Святыя месцы нашай светлай памяці
Мужнасць. Гераізм. Подзвіг. Ахвяры фашызму. Незлічоныя страты. Гэтыя паняцці ў свядомасці кожнага з нас звязаны з Вялікай Айчыннай вайной і свяшчэннай памяццю пра тых, хто цаной жыцця здабываў мір, жыццё і свабоду. За 75 гадоў, што мінулі з часу Вялікай Перамогі, мы ўдзячны старэйшым пакаленням за іх ратны подзвіг і клапатліва даглядаем святыя для нас месцы пахаванняў герояў і ахвяр вайны, вызваліцеляў і загінуўшых землякоў.

Аграгарадок Пагост Пагосцкага сельскага Савета. Помнік 245 воінам, якія загінулі ў баях з фашыстамі ў 1944 годзе, і месца захавання малодшага лейтэнанта А.А. Авакумава. Не адзін дзень тут рупіліся рабочыя ЗАТ “Клявіца” (дырэктар М.І. Крыўцоў). Яны ачысцілі помнік і пліты з прозвішчамі загінуўшых, абнавілі надпісы на іх. А праведзеныя тынковачныя работы дазволілі ўмацаваць помнік.
Сёння на тэрыторыі Бярэзінскага раёна налічваецца 111 помнікаў, у ліку якіх 86 воінскіх пахаванняў, 4 пахаванні перыяду грамадзянскай вайны, 2 — у памяць аб лакальных войнах, 19 помнікаў гісторыі і культуры, з іх ліку 8 воінскіх пахаванняў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Да помнікаў і абеліскаў мы прыходзім у самыя значныя святочныя дні, тут праходзяць нашы першыя ўрокі мужнасці, ад іх вядуць нас сцяжынкі ў самастойнае дарослае жыццё, да іх жа мы вяртаемся, каб у чарговы раз узгадаць свае карані.

Вёска Новіны Паплаўскага сельскага Савета. Скульптура ў памяць аб земляках-воінах і партызанах, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Па-новаму заззяў пастамент помніка пасля таго, як на навядзенні парадку папрацаваў дэсант бярэзінскага вытворчага ўчастка ААТ “Здравушка-мілк” (дырэктар У.У. Ефіменка). Падправілі яны і скульптуру, прыбралі прылягаючую тэрыторыю, а неўзабаве тут з’явіцца і новая дарожка, выкладзеная з пліткі.
Мы беражліва захоўваем гэтыя святыя месцы і лічым пачэснай справай навесці тут парадак, а затым штогод падтрымліваць яго. І сёлета з наступленнем вясны прадстаўнікі калектываў актыўна ўключыліся ў добраўпарадкаванне помнікаў і абеліскаў. Не засталіся ўбаку ад гэтай ганаровай місіі і работнікі рэдакцыі, якія добраўпарадкоўваюць на могілках в. Замасточча помнік 12-ці мірных жыхароў вёскі і В.А. Марозава, расстраляных фашыстамі ў верасні 1942 года, а таксама магілу партызана С.Я. Булойчыка, які загінуў 15 кастрычніка 1942 года.

Вёска Перавоз Багушэвіцкага сельскага Савета. Помнік 32 воінам, якія загінулі ў 1941 годзе. Добраўпарадкаванне праводзіў раён газазабеспячэння (дырэктар У.М. Абрамовіч). Гэтае пахаванне за калектывам замацавана ўжо не першы год, таму пэўныя работы праводзіліся тут і летась. Сёлета помнік быў патынкаваны і нанава пафарбаваны, больш яркай стала і агароджа. Паралельна з гэтым, газаўшчыкі нямала папрацавалі і над добраўпарадкаваннем помніка герою Савецкага Саюза С. Аляшкевічу ў в. Чыжаха.
Напярэдадні 9 Мая не засталося забытым ніводнае з названых 111 пахаванняў, размешчаных на могілках і цэнтральных сядзібах гаспадарак, устаноўленых у памяць воінаў-вызваліцеляў і герояў-аднавяскоўцаў, мірных людзей. Навядзенне парадку і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў заслугоўвае асобых слоў удзячнасці прадстаўнікам працоўных калектываў, якія замацаваны за гэтымі помнікамі.

Аграгарадок Брадзец Капланецкага сельскага Савета. Скульптура ў памяць аб 201 воіне-земляку і партызане, загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне. Зараз прозвішча кожнага з іх ззяе “золатам”, як і размешчаныя над спісам загінуўшых словы “Ніхто не забыты”. Але не толькі абнавілі таблічку на помніку работнікі ААТ “Брадзец” (дырэктар А.М. Крук), якія добраўпарадкавалі памятнае месца. Яны таксама патынкавалі скульптуру, правялі афарбовачныя работы. Акрамя таго, сельгаспрадпрыемства разам з мясцовым лясніцтвам заклала побач з помнікам невялікі сквер у памяць землякоў.

Вёска Сяліба Капланецкага сельскага Савета. Скульптура ў памяць аб 119 воінах-земляках і партызанах, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Над добраўпарадкаваннем помніка рупіліся прадстаўнікі торфапрадпрыемства “Бярэзінскае” (дырэктар С.Р. Шабан). Яны ўжо таксама не першы год прыязджаюць сюды. Устаноўленая скульптура па-новаму стала выглядаць з-за кошт укладкі на пастаменце пліткі. Абноўленасць помніку надаюць і праведзеныя тынковачныя работы, пафарбаваная ў яркі колер агароджа.

Вёска Мацевічы Капланецкага сельскага Савета. Скульптура ў гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Больш прывабны выгляд яна набыла, дзякуючы намаганням работнікаў вытворчага цэха №6 ААТ “Мінск-Крышталь” (дырэктар І.І. Гоман). Тут давялося поўнасцю памяняць апалубку на магіле, пашырыць сам пастамент, на якім узвышаецца скульптурная кампазіцыя. Не абышлося без тынковачных работ, нанясення грунтоўкі для наступнай афарбоўкі помніка.
