Сям’і з Васілеўшчыны вярнулі дзетак

Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх выдалася насычаным і эмацыянальным. Разгледзелі і падлеткаў, якія пайшлі супраць закону, і бацькоў, якія забыліся, што яны таты і матулі: іх дзеці былі прызнанымі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Сям’я з Васілеўшчыны выкарысталі шанц на выпраўленне

Амаль 6 месяцаў двое дзетак з Васілеўшчыны жылі не дома, а ў прытулку. Калі мы наведвалі прытулак, яны расказвалі пра бацькоў, як яны любяць апошніх, як хочацца дамоў. Дзяўчынка гаварыла, што яна будзе ва ўсім дапамагаць матулі, кожны дзень прыбіраць дома. Дзеці штодня пыталіся ў выхавацеляў, ці хутка бацькі іх забяруць. Чакалі. Спадзяваліся. Верылі, што тыя абдумаюцца… І вось сям’я зноў аб’ядналася! Як толькі забралі дзяцей, бацькі даволі хутка абдумаліся: навялі парадак у доме, зрабілі рамонт, вырашылі сямейныя праблемы… Наведвалі дзетак у прытулку, тэлефанавалі членам камісіі, каб даведацца, што яшчэ неабходна зрабіць. Адным словам, не былі абыякавымі да лёсу дачушкі і сыночка.
І зараз на пытанне членаў камісіі, ці патрэбна было гэта выпрабаванне, бацькі са слязьмі на вачах адказалі:
— Мы пераасэнсавалі жыццё, свае паводзіны. Зараз быццам жыццё падзялілася на дзве часткі. Да таго, як забралі дзетак, мы не цанілі сваё шчасце. Дзякуй членам камісіі, што падтрымалі нас, што далі шанц усё выправіць.

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама

— Спадзяёмся, што мы больш не сустрэнемся на пасяджэннях, — дадала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар. – Няхай у вашым доме заўсёды будзе гэтак жа ўтульна, чыста, па-сямейнаму цёпла, як і зараз.
…У жыцці здараецца ўсялякае. Але нават зрабіўшы памылку, спатык-нуўшыся, на жаль, не ўсе імкнуцца як мага хутчэй выправіць сітуацыю — забраць дзетак з прытулку. На пасяджэнне запрасілі яшчэ адных бацькоў, якія з-за асацыяльнага ладу жыцця “страцілі” маленькую дачушку. І замест таго, каб завязаць з “зялёным” змеем, шукаюць вінаватых. Не прыслухоўваюцца і да парад членаў камісіі. У бацькоў зараз ёсць 6 месяцаў, каб аб-думацца. Іначай…
— Часцей за ўсё прычына, па якой мы вымушаны забраць дзяцей з сям’і, аднолькавая – злоўжыванне спіртнымі напоямі, — гаварыла Святлана Іванаўна. –
З-за “сяброўства” з гарэлкай — дома антысанітарныя ўмовы, дзяцей ніхто не кантралюе, няма прадуктаў харчавання, адзенне бруднае… Мы заўсёды імкнёмся дапамагчы такім сем’ям. Падказваем, як выправіць сітуацыю. Але не ўсе прыслухоўваюцца. Толькі абяцаюць. А затым, калі па рашэнні суда пазбаўляюцца бацькоўскіх правоў, даказваюць, што яны “любячыя” бацькі. Узнікае тады толькі адно пытанне: а дзе яны былі 6 месяцаў?!
…Юлія Віктарэнка ўвогуле не прыйшла на пасяджэнне камісіі. У яе тры месяцы таму забралі дзяцей. Усім дзеткам, адпаведна з Дэкрэтам № 18,
патрабавалася дзяр-жаўная абарона. Чатырохгадовы Айк і шасцігадовы Гаго часова былі змешчаны ў прытулак на 6 месяцаў, а двухгадовая Ані пакуль знаходзіцца ў прыёмнай сям’і. “Матуля” іх толькі зрэдку наведвае. Нават бацька, які жыве ў Арменіі, часцей цікавіцца, як справы ў дзетак, чым маці. А жанчына працягвае сяброўства з алкаголем і не думае пра сваіх “крывіначак”. Яны яе чакаюць кожны дзень. Але ці дачакаюцца?!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *