Суботнік: традыцыя не парушана. Як бярэзінцы папрацавалі на карысць роднага краю

Суботнікі — не проста добрая ідэя, закладзеная з савецкага часу, але і трывалая традыцыя. Традыцыя, якая дапамагае зрабіць нашу зямлю больш чыстай і прыгожай. Сёлета, нягледзячы ні на што, яна не была парушана і падтрымана ўсімі працоўнымі калектывамі Бярэзіншчыны.

    

— Працаваць на карысць свайго роднага краю і наводзіць парадак – добрая справа, — адзначыў у інтэрв’ю падчас суботніка старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Бабічаў. – Свежае паветра, сонейка, працатэрапія – найлепшая прафілактыка ад усіх хвароб.

Мінулая субота і сапраўды радавала наступальным вясновым цяплом і сонейкам, ствараючы адпаведны настрой. У дадатак да гэтага згуртаванасць, дакладнае размеркаванне абавязкаў і пазітыў станавіліся асновай якасці работы.


Са знаёмства з лясным участкам і невялікага інструктажу пачаўся рабочы дзень кіраўніцтва раёна, якое выехала ва Ушанскае лясніцтва на пасадку маладых саджанцаў. Пра важнасць справы нагадвала і нарада ў Прэзідэнта краіны, якая адбылася напярэдадні.
— Вядома, лес – наша багацце, — працягваем размову ў гэтым рэчышчы з Аляксандрам Бабічавым. – Як, сапраўды, сказаў Прэзідэнт, гэта і крыніца здароўя для кожнага, і крыніца, якая прыносіць даход у бюджэт краіны. Да таго ж, крыніца аднаўляльная. Сама прырода падарыла нам такое багацце, якое мы павінны памнажаць.


— Што да задач па добраўпарадкаванні ў цэлым па раёне, — падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч, — то тут важнае ўсё – чыстымі павінны быць і вада, і паветра, і зямля, якая не можа пуставаць. Неабходна, каб кожны яе кавалачак прыносіў карысць – расце на ім лес або сельскагаспадарчыя культуры.
Гэтай вясной у раёне, па словах дырэктара ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” Сяргея Чэмкі, новы лес пасаджаны на 297 гектарах замест запланаваных 240. Плошча маладых насаджэнняў павялічылася за кошт асваення пустуючых зямель.


— Вось тут ва Ушанскім лясніцтве, дзе мы сёння працуем, — зазначыў Сяргей Уладзіміравіч, — ствараюцца лясныя культуры сасны звычайнай на ўчастку пасля санітарнай высечкі, звязанай з засыханнем дрэў, пашкоджаных караедам. Я ўвогуле ўдзячны ўсім калектывам, школам, усім бярэзінцам, з якімі мы ра-зам ствараем будучыя лясы Бярэзіншчыны.


У поўнай меры гэтыя словы адносяцца да начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама і нашага земляка Яўгенія Булойчыка, які на суботніку таксама садзіў лес у родным раёне.


— Любому чалавеку прыемна папрацаваць на малой радзіме, — заўважыў Яўгеній Васільевіч. – Таму я з задавальненнем прымаю ўдзел у суботніку ў Бярэзінскім раёне. І гэтак жа прыемна пасадзіць дрэва, унесці ўклад, важны для раёна і нашай краіны. Я, як спецыяліст у сферы турызму, магу сказаць, што прырода і чалавек – галоўнае, што ёсць у нас. Мой невялікі ўклад сёння, акрамя таго, — гонар і сумленне душы і сэрца.
Тым больш, калі такі ўклад у гонар 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Года малой радзімы. Пра гэта сведчыць і шыльдачка, якая ўстаноўлена на месцы пасадкі новага лесу.


Гавораць, у краіне, як і ў доме кожнага, работа знойдзецца заўсёды. Хто не працаваў на сваіх рабочых месцах, знайшлі справу ў розных куточках раёна. Да прыкладу, збіралі каменне на тэрыторыі сквера, закладзенага летась у раёне ПМС, прадстаўнікі землеўпарадкавальнай службы, аддзела эканомікі, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, юрыст райвыканкама. З рабочым інструментам выехалі ў Багушэвіцкі сельсавет прадстаўнікі Бярэзінскага раёна газазабеспячэння, дзе наводзілі парадак на вуліцы Школьнай у Багушэвічах, у вёсцы Чыжаха добраўпарадкоўвалі помнік Герою Савецкага Саюза С.Ф. Аляшкевічу і тэрыторыю вакол яго. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях за гонар палічылі навесці парадак каля памятнай дошкі героя-чарнобыльца В.І. Ігнаценкі. Звыкла на палетках і фермах працавалі работнікі сельскай гаспадаркі. Фарбавалі бардзюры і аўтобусныя прыпынкі, аднаўлялі дарожную разметку, выконвалі іншыя работы дарожнікі філіяла РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” ДЭУ-6.
Здалёк заўважаўся дымок у лясным масіве, прылягаючым да аўтавакзала.
— Усё выконваем па правілах і з дазволу адпаведных службаў, з дапамогай пажарнага аўтамабіля лясгаса, — расказаў галоўны інжынер філіяла ААТ “Мінаблаўтатранс” “Аўтапарк №22” Іван Асташонак. – Сумесна з лясгасам прыбіраем парубачныя рэшткі, смецце, наводзім парадак, каб лес у гарадской паласе выглядаў дастойна і ў ім прыемна было адпачываць бярэзінцам.
— Акрамя гэтага, — працягваем размову з дырэктарам аўтапарка Артурам Новікавым, — сёння прыводзілі ў парадак тэрыторыю сваёй базы, каля аўтавакзала паявіліся новыя зялёныя насаджэнні.
Прыемна бачыць вынік агульнай стваральнай працы, ён навідавоку ў кожнага. Усяго ў Бярэзінскім раёне ў суботніку прынялі ўдзел 5421 чалавек, зароблена каля 13 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі, як паведамлялася раней, будуць выкарыстаны на добраўпарадкаванне месцаў пахавання часу Вялікай Айчыннай вайны, падрыхтоўку летніх лагераў для адпачынку дзяцей, а таксама на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення суботніка, у добраахвотным парадку пералічваюцца на спецыяльны рахунак Бярэзінскага райвыканкама (BY38AKBB36410602004256200000 в ОАО «Беларусбанк», БИК AKBBBY2X, УНП 600041227).

Ала АЛЬФЕР.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *