Сустракаем вясну разам. У чым сакрэт смачных бліноў на Масленіцу?

Надзея Літвіненка слыве ў аграгарадку Любушаны слаўнай майстрыхай, бо цудоўна вышывае і вяжа пруткамі. Бярэзінцы не раз маглі ацаніць яе вытанчанае майстэрства і багатую фантазію падчас выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Аднак славіцца Надзея Мартынаўна не толькі залатымі рукамі, але і асаблівым сакрэтам прыгатавання бліноў. Яны, і сапраўды, маюць унікальны смак, бо пульхныя, што літаральна растаюць у роце, круглыя і жоўтыя, як ласкавае сонейка. Падзяліцца аўтарскім сакрэтам прыгатавання бліноў з чытачамі Надзея Мартынаўна вырашыла якраз на Масленіцу.

Гісторыя свята сыходзіць каранямі глыбока ў старажытнасць. Масленіца — славянскае свята, якое дасталося нам у спадчыну ад язычнікаў і захавалася пасля прыняцця хрысціянства. Гэта заўсёды было самае вясёлае і любімае народнае гулянне.

Увесь масленічны тыдзень дзяліўся на два перыяды: Вузкая Масленіца і Шырокая Масленіца. Вузкая Масленіца — першыя тры дні: панядзелак, аўторак і серада, а Шырокая Масленіца — гэта апошнія чатыры дні тыдня: чацвер, пятніца, субота і нядзеля.

Бліны — абавязковы атрыбут Масленіцы — мелі рытуальнае значэнне: круглыя, румяныя, гарачыя ды з маслам, яны ўяўлялі сабой сімвал сонца, якое ўсё ярчэй разгаралася, а дні станавіліся даўжэй. Першы блін абавязкова клалі на падаконнік для продкаў або аддавалі бедным за супакой тых, хто памёр, і пры гэтым казалі: «Першы блін за спачын» або «Першы блін камяком».

— У мяне, і сапраўды, першы блін часта бывае камяком, — прызнаецца жанчына, — хаця гатую я іх з самага дзяцінства і на тыдзень па два-тры разы. Хто навучыў? Вядома, матуля! Добра памятаю, што яна неяк зламала руку і кулінарам прызначыла мяне. Таму давялося і бліны гатаваць, і хлеб пячы.

Надзея Мартынаўна сёлета будзе святкаваць юбілей. Якраз на Сёмуху ёй споўніцца 75 гадоў, за вялікім сталом збяруцца дзве дачкі, зяці, унукі і вялікі атрад праўнукаў. Яны — паважаныя госці ў доме бабулі.

— Жыццё не песціла, — гаворыць Надзея Мартынаўна, — бо я ж родам з Брагіна. Хапіла перажыванняў і нягод нам і дачушкам, нацярпеліся шмат, калі беглі з родных мясцін пасля таго, як надарылася злашчасная аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Спачатку пераехалі да сваякоў у Казахстан, але там пабылі нядоўга і ў ліку першых перасяленцаў прыехалі ў Любушаны. Тут мы ўжо з мужам жывём больш за трыццаць гадоў і лічым аграгарадок другой радзімай. Ды і як інакш, калі Бярэзіншчына прытуліла і нас, і нашу дачушку з сям’ёй, а яшчэ і сям’ю ўнукаў. Мы надзейна тут пусцілі карані.

Дачушкі Надзеі Мартынаўны — спраўныя гаспадыні, любімыя жонкі і ўжо самі бабулі.

— Напэўна таму, што мы з мужам у любові і згодзе жывём амаль пяцьдзясят тры гады, — падкрэслівае жанчына. — Дзяўчат з маленства прывучалі паважаць мужчыну ў доме. Ды і што замоўчваць, калі люблю і шаную я сваіх зяцёў не менш, чым дачушак. Абавязкова запрашаю на Масленіцу да сябе на бліны. Памятаеце прымаўку “Зяць на двор – пірог на стол!”. Вось і я стараюся, чым магу, аддзячыць зяцям за клопат і любоў да маіх дачушак.

Чакае Надзея Мартынаўна сваякоў на бліны ў апошні дзень Масленіцы — Даравальную Нядзелю, калі ўсе просяць адзін у аднаго прабачэння. Таму вялікая і дружная сям’я Літвіненка папросіць прабачэння адзін у аднаго за магчыма нанесеныя крыўды, каб потым са святлом у сэрцы ўступіць у Вялікі пост.

Па старадаўняй традыцыі ў гэты дзень трэба сесці за стол сем разоў, бо ўсіх чакаў пост працягласцю сем тыдняў. Хітом у гэты дзень былі бліны жытнія, аўсяныя, пшанічныя. Іх елі халоднымі і гарачымі, тонкімі і тоўстымі, са смятанай, варэннем і іншымі начынкамі.

У гаспадынь існавалі свае правілы прыгатавання бліноў. Спрактыкаваныя гаспадыні ведалі, як дагадзіць капрызнаму бліннаму цесту. Менавіта таму патэльню, якая лічыцца лепшай для выпечкі, не пазычалі нікому і мылі вельмі акуратна, бо паверхня яе павінна быць ідэальнай, як люстэрка.

— Гэта ўсё так, але ў мяне ёсць яшчэ свае сакрэты, — дадае Надзея Мартынаўна. — Гатую бліны без яек, а цеста замешваю з кефіру, мукі, солі і соды. Ні ў якім разе не дабаўляю алей, ды і муку магу ўзяць першага гатунку. Прапорцый дакладна не ведаю, але стараюся цеста доўга не ўзбіваць, а рабіць яго тоўстым і густым. Яшчэ адна парада — добра разагрэйце патэльню, а алей лепш даліць пасля. Гатую бліны я на звычайнай газавай пліце, падаю гасцям з варэннем з каліны і са спакоем на душы толькі тады, як пад’ем сама. Паверце, смачней бліноў вы не елі!

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *