкамендавала сябе як вопытны кіраўнік. Таму і не дзіва, што нядаўна намеснік старшыні райвыканкама Павел Сугака ўручыў Наталлі Анатольеўне за добрасумленную працу Ганаровую грамату Бярэзінскага райвыканкама.

Ганаровай граматай Бярэзінскага райвыканкама за добрасумленную працу адзначана начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне Наталля Каравая

— Вельмі прыемна, што маю працу адзначылі такой значнай узнагародай, — заўважае Наталля Анатольеўна. – Ведаеце, любое ўзнагароджанне – гэта хвалюючы і адказны момант. Лічу, калі адзначаюць – значыць, неабходна апраўдваць давер і працаваць яшчэ лепш.
Увогуле, у падатковай службе Наталля Каравая не навічок – працоўны стаж 14 гадоў. Па адукацыі — юрыст. Некаторы час працавала па спецыяльнасці ў лясгасе, затым – у падатковай службе.
— А пасля рэарганізацыі падатковых органаў у нашым раёне мне прапанавалі ўзначаліць упраўленне па рабоце з плацельшчыкамі па Бярэзінскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Барысаўскім раёне, — працягвае гутарку Наталля Анатольеўна. — Пагадзілася. Хацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці новым. Так, новым, ды не зусім… Калі працавала юрыстам у падатковых органах, то даводзілася сутыкацца з лічбамі, аналізам, паказчыкамі, мець зносіны з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі…Таму я крыху ведала спецыфіку работы… Складана. Асабліва было напружана па першым часе. Зараз, можна сказаць, “назбіраліся” веды, прыйшоў вопыт. І я, як кажуць, “прыкіпела” да абранай справы.
На працу Наталля Анатольеўна прыходзіць дзесьці а палове восьмай.
А заканчвае работу, калі ўсё з запланаванага выканана.
— У нас бываюць вельмі напружаныя працоўныя дні. Звычайна, у канцы месяца, калі падыходзяць тэрміны выплаты падаткаў. Неабходна забяспечыць іх поўнае паступленне ў бюджэт, — тлумачыць Наталля Каравая. – З чаго пачынаецца мая працоўная раніца? Па-рознаму. Да прыкладу, сёння пятніца. Значыць, неабходна скласці планы на наступны тыдзень: на што звярнуць увагу ў першую чаргу. У мяне запісная кніжка. Там зручна ўсё пазначаць. Раблю запісы, выканала – стаўлю “плюсік”. Вядома ж, шмат бягучай працы, якую нельга запланаваць. Але ўсё ж такі асноўныя моманты імкнуся прапісаць. На мой погляд, калі ў чалавека ёсць план дзеянняў, то і работа ідзе лягчэй і хутчэй. Ды і ў штодзённай мітусні не забудзешся ні пра якія важныя справы! Так, у нашай справе неабходна дакладна вызначыцца з прыярытэтамі. Мне здаецца, супрацоўнікі падатковай службы павінны быць пунктуальнымі, уседлівымі, скрупулёзнымі. Іншы раз лепш праверыць штосьці па некалькі разоў, каб не было памылак, недакладнасцей.
Зараз у абавязкі Наталлі Анатольеў-ны ўваходзіць арганізацыя працы ўсяго калектыву, кантроль за выкананнем спраў. На сёння калектыў невялікі – 8 чалавек. Яны вядуць улік юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў. А гэта прыём дэкларацый, выдача даведак, спагнанне запазычанасцей… Працуюць і з фізічнымі асобамі: налічэнне налогаў, дэклараванне даходаў, дагаворы наймаў… Адным словам, абавязкаў вельмі і вельмі шмат.
— У нас дружны калектыў. Мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем, падказваем, калі неабходна. Працуем разам ужо даволі даўно, таму сталі адной, згуртаванай камандай аднадумцаў! – зазначае Наталля Каравая.
Пасля працоўнага дня жанчына спяшаецца дамоў. Абавязкова вечарам тэлефануе любімай дачцэ, якая працуе ў Мінску спецыялістам па мытнай справе.
— Радуюся, калі яна прыязджае на выхадныя, ці я еду ў сталіцу. Мы любім разам праводзіць час: проста гуляць па вуліцы, у парку, выбірацца на прыроду… А яшчэ ў мяне ёсць хатні любімец – коцік, які патрабуе да сябе шмат ўвагі і не дае сумаваць! Раней шмат чытала, асабліва гістарычнай літаратуры. Зараз мала вольнага часу, таму мае настольныя кнігі – спецыялізавыя, у большасці датычацца падатковай службы. Так, як ні дзіўна, але я нават дома думаю пра сваю любімую справу, як кажуць, “жыву” ёй.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *